Звольнены за “непаліткарэктныя вусы” выкладчык БелДУТ Яўген Малікаў правёў на вайсковых зборах усяго адзін дзень. Яго адпусцілі дадому, калі дазналіся пра адміністрацыйны арышт за ўдзел у мітынгах. Пра свае прыгоды, арганізаваныя ваенкаматам, і пра адзін дзень з жыцця “партызанаў” Яўген Малікаў напісаў у сваіх акаўнтах у сацыяльных сетках.
Фота: акаўнт Яўгена Малікава ў ФБ
НЕ ЗАБРАЛІ …
"Не да канца зразумеў чаму, але факт ёсць фактам: мае вайсковыя зборы працягваліся ўсяго толькі адзін дзень, замест меркаваных 25 (даведка прыкладаецца). У нядзелю, 29.11.20, я цэлы дзень рыхтаваўся да збораў (уладкаваў да сяброў сваго коціка, прыгатаваў ежы на дарогу, прачытаў усе парады, якія давалі бывалыя ўдзельнікі вайковых збораў, сабраў рэчы ў вялікі 100–літровы заплечнік). Калі я на наступны дзень прыйшоў у ваенкамат, то зразумеў, што з заплечнікам крыху перастараўся — у некаторых з калег–ваеннаабавязаных ў руках былі торбы ці заплечнікі, памерамі не больш за вялікі пакет з “Еўраопта”… Я са сваім парашутам трохі выбіваўся з агульнай карціны."
Чым займаюцца хлопцы на зборах
"Чым там хлопцы будуць займацца на зборах, мы так і не даведаліся, але на тэрыторыі часткі нешта “грабаў” бульдозер, ляжалі дзве агромныя кучы пяску і шчэбню. А калі на тэрыторыю часткі завезлі спачатку маленькую бятонамяшалку, а пасля заехаў ужо вялікі прамысловы МАЗ–бятонамяшалка, у нас з’явіліся пэўныя цьмяныя падазрэнні …
Яшчэ ў чацвер папярэджвалі, што могуць усіх нас і не забраць, што наша група падзеліцца на дзве няроўныя часткі: асноўная, якую вайсковая частка забярэ, і рэзерв, які будзе на выпадак, калі з асноўнай некага не забяруць (напрыклад, на замену хворых). Я ішоў у канцы спіса, таму апынуўся ў рэзерве.
Разам з намі прыехалі яшчэ пяць аўтобусаў, у тым ліку са Жлобіна, Светлагорска і яшчэ аднекуль. У выніку, з нашых 26 чалавек забралі 18, а 8 чалавек так і засталіся ў рэзерве. З гэтых васьмі чалавек трох завярнулі пры адборы ў частку: адзін па здароўі, а двое…"
Сяргей, адзін з гэтых двух, патлумачыў, што адбылося так:
“Пасля аўтобуса мы падышлі да КПП, нас выставілі ў шыхт. Праверылі на дыханне і іншае, пасля прадстаўнік з часткі сказаў: “Хто быў пад адміністрацыйным арыштам, сядзеў на сутках, хадзіў на мітынгі — выходзьце з шэрагу, адразу прызнавайцеся, мы ўсё роўна пасля будзем прабіваць і высветлім”. Выйшаў я і яшчэ адзін. Нам сказалі: “Вы не трэба, ідзіце ў аўтобус!”
Відаць, пабаяліся не вытрымаць ідэалагічнай канкурэнцыі
"Улічваючы мой паслужны спіс, здаецца, я здагадваюся, чаму я так і застаўся сядзець ў аўтобусе… Выкажу асцярожнае меркаванне: мінулы вопыт прызываў паказаў ідэолагам вайсковай часткі, што на занятках па палітпадрыхтоўцы (ці як яна там у іх называецца) пры наяўнасці кліента 23.34 ідэолагі абсалютна прайграюць бітву за душы вайсковаабавязаных… Відаць, пабаяліся не вытрымаць ідэалагічнай канкурэнцыі.
З тым Сяргеем мы пазнаёміліся бліжэй (гл. фота). Ён — вясёлы гумарны дзядзька. Высветлілася, што ў нас куча агульных знаёмых і цікаўнасць да гісторыі Гомеля. Сяргея забралі ў ІЧУ напрыканцы жніўня, мяне 11 верасня. Ён з гумарам распавядаў, што жыве недалёка ад ІЧУ і сядзеў побач з домам. Так што старажытны анекдот “Мойша, Вы памятаеце Зяму, які жыў насупраць турмы? – Так, і што? – Ну дык цяпер ён жыве насупраць свайго дома! ” быў у значнай меры пра яго выпадак…"
У бліжэйшыя месяцы Яўген Малікаў плануе засяродзіцца на сваіх навуковых даследаваннях, час на якія вызваліўся дзякуючы таму, што яго не забралі ў войска.
"Ну што, блін, дажыўся, цяпер нават і ў войска браць не хочуць... Такім чынам, у мяне яшчэ ёсць як мінімум тры месяцы, якія я і планую прысвяціць сваім навуковым даследаванням, калі становішча дазволіць. У бліжэйшыя дні ўсенародна аб’яўлю пра свае (і не толькі) планы, калі нехта палічыць вартым якім–небудзь спосабам далучыцца да іх — буду вельмі ўдзячны."
Флагшток