«Гэта вайна і за нашу свабоду». Дабраахвотнік з Гомеля распавёў, чаму паехаў ва Украіну ваяваць з расейскімі акупантамі

| Асобы

Сёння, каб бараніць Украіну ад расейскіх акупантаў, беларусы ствараюць свае добраахвотныя батальёны. Адзін такі ўжо дзейнічае ў Кіеве. Сімвалічна, што яго назвалі ў гонар Кастуся Каліноўскага — кіраўніка паўстання 1863 года ў Беларусі, якое было накіраванае супраць расейскіх царскіх уладаў. Флагшток паразмаўляў з добраахвотнікам з Гомеля Віктарам Савічам і даведаўся, чаму беларус з Палесся вырашыў бараніць украінцаў.



Дабраахвотнікі батальёну Каліноўскага па дарозе ў Кіеў



— Чым вы займаліся ў Беларусі?

— Калі жыў у Гомелі, то працаваў у кампаніі «Славія». Працаваў спачатку мэнэджэрам, пасля нават быў дырэктарам асобнага філіялу. Пераехаў у Мінск. Апошняе месца маёй працы ў Беларусі — дырэктар дрэваапрацоўчага філіялу.

Я скончыў дзяржаўнае кіраванне, але маё сумленне чыстае. Я не працаваў па гэтай спецыяльнасці ў нашай краіне. Маё сумленне мне было даражэй, хоць я пражыў няпростае жыццё ў Беларусі. Рэжым Лукашэнкі пры кожнай магчымасці мне ставіў перашкоды.

З 2006 года я ў апазіцыі. Я актыўна ўдзельнічаў у мітынгах 2019 года супраць інтэграцыі з Расеяй. Быў актыўным. На гэтых выбарах (летам 2020 года) мне нават выбілі 6 зубоў. Але нічога, мы пераможам.

Калі мяне збілі, то лекары былі ўпэўненыя, што ў мяне зламаная сківіца, але яна аказалася больш моцнай за мянтоў. Нягледзячы на збіццё, я працягваў удзельнічаць у пратэстах, агітаваў і нават казаў прамовы на пікетах.



Наступствы збіцця Віктара Савіча міліцыяй летам 2020 года


— Чаму беларусы ідуць ваяваць за Украіну? Чаму вы пайшлі ваяваць?

— Ідуць беларусы са ўсёй краіны, якія неабыякавыя да лёсу Радзімы. Якія разумеюць, што ўсе гэтыя 28 год — гэта акупацыя Беларусі Расейскай Федэрацыяй. Яны не могуць глядзець спакойна на тое, што зараз адбываецца ва Украіне. Бо гэта вайна ў тым ліку і за нашу свабоду. Ёсць нейкая надзея знішчыць акупацыйны рэжым, які пануе ў нашай краіне. Менавіта гэта і змусіла мяне ехаць на фронт.

Я да апошняга не верыў, што такое можа адбыцца. Але логіка падказвала, што гэта ўсё адбудзецца. І калі ўсё пачалося, я палічыў за свой абавязак паехаць ва Украіну, дапамагаць братэрскаму народу ў вайне з нашым агульным ворагам.

І з-за таго, што з тэрыторыі нашай краіны ляцяць ракеты, мне сорамна, што я беларус. Я тут, каб змыць гэтую ганьбу крывёю і змяніць стаўленне да нашай краіны. У лепшым выпадку нашая перамога ва Украіне, якая непазбежная, яна расхістае гэты фашысцкі рэжым, у тым ліку і на тэрыторыі нашай краіны.



На памежным пераходзе, на заднім плане бежанцы з Украіны



— Ці не баіцеся забіваць? Не баіцеся страціць жыццё?

— Забіваць не баюся, бо гэтая вайна супраць зомбі, якія выхоўваліся шмат год на тэрыторыі РФ, і на тэрыторыях акупаваных РФ. Таму я лічу, што забіваць ворага, які прыйшоў бамбіць дзіцячыя садкі, гэта мой абавязак — біць гэтых мярзотнікаў. Быць забітым… Ну што рабіць, трэба неяк спыніць Расею. Калі не спыніць Расею зараз, яна пойдзе далей.



Акцыя пратэсту супраць інтэграцыі ў Мінску ў 2019 годзе


— Хто больш за ўсё нясе адказнасць у Беларусі за тое, што сёння адбываецца ва Украіне?

— Лукашэнка нясе адказнасць. І нават у меншай ступені чыноўнікі, чым тыя ж настаўнікі, бо яны фальсіфікавалі выбары проста за міску супу. Міліцыянты за міску супу ўчынялі гвалт.

Кожны прадажны жыхар Беларусі, для якога 300, 500, 600 даляраў былі больш прывабныя за сумленне. Кожны беларус, які 28 год назіраў як знішчаецца ўсё беларускае, назіраў як б’юць і забіваюць палітыкаў, б’юць просты народ (не толькі ў 2020, але і ў 2010 годзе, і ў 2006), настаўнікі, якія фальсіфікавалі лічбы — кожны з іх адказны.

У цэлым, адказнасць у рознай ступені нясуць усе, нават я, бо не змог растлумачыць кожнаму беларусу, што адбываецца. Але я прыкладаў намаганні, каб усяго гэтага не здарылася. І вось зараз прыехаў бараніць Украіну.






— Што бы вы сказалі беларусам, якія засталіся ў Беларусі і суперажываюць Украіне? Што ім можна рабіць у склаўшыхся ўмовах?

— Калі б я зараз знаходзіўся ў Беларусі, то я не ўяўляю, што проста назіраў бы за гэтымі жахамі. Так, не кожны можа падрываць рэйкі. Але, напрыклад, патрабаваць санкцыі, гэта таксама крок. Рабіць любыя дыверсіі, збіраць інфармацыю, падстаўляць кіраўнікоў, якія падтрымліваюць рэжым. Усякім чынам пратэставаць. Я б блакаваў тэхніку на тэрыторыі Беларусі.

«Не закрыты базовые человеческие потребности». Активист из Гомеля попал в лагерь для беженцев в Словакии и рассказал, что его не устраивает

| Асобы | 0

Активист из Гомеля Дмитрий Лукомский после четырех лет жизни в Украине переехал в Словакию, где подал заявление на международную защиту.