Сёння лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міра стаў беларускі праваабаронца Алесь Бялякі, які з ліпеня 2021 года знаходзіцца за кратамі. Гомельцы па праву могуць назваць яго сваім дзеячам. Распавядаем факты пра Бяляцкага і Гомель.
Бацькі нарадзіліся на Гомельшчыне
Алесь Бяляцкі нарадзіўся ў беларускай сям’і 25 верасня 1962 года ў гарадскім пасёлку Вяртсіля Сартавальскага раёну Карэльскай АССР. Але яго бацькі паходзілі з Гомельшчыны — бацька Віктар Бяляцкі з Рагачоўскага раёну, маці Ніна Кавальчук з Нараўлянскага.
Сям’я вярнулася ў Беларусь у 1965 годзе ў горад Светлагорск Гомельскай вобласці, дзе Алесь скончыў сярэднюю школу № 5.
Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта
У 1984 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «беларуская і руская мовы і літаратура».
«Правучыўся там пяць гадоў. Кампанія ў нас была вельмі цікавая, бо разам сам мной вучыліся Анатоль Сыс (на два гады старэйшы), Эдуард Акулін і Сяржук Сыс (аднагрупнікі), Анатоль Казлоў (маладзейшы на год), Вольга Куртаніч і Ліля Плыгаўка. Словам, дастаткова актыўная паэтычная беларуская сябрына.
Менавіта там мы пачалі задумвацца над пытаннямі беларускай мовы, развіцця гісторыі, культуры. Увогуле лёсу Беларусі. Аналізаваць, што з гэтага будзе і ў якім мы становішчы знаходзімся. Мяне ўжо тады пачалі хваляваць пытанні нацыянальнай адметнасці, беларушчыны», — узгадваў Бяляцкі.
Летняя практыка студэнтаў Гомельскага ўніветсітэта. Алесь Бяляцкі, Эдуард Акулін і інш.
Ужо тады Бяляцкі пазнаёміўся з актывістамі з Менску. Са сталіцы Алесь прывозіў у Гомель забароненыя выданні гісторыка Міколы Ермаловіча і распаўсюджваў іх сярод знаёмых і сяброў.
Алесь Бяляцкі — важаты ў дзіцячым лягеры пад Гомелем, 1982 год
Падчас вучобы Алесь пазнаёміўся з жонкай Наталляй Пінчук, гэта было ў 1981 годзе ў Лоеве, падчас вяселля сваякоў жонкі. Шлюбам яны пабраліся ў 1987 годзе
За адну ноч размаляваў з сябрамі надпісамі «Жыве Беларусь!» цэнтр Гомеля
У сваіх успамінах, напісаных за кратамі ў 2011 годзе, Бяляцкі ўзгадваў як аднойчы натхніўся гомельскім партызанінгам. У 1983 годзе ён пабачыў на тэлефоннай будцы надпіс «Жыве Беларусь!», які быў тады фактычна забаронены. Гэта падштурхнула Алеся і яго сяброў распісаць беларускім клічам цэнтр горада:
«Мы ў цемры ўжо бяжым у інтэрнат, хапаем асадкі, выскокваем на Савецкую і метадычна абпісваем надпісам "Жыве Беларусь!" усе тэлефонныя будкі...
Назаўтра я вырашыў, што прыйшоў час дзейнічаць больш актыўна. Сяржук Сыс па маёй замове выразаў на цвёрдым аркушы паперы трафарэт з надпісам "Жыве Беларусь!", я купіў балончык з чырвонай аўтамабільнай эмаллю, а таксама пластмасавыя бутэлечкі з тушшу і пэндзлі.
Неўзабаве ўвечары я і падбіты і разагітаваны Толік Казлоў, яшчэ адзін наш сябра, захапіўшы пэндзлі і гуаш, выйшлі "на справу" ў гомельскі парк… Мы пачалі з долу, падымаючыся ўгору, абпісваць прыступкі і пляцоўкі чырвонай гуашшу: "Жыве Беларусь!", "Жыве Беларусь!"», — узгадваў Алесь Бяляцкі.
Студэнцкі музычны гурт «Баскі»: Аляксандар Капыткоў, Сяргей Скачынскі, Алесь Бяляцкі, Анатоль Кавалёў, Эдуард Акулін. Вёска Стаўбун Веткаўскага раёну, 1983 год
У Гомелі распачалася грамадская дзейнасць Бяляцкага
Бяляцкі ўваходзіў у літаратурны гурток «Крынічка», з’яўляўся дзеячам грамадска-культурніцкай арганізацыі «Талака».
Гомельскія адраджэнцы 1980-х гадоў ўспаміналі, што беларускамоўны Бяляцкі і яго сябры стваралі пазітыўнае ўражанне — іх прыклад натхняў на дзейнасць на карысць беларушчыны.
Алесь Бяляцкі ў Каранёўцы з талакоўцамі
Адзін з гомельскіх талакоўцаў распавёў, як пазнаёміўся з Алесем падчас збору подпісаў супраць будоўлі, якая планавалася вакол кінатэатра імя Ісачанкі ў паркавай зоне. На гэтым месцы тады адбываліся раскопкі, у якіх удзельнічалі талакоўцы.
«Там былі Алесь Бяляцкі, Алег Чыжоў. Я пабачыў тады настолькі годных людзей. Яны ўяўляліся мне як шляхцюкі з карцінкі. І яны размаўлялі па-беларуску!»
У 1984 годзе Алесь Бяляцкі некалькі месяцаў папрацаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці. А потым паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР. У Менску Алесь распачаў новую старонку сваёй біяграфіі, у якой былі абарона Курапатаў, мітынгі, затрыманні і праваабарончая дзейнасць.
Спецназаўцы ў цывільным арыштоўваюць Алеся Бяляцкага на Дзень Волі. Менск, 2004 год
Фотаздымкі Радыё Свабода і з інтэрнэт-рэсурсаў vytoki.net, bymedia.net.