26 лістапада Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 90 год. Творца нарадзіўся ў Воршы, вучыўся ў Кіеве, а жыў у Мінску. Аднак лёс пісьменніка быў звязаны і з Гомельшчынай. Узгадайма, чаму Уладзімір Сямёнавіч меў сантыменты да нашага рэгіёну.
Уладзімір Караткевіч перад сваёй смерцю наведаў свае ўлюбёныя мясціны. Сярод іх быў і Рагачоў. Менавіта з гэтым горадам Гомельшчыны звязанае жыццё Уладзіміра Сямёнавіча. Тут ён напісаў некалькі твораў. Сярод якіх — раман “Каласы пад сярпом тваім”, пралог да рамана “Леаніды не вернуцца да Зямлі” — “Паром на бурнай рацэ”, навэла “Ладдзя роспачы”.
Помнік каля дому, дзе пісаў свае творы Ул. Караткевіч
Фота: Радыё Свабода
Памятаеце, як пачынаецца раман “Каласы пад сярпом тваім”? “Груша цвіла апошні год. Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаны бурным беларужовым цветам”. Сцвярджаюць, што гэтая груша акурат расла непадалёк ад Рагачова на беразе Дняпра ля вёскі Азярышча. Менавіта ў Рагачове жыў дзед Караткевіча Васіль. Вуліца, дзе знаходзіўся дом, носіць цяпер назву Уладзіміра Караткевіча. Менавіта дзед Васіль Грынкевіч, бацька маці Караткевіча, стаў прататыпам аднаго з герояў рамана “Каласы пад сярпом тваім”.
Рагачоўская радня Уладзіміра Караткевіча. Фота: Радыё Свабода
Паводле сямейнага падання, адзін ў кіраўнікоў паўстання 1863 года Тамаш Грыневіч, якога расстралялі ў Рагачове, з’яўляўся іхнім сваяком па матчынай лініі. Памятаеце, у прадмове да рамана “Леаніды не вернуцца да Зямлі” жонка Усяслава Грыневіча спрабавала пераправіцца ў “вераб’іную ноч” на іншы бераг, каб перадаць загад аб змене пакарання: расстрэлу на пажыццёвую катаргу.
Уладзімір Караткевіч з сябрам дзядзькі Ігара Грынкевіча. Фота: Радыё Свабода
Навэла “Ладдзя роспачы” – гэта пра сярэднявечны Рагачоў, пра які ў сучасным Рагачове, акрамя прыроды, амаль нічога ўжо не нагадвае. Галоўны герой “Ладдзі” роспачы” жыхар Рагачова Гервасій Выліваха. “Жыў сабе год чатырыста назад у беларускім горадзе Рагачове небагаты, але добрага роду дваранін па прозвішчы Гервасій Выліваха”. “У той час Магілёў з Рагачовым нават у Маскву пастаўлялі гатовае адзенне. Краўцоў было – грэблю масці”. “… Няшчасны быў горад. Зусім нядаўна яго крымчакі абрабавалі і спалілі, за дваццаць сем год перад гэтым тое самае зрабіла маскоўская раць. Досыць, здавалася б, дык не: свой нутраны, знайшоўся татарын, брыдкі Богу Гервасій”.
Род Караткевіча звязаны з Гомельшчынай. Ягоны бацька Сямён Цімафеевіч да службы ў войску, прыкладна з 1910 года працаваў у Рагачоўскім казначэйстве. Дзед Васіль Грынкевіч скончыў духоўнае вучылішча ў Гомелі, працаваў лясным аб’ездчыкам у Чачэрску. Маці пісьменніка Надзея Васільеўна працавала настаўніцай у вёсцы Збароў каля Рагачова.
У гістарычнай аповесці “Сівая легенда” дзеянні разгортваюцца ў Кісцянёўскім парку, які цяпер унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка–культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Праўда, грошы на ягонае добраўпарадкаванне выдаткоўвала Шведская агенцыя міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (SIDA). “Паглядзеў бы на замак майго гаспадара ў наваколлі Кісцянёў! Над шырокім лянівым Дняпром узвышаецца ўзгорак”. “І над Кісцянямі пацягнуліся лянівыя і пагодныя дні. У замку амаль не было мужчын, акрамя мяне і невялічкай варты. Ды і ў вёсках засталіся амаль толькі адны бабы”.
Фота: lesgazeta.by
З нагоды 90–годдзя Уладзіміра Караткевіча ў Рагачове планавалася адкрыць помнік Гервасію Выліваху, стварыць музей ў доме, дзе жыў дзед пісьменніка. Аднак, калі зайсці на старонку дзяржаўнай газеты “Свабоднае слова”, то галоўнай навінай там стаіць артыкул пад назвай “Очередной фейк, или Сказ про то, как оппы “рассорили” Рогачев с городами–побратимами.”
І толькі пагартаўшы старонку ўніз, можна ўбачыць артыкул на рускай мове да 90–годдзя Уладзіміра Караткевіча. Ці з’явіўся помнік Выліваху і што сталася з домам дзеда Васіля, на які былі вялікія планы ва ўладаў, мы інфармацыі не знайшлі. Відаць, усе сілы пайшлі на раскрыццё “фэйкаў”.
Флагшток