Яўген Малiкаў, дацэнт кафедры «Архiтэктура i будаўнiцтва», звольнены з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту.
Фото: акаўнт Яўгена Малікава ў ФБ
Пра абставiны звальнення выкладчык распавёў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:
«Сам працэс звальнення ўяўляў сабой цэлую камбінацыю, асновай якой стала вынясенне мне кіраўніцтвам універсітэта дзвюх вымоваў цягам васьмі дзён (11.11.2020 і 18.11.2020), пры тым што за папярэднія 16 гадоў працы не было ўвогуле ніводнай.
Першая вымова была за пост у інтэрнэце на асабістай старонцы ў сацсетках, пра яе абсурднасць ужо пісаў. З другой вымовай яшчэ весялей…
6 верасня я быццам бы ўдельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, за якое 11.09.2020 г. мяне арыштавалі і змясцілі ў ІЧУ на 5 сутак. Гэта ўжо старая гісторыя, але… Некалькі дзён таму ў БелДУТ была створаная спецыяльная камісія, якая разглядзела факт майго ўдзелу і затрымання ў ІЧУ, склала акт, у якім апісала, што выкладчык парушыў заканадаўства. Пра гэта ён некарэктна выказваўся і ў сацсетках, але ў абавязкі выкладчыкаў, згодна пасадавай інструкцыі, уваходзіць не толькі адукацыйная, але і выхаваўчая функцыя. Да таго ж, выкладчык Малікаў Я.Р. яшчэ і куратар групы. У сувязі з гэтым правапарушэнне Малікава Я.Р. і яго выказванні ў інтэрнэце могуць аказаць негатыўны ўплыў на выхаваўчы працэс са студэнтамі. У сувязі з гэтым аб’явіць Малікаву Я.Р. вымову, і адстраніць Малікава Я.Р. ад выканання працоўных абавязкаў 18.11.2020. Плюс спасылка на нейкія заканадаўчыя акты. Можа, я не зусім дакладна працытаваў, але сэнс перадаў дастаткова дакладна.
Наступным загадам было звальненне Малікава Я.Р. з БелДУТа з 19.11.2020 г. на аснове дзвюх вымоваў.»
Яўген Малiкаў упэўнены, што звальненне звязана выключна з палiтычнымi прычынамi:
«Гэтая паспешлівасць у вынасе дзвюх вымоваў за восем дзён выкладчыку, кандыдату навук, які прапрацаваў ва універсітэце 16 год, да таго ж, звальненне ў сярэдзіне семестра (а хто цяпер палову нагрузкі будзе дачытваць?), паказвае іх унутраную сутнасць, а дакладней, выключную палітычную мэтанакіраванасць усяго гэтага працэса. У прынцыпе можна было дачакацца канца семестра, альбо сканчэння кантракта, але не — непасрэдна зараз, за 8 дзён, напярэдадні сесіі, каб не навучыў яшчэ чаму кепскаму, напрыклад, гісторыі архітэктуры Беларусі 18 стагоддзя! А яшчэ горш — 20 стагоддзя!»
Акрамя таго, былы выкладчык расказаў пра тое, як было прадстаўлена яго звальненне калектыву ўнiверсiтэта:
«Цікава, што яшчэ ў панядзелак мяне запрасілі выступіць на сходзе працоўнага калектыва… Калі я прыйшоў на згаданы сход у 11.30 (дакладней, на канец Савета універсітэта), замест мяне выступіў рэктар БелДУТа, Ю.І. Кулажанка, які распавёў пра камісію і акт, пра маё звальненне, пра тое, што “Маликов больше не член нашего трудового коллектива”. Таксама ён патлумачыў прычыны вымовы – “Маликов оскорбил заведующего кафедрой, декана факультета, назвал их рабовладельцами, агрофеодалами, возможно, оскорбил руководство университета и даже президента”. Толькі вось Кулажанка Ю.І. не патлумачыў, дзе ж Малікаў абразіў загадчыка кафедрай, дэкана і іншых. А ў рэальнасці – нідзе, гэта ўсё прыдумкі Кулажанкі. Ну хай з гэтым цяпер разбіраецца суд».
Былыя i цяперашнiя студэнты масава выказваюць словы падтрымкi свайму выкладчыку:
«Адзіны ў гэтай гісторыі прыемны момант — гэта словы падтрымкі, якія мне ўжо даслалі нашы былыя студэнты. Гэтыя словы, канешне, вельмі кранаюць. Асабліва калі іх пішуць не толькі былыя выдатнікі па гісторыі архітэктуры, а і былыя невыдатнікі па гэтай дысцыпліне, якую я выкладаў. І вось, праз 10 год яны мне пішуць словы падтрымкі… Блін, людзі, як жа так? Я ж вас мучыў сваім экзаменам, адпраўляў вас на пераздачы, ставіў нізкія адзнакі, а вы мне цяпер пішыце словы ўдзячнасці! У мяне проста разрыў шаблона. А яшчэ пішуць былыя студэнты ПГС–нікі, у якіх я ўвогуле нічога не вёў, якія мяне ведалі толькі як намесніка дэкана… Гучыць дзіўна, але гэта праўда. Можа не сціпла будзе, але для мяне гэта вельмі прыемна і вельмі важна. Значыцца, студэнты разгледзілі ў свой час у маёй працы нешта такое, што ўзгадваецца ім добрым словам нават праз 5-10 гадоў пасля заканчэння ўніверсітэта. Тое, што так і не здолелі разгледзіць кулажанкі… Значыцца, тое, што я рабіў гэтыя 16 гадоў, было правільным і не пустым».
«Флагшток» распытаў Яўгена Малiкава, як ён ставiцца да таго, што адбылося, i пра яго планы.
Калi сёння была б магчымасць памяняць нешта ў сваiх дзеяннях за апошнiя тры месяцы, што бы вы памянялi?
– Нічога не мяняў бы, я ўсё рабіў правільна і па сумленні. Мне ні за што не сорамна, я ні пра што не шкадую. Так зараз трэба. Маё звальненне — гэта мая плата за нашу свабоду. Некаторыя за яе ўжо праплацілі сваімі жыццямі.
Апроч выкладчыцкай дзейнасцi, вы прымалi актыўны удзел у даследаваннях. Як звальненне адаб’ецца на вашых даследаваннях?
– Усё залежыць ад маіх будучых фінансавых магчымасцяў. Будуць грошы — я змагу працягнуць даследаваць Гомельшчыну, не знайду іх тут — прыйдзецца ехаць кудысці іх зарабляць. Спадзяюся на першае.
Цi ёсць нейкiя планы на будучыню?
— Планы на будучае пэўныя ёсць, але зараз мяне больш хвалюе незаконнасць майго звальнення. Планую абскарджваць.
Флагшток