Рэчыцкi журналiст-фрылансер Андрэй Мядзведзеў пакiнуў Беларусь

| Асобы

Журналiст Андрэй Мядзведзеў быў затрыманы 16 лiпеня супрацоўнiкамi КДБ. Пасля запiсу вiдэа з прызнаннем аб тым, як ён «поддался тлетворному влиянию телеграм-каналов», яго адпусцiлi. Неўзабаве ён пакiнуў краiну. Аб тым, што змусiла яго апынуцца па-за межамi радзiмы, Андрэй Мядзведзеў распавёў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.


Фота со старонкi ў Фэйсбуку Андрэя Мядзведзева

«Калі пачалася абвешчаная ўладамі «зачыстка», я вырашыў не чакаць, калі мяне пазбавяць сродкаў працы (іх было шкада найбольш, а сілавікі падчас ператрусаў у калег забіралі найперш кампутары, фотаапаратуру, тэлефоны і дыктафоны). Але і класціся на дно не выпадала – трэба было працаваць, трэба было асвятляць жудасныя рэпрэсіі, якія паглынаюць усё больш і больш людзей, трэба было дапамагаць людзям. Я проста з’ехаў з Рэчыцы ў Каленкавічы, у кватэру, у якой прайшло маё дзяцінства і якая пасля смерці маці стаіць ужо 5 гадоў пустая. Юрыдычна яна належыць майму меншаму зводнаму па маці брату, у якога іншыя, чым у мяне прозвішча і імя па бацьку. Адтуль я наведваў суды ў розных гарадах палескага рэгіёна, рабіў рэпартажы і іншую сваю працу.

12 ліпеня мне пачаў настойліва, па некалькі разоў на дзень, званіць оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Рэчыцкага РАУС. Гэта цягнулася некалькі дзён. Чамусьці мне такая настойлівасць у цяперашніх варунках падалася падазронаю, таму я слухаўку не здымаў. Тым больш, што за тыдзень да таго я як раз быў на апытанні ў гэтага супрацоўніка ў справе вышуку колішняга наведніка курсаў Мова Нанова, якога міліцыя абвінавачвае ў злачынстве. Я яго ўжо паўтара года не бачыў і не чуў пра яго нічога, аб чым і паведаміў аператыўніку. Падставаў шукаць мяне наноў у гэтай справе я не бачыў і лічу ягоныя званкі спробай затрымаць мяне ў палітычна матываванай справе.

А 16 ліпеня раніцай да мяне ў гэтую каленкавіцкую кватэру ўварваліся супрацоўнікі КДБ. Не вельмі дружалюбна да мяне паставіўшыся, мне прад’явілі пастанову на ператрус у не маёй кватэры ў межах нейкай невядомай справы паводле артыкула 289 «Акт тэрарызму». Падчас ператрусу знайшлі і забралі ноўтбук, тэлефон і тэчку з квіткамі з паездак на грамадскім транспарце, якія некаторыя рэдакцыі часам кампенсуюць. Проста пры панятых (добрых суседзях, якія нават спрачаліся з сілавікамі) нібыта старшы ў групе патрабаваў назваць пароль ад тэлефона. Я, натуральна, адмовіўся. Тады прагучала фраза «Ну нічыво! Патом назавёш!».

Пасля ператрусу яны «запакавалі» мяне ў сваю чорную Джылі і павезлі ў Рэчыцу. Прывезлі ў тамтэйшы аддзел КДБ. Зноў патрабаванне назваць пароль ад тэлефона. Зноў адмовіўся. Тады яны вырашылі спачатку звазіць мяне на ператрус у маю рэчыцкую кватэру. Там ужо «все украдено до нас» – яшчэ не вярнулі забранае падчас ператрусу 16 лютага. Таму, нічога асабліва падазронага не знайшоўшы, гэбісты вырашылі забраць налепкі, якія колісь можна было дарэмна браць у краме Symbal.by. Я іх дарыў на курсах Мова Нанова пераможцам некаторых невялікіх конкурсікаў у якасці прызоў. А служкі д’ябла на іх убачылі «незарігістріраваную сімволіку».

Пасля гэтага ператрусу я ўжо надоўга, аж да вечара, атабарыўся у Рэчыцкім міжрайаддзеле КДБ. Правялі два допыты. Адзін – пра суполкі «ОГСБ» і «Буслы ляцяць», у якіх я не быў і нікога там не ведаю. Опер, які дапытваў, проста зачытваў з захаванага ў кампутары пратакола папярэдняга допыту адказы кагосьці, каго дапытвалі перада мной, і казаў «Так пайдзёт?». Я часам пагаджаўся, часам нешта карэктаваў. Другі допыт адбыўся пасля таго, як адзін з супрацоўнікаў, з выкарыстаннем метадаў, якімі гэтая кантора славіцца яшчэ з часоў «жалезнага Фелікса», дамогся ад мяне пароля ад тэлефона. Прысвечаны другі допыт быў аднаму майму земляку і даўняму сябру, калегу па працы ў лясгасе, які з-за палітычнага пераследу мусіў уцячы з краіны яшчэ ўвосень.

У тэлефоне акрамя падпісак на «экстрэмісцкія» каналы нічога крымінальнага не знайшлі. Але, калі мяне пасля допыту прывялі ў кабінет начальніка аддзела, ён пачаў пагрозамі адправіць мяне ў СІЗА (прычым, чамусьці, аж у Магілёў – у Гомелі ўжо што, месцаў няма?) патрабаваць выканаць дзве ўмовы вызвалення. Адну ўмову многія, мяркую, бачылі – відэа, дзе я на эпічнай трасянцы спрабую паўтарыць сказанае гэбістам традыцыйнае аб тым, што «паддаўся тлетворнаму ўліянію дзіструкціўных ціліграм-каналаў». Другая ўмова – падпісаць паперу аб супрацоўніцтве. Натуральна, супрацоўнічаць з гэтай канторай я ніколі не збіраўся і не збіраюся. І менавіта гэтая ўмова стала чыннікам, які канчаткова падштурхнуў мяне да рашэння з’язджаць з краіны, пакуль мне не задалі «стучаць» на кагосьці з сяброў альбо зноўку не загрэблі ў свае лапы. Хачу, каб усе ведалі – я тую паперку падпісаў, але без аніякіх намераў выконваць! Бо мая мэта была выйсці адтуль, калі быў такі шанец, і рабіць тое, што я мушу рабіць, як сумленны чалавек. А паперчына тая наўрад ці мае нейкі юрыдычны моц. Для мяне, прынамсі, дакладна не мае. Спадзяўся, што людзі, якія ўяўляюць, што такое трапіць у кіпцюры гэтых структураў, зразумеюць мой крок. І сапраўды, як толькі відэа і паперка з’явіліся ў руках гэб’я, яны мяне выпусцілі.

Ужо праз дзень я пакідаў сваю краіну. Я не буду апісваць доўгі шлях, які не абыйшоўся без прыгодаў. Скажу толькі, што цяпер я ў адносна бяспечным месцы (улічваючы, метады працы прыспешнікаў таталітарных рэжымаў, пра поўную бяспеку наўрад ці можна казаць хоць у якім-кольвечы пункце свету).

Рэчыцкія гэбэшнікі былі настолькі ашалелыя ад наяўнасці ў маім тэлефоне Тэлеграма, што пра ўсе астатнія сеткі і сайты забыліся. Яны прымусілі выдаліць канал і чат «Палеская Вясна» ў Тэлеграме. Дакладней, выдаляў, «тыкая пальцамі в эці айфоны-плафоны», асабіста начальнік аддзела. А я быў рады, што ён выдаляе, бо бачыў, што на той момант, а было ўжо недзе каля 17-й гадзіны, мяне яшчэ не выдалілі з некаторых чатаў, якія не варта было б бачыць гэб’ю. Лічыў гэта знакам для іншых, што ўсё не вельмі добра. І, варта адзначыць, што ён спрацаваў.

Я трымаўся да апошняга, хаця ўжо некалькі месяцаў мне многія казалі, каб з’язджаў. Але тыя акалічнасці, якія з’явіліся пасля гэтага затрымання, не пакідаюць мне магчымасцяў пакуль жыць у Беларусі.

Але я працягну рабіць сваю працу – казаць людзям праўду пра тое, што адбываецца ў нашым рэгіёне. Чытайце мяне на сайце «Палеская Вясна» (palesse.press), які працягвае сваю працу, глядзіце і чытайце ў іншых незалежных медыях! І паведамляйце мне пра тое, што адбываецца ў нашых гарадах і вёсках, якія ёсць праблемы ў нашых людзей. Я і надалей працягну пашыраць сярод беларусаў любоў да нашай роднай беларускай мовы і веданне яе! Мы яшчэ абавязкова сустрэнемся!»

Флагшток

«Не закрыты базовые человеческие потребности». Активист из Гомеля попал в лагерь для беженцев в Словакии и рассказал, что его не устраивает

| Асобы | 0

Активист из Гомеля Дмитрий Лукомский после четырех лет жизни в Украине переехал в Словакию, где подал заявление на международную защиту.