Валянціну Міронаву следчыя абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмізму». Яна выехала за мяжу. Радыё Свабода ўзяло ў гамяльчанкі інтэрвью. Флагшток перадрукоўвае яго.
Валянціна Міронава мае двух дарослых сыноў. Адзін з іх — вядомы гомельскі валанцёр Ілля Міронаў. Пасля турэмнага тэрміну і шматлікіх «сутак» Ілля мусіў уцякаць за мяжу. Калі актывіст ужо быў у Вільні, на яго завялі шэраг чарговых крымінальных спраў. Маці таксама не давалі супакою. Рэгулярна прыходзілі міліцыянты з Савецкага РАУС Гомля, дапытвалі яе як «сведку» ў справе сына, рабілі ператрусы, забіралі тэхніку і тэлефоны.
«Усё пыталіся, мо прыехаў сын. Я адказвала, што катэгарычна забараніла яму ехаць сюды, нават калі я памру. „Але як я не маю больш у Гомлі блізкіх, то запрашаю вас усіх, калі што, на маё пахаванне“, — так я сказала міліцыянтам», — успамінае Валянціна.
У міліцыянтаў былі прэтэнзіі і да яе — у тэлефоне шукалі падпіскі ці перапіскі з «экстрэмізмам». Некалькі разоў Валянціна трапляла ў ізалятар часовага ўтрыманьня, мела суды і штрафы і бясконцую ўвагу ад міліцыі. 22 студзеня яна вярнулася зь Вільні, дзе наведвала сына. Назаўтра па яе прыйшлі супрацоўнікі КДБ.
Валянціна Міронава (фота: Радыё Свабода)
Атрыманьне прадуктаў, падтрымка знаёмых у СІЗА
Валянціна кажа, што да яе прыйшлі недзе а 7-й раніцы. Гэта былі супрацоўнікі КДБ і міліцыі. «Цэлы натоўп быў», — расказвае суразмоўца.
«Асабліва нічога не шукалі, ды ўжо ж колькі можна шукаць, колькі было ператрусаў! Знайшлі і забралі ўсе мае сродкі — 1200 даляраў. Я кажу, што я „чыстая“ перад законам, што гэта грошы ад продажу дома, што ўсё магу паказаць на рахунках банку», — расказвае Валянціна.
Пытанні супрацоўнікаў КДБ тычыліся ініцыятывы Dissidenty.by, якая дапамагае палітзняволеным. Пыталіся і канкрэтна пра адну з арганізатарак ініцыятывы, Марыну Касінераву.
«Я недзе чула такое прозьвішча, недзе ў СМІ, але асабіста не знаёмая, так і сказала ім», — зазначыла Валянціна.
Яна кажа, што супрацоўнікі КДБ былі добра падрыхтаваныя да допыту, мелі шмат якой інфармацыі, датычнай рахункаў Валянціны ў банках, пераводаў і іншага. На допыце пыталіся, чаму яна насіла перадачы ў СІЗА для Дзмітрыя Папова (фігурант «справы Ціханоўскага», атрымаў на судзе 16 гадоў зняволеньня. — РС), чаму паклала на рахунак Ларысы Шчыраковай (палітзняволеная гомельская журналістка. — РС) 5 рублёў на яе дзень народзінаў, чаму перавяла 30 рублёў для Андрэя Толчына (зняволены гомельскі журналіст. — РС).
«Бо гэта мае знаёмыя, таму я так зрабіла», — тлумачыць Валянціна.
Таксама супрацоўнікаў КДБ хвалявала, чаму яна перадавала перадачу ў СІЗА палітзьняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк. Валянціна кажа, што чытала пра яе ў СМІ, яе кранула гісторыя зьняволенай, было шкада чалавека, таму і занесла перадачу ў турму.
Пастанова следчага на імя Валянціны Міронавай
Распытвалі сілавікі і пра харчы, якія Валянціна атрымлівала праз сэрвіс «Едастаўкі». Па словах жанчыны, супрацоўнік КДБ заявіў, што аплата была з ЗША, Літвы і Польшчы.
«Я патлумачыла, што адзін мой сын жыве ў Польшчы, ён мне прапанаваў аплачваць прадукты, каб дапамагаць мне. Я пагадзілася. Чаму аплаты былі з ЗША, я ня ведаю, гэтым усім сын займаўся», — зазначыла беларуска.
Па словах Валянціны, допыт цягнуўся да 19:00 23 студзеня. Гэта было ў будынку Савецкага РАУС Гомля. Там жа міліцыянты «знянацку» знайшлі ў тэлефоне жанчыны падпіску на групу «Стоп Лука». Яна кажа, што чысціла свой тэлефон, ня мела там «экстрэмізму» і не падпісвалася на такую групу. Але даказаць у міліцыі гэта складана. На яе напісалі пратакол за «экстрэмізм» і хацелі адвезьці ў ІЧУ.
«Ужо пачалі казаць, каб здымала ўпрыгажэньні, але той супрацоўнік КДБ чамусьці „заступіўся“, „замовіў слова“, як ён мне казаў, і мяне адпусьцілі», — дадала Валянціна.
«Няхай будзе, што будзе»
На суд паводле адміністрацыйнага пратаколу за «экстрэмізм» Валянціна мусіла зьявіцца 2 лютага.
«Казала знаёмым, што ўпаду там на падлогу і буду крычаць, што я не падпісвалася на „Стоп Лука“. Але, зразумела, гэта такія змрочныя жарты, бо што б гэта дало, і хто б мяне слухаў?» — кажа Валянціна Міронава.
29 студзеня яе выклікалі ў Следчы камітэт на вуліцы Рабочай у Гомлі. Там далі азнаёміцца з пастановай, што яна цяпер падазраваная ў крымінальнай справе за садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, частка 2 артыкулу 361-4 КК, і ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі. Там жа мусіла даць падпіску аб нявыездзе.
«Зноў пыталіся пра „Дысыдэнты“, пра IneedHelp, але я нічога ня ведаю, што я магу расказаць?» — гаворыць суразмоўца.
Па словах Валянціны Міронавай, нават атрымаўшы пастанову, яна не хацела выяжджаць з Беларусі, хоць яе аб гэтым і прасілі сябры.
«Я вырашыла, што няхай будзе, што будзе. Нікуды не паеду, бо гэта ж квіток у адзін бок! Я казала, што я не хачу паміраць на чужыне. А знаёмы сказаў, што лепш памерці на свабодзе, чым у турме», — кажа Валянціна.
Рашэнне жанчына ў выніку змяніла, выехаць з Беларусі дапамаглі неабыякавыя людзі. Валянціна кажа, што яны спачатку дазволілі ёй ехаць з вялікім чамаданам, потым сказалі, што трэба меншы, затым параілі браць маленькі заплечнік. Эвакуацыяй займаўся фонд BySol.
«Я ім вельмі ўдзячная! Я не магу сказаць, дзе і як я ехала, але яны проста вялі мяне за руку на ўсім маім шляху. Мае сябры жартавалі: „Дзе б ты спазнала такіх прыгод і такога падарожжа?“. Мне ўсім дапамаглі на ўсім шляху людзі з BySol. Адзінае, што мне было цяжка, — я ня надта разбіраюся ў тэлефоне, у аплікацыях розных, але мне дапамагалі, выбралася», — дзеліцца суразмоўца.
У дарозе яна выпадкова сустрэлася з маладым беларусам, які таксама ўцякаў з радзімы.
«Нездарма ён мне адразу спадабаўся. Калі мы прайшлі, так скажам, розныя выпрабаваньні, ён мне сказаў: „Ня бойцеся, усё засталося ззаду“, і толькі тады мы разгаварыліся і я зразумела, што ён таксама ўцякае зь Беларусі», — кажа Валянціна.
Цяпер яна ў Літве, побач з сынам Іллём, пачынае жыцьцё з нуля. Апошнія грошы забралі супрацоўнікі КДБ.
«Але я ні пра што не шкадую. Я рабіла тое, што было ў маіх сілах, я старалася дапамагаць людзям», — дадала Валянціна.