Апеляцыйную скаргу 19-гадовага Іллі Верамеева з Гомеля разгледзяць 22 лістапада, пасля чаго яго перавядуць у калонію. Сястра хлопца Яна распавяла «Вясне» пра брата, ягонае затрыманне і тое, як можна цяпер дапамагчы яму.
24 лютага на той момант 18-гадовы Ілля пачаў перапіску ў Telegram з сястрой Янай каля пятай раніцы. Прычына такой ранняй размовы — уварванне расійскіх войскаў ва Украіну і абстрэл улюбёнага ўкраінскага горада Мікалаеў, у якім жыла ягоная родная сястра. Ілля вельмі за яе хваляваўся і ўвесь час падчас перапіскі прасіў не падыходзіць да вокнаў. Праз тры дні хлопца затрымалі — пасля ягоных заклікаў у мясцовым чаце аказваць супраціў і пачаць дзейнічаць супраць вайны: на месцы збору з гамельчукамі яго чакалі сілавікі. Праз паўгода за гэта Іллю асудзілі да шасці з паловай гадоў калоніі.
Ілля Верамееў з сястрой Янай у Чарнігаве ў 2019 годзе
«Ілля марыў пераехаць ва Украіну»
Ілля толькі сёлета скончыў школу. 1 жніўня — ужо ў СІЗА — яму споўнілася 19 гадоў. Хлопец вырашыў не паступаць у навучальныя ўстановы, а пайсці працаваць. Неўзабаве ён знайшоў працу па вырабе дэкаратыўнай пліткі.
Сястра Іллі Яна жыве з сям'ёй ва Украіне ужо некалькі гадоў. Апошні раз яна бачылася з братам год таму ў Гомелі.
«Наогул Ілля марыў пераехаць ва Украіну. Ён закахаўся ў Мікалаеў пасля таго, як прыязджаў да мяне ў госці. Ён нават у сацсетках у сябе нік ставіў "Ілля Мікалаеўскі". Яму, напэўна, больш за ўсё свабода спадабалася. Мікалаеў — прыязны і просты горад».
Паводле Яны, брат вельмі востра ўспрыняў напад расійскіх войскаў на Украіну і, у прыватнасці, абстрэл з першых хвілінаў абвяшчэння вайны ўлюбёнага горада Мікалаева, дзе жыла ягоная родная сястра:
«Мікалаеў рэальна вельмі жорстка абстрэльваўся. У першыя дні літаральна ў 300 метрах ад майго дома падарваліся танкі. Праз пару дзён — побач крылатая ракета».
Паведамленне Іллі да сястры зранку 24 лютага
«Ілля мае абвостранае пачуццё справядлівасці»
Падчас падзей 2020 года Ілля быў яшчэ ў 10-м класе. Сястра распавядае пра ягоную рэакцыю на масавыя пратэсты і жорсткае задушэнне іх уладамі:
«Ён вельмі хваравіта ўспрыняў гэта. Ілля такі хлопец — любіць свабоду. Ён жыў у мяне каля трох месяцаў у годзе 2018-м ці 2019-м ва Украіне. Яму вельмі падабалася. Ілля мае абвостранае пачуццё справядлівасці. Ён не разумеў, як такое магчыма [гаворка пра масавыя затрыманні, збіванні і катаванні пратэстоўцаў]».
Але пасля настойлівых просьбаў і ўгаворванняў мамы тады яшчэ дзесяцікласнік не ўдзельнічаў у акцыях пратэсту.
«Прыставілі пісталет да галавы і сказалі, што ён ужо прыйшоў»
Затрымалі Іллю ўвечары 27 лютага, каля 22-й гадзіны:
«Яго вельмі моцна абурыла гэтая ўся сітуацыя. Увечары ён сабраўся і пайшоў. І ў тым раёне, дзе ён дамаўляўся сустрэцца, яго ўжо чакалі — прыставілі пісталет да галавы і сказалі, каб не вырываўся і што ён ужо прыйшоў».
На пытанне, як дзяўчына перажыла затрыманне брата, Яна адказвае: «Я дагэтуль не перажыла».
«Я гэта перажыву, калі толькі абдыму яго. Мама яго бачыць і чуе хоць часам на спатканнях, а ў мяне толькі нейкія лісты. І тое...»
«У яго быў такі стан тады — гістэрыка і бездапаможнасць»Ва Украіне цяпер 250-ы дзень вайны — пад вартай Ілля знаходзіцца 247 дзён. Амаль ад самага пачатку Ілля ўтрымліваецца ў гомельскім СІЗА. Паводле сястры, цяпер у ягонай камеры сядзяць людзі, якія вельмі моцна вераць прапагандзе. Да гэтага ў яго былі «адэкватныя суседзі».
«Вось цяпер сяджу з пяццю "зомбі". Звычайна хоць адзін заўсёды трапляўся мыслячы чалавек. Тут жа маса супярэчнасцяў, адсутнасць логікі, адмаўленне фактаў. Прычым працуе гэта ў адзін бок у іх. Самі распавядаюць відавочную лухту, не бачачы такога асабіста: "ну людзі ж ім распавядалі" (такія ж, як яны). Хоць факты супраць іх слоў, не тое што факты, нават логіка гуляе супраць відавочнай лухты. Што ім падабаецца, дакладней "праграме" , закладзенай у іх галовы, тое праўда. Што "праграме" іх не падабаецца, тое "не можа быць". Вось неяк так. Страшна гэта назіраць, калі шчыра. І самае галоўнае: іх не пераканаць! Гэта будзе марнаванне часу. Асабіста правяраў дзясяткі разоў. І нібыта сядзіш, тлумачыш, нібыта бачыш, што разумее, нават з чымсьці згаджаецца. Праз 10 хвілін падыдзеш да яго зноў з той жа тэмай, дзе ён, здаецца, разумеў і пагаджаўся, і зноў марнуеш 1,5-2 гадзіны часу і нерваў. І гэта кожны раз. Усё па коле, як "праграма" закладзена, так ён і будзе думаць, не, не думаць, то і будуць казаць, тыя дзеянні і будзе выконваць яго цела. Вельмі страшна — згубленыя людзі цалкам. І такіх большасць», — распавядае сам Ілля ў лістах.
Суд над Іллём адбыўся у Гомельскім абласным судзе напрыканцы жніўня. Працэс праходзіў у адкрытым рэжыме — на яго змаглі трапіць бацькі і сябры хлопца. Справу разглядаў суддзя Анатоль Сотнікаў. У выніку Верамееву на падставе ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (замах на арганізацыю масавых беспарадкаў) і ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варажнечы) прысудзілі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін шэсць гадоў і шэсць месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Ілля Верамееў на судзе напрыканцы жніўня 2022 года
«Ён трымаўся добра. На здымку з суда відаць, як ён пасталеў... На спатканні маці потым прызнаваў, што папаўся вельмі недарэчна. У яго быў такі стан тады [пачатак вайны] — гістэрыка і бездапаможнасць. Назапасілася гэта ўсё настолькі, што аж да псіхозу нейкага».
Сястры распавялі (сама яна ў Беларусь з Украіны прыехаць не можа), што Ілля ўспрыняў прысуд спакойна — ён ужо чакаў такі тэрмін:
«Ён успрыняў гэта ўсё спакойна. Ён вельмі верыць у беларусаў і Украіну, што ўсё будзе добра».
«Але столькі гадоў за каментары? Сур'ёзна? У мяне гэта не укладаецца ў галаве. Я вельмі доўга жыву ва Украіне ўжо, і вось гэтае адчуванне свабоды і выканання закона ў мяне засела вельмі глыбока. І гэтае беззаконне мяне проста вымарожвае», — рэагуе сястра на прысуд.
22 лістапада ў Вярхоўным судзе адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі — пасля гэтага хлопца этапуюць у калонію.
Што пісаць у лістах і пакласці ў пасылку Іллі?
Сястра палітвязня распавядае, што хлопец з дзяцінства меў шмат інтарэсаў: ён скончыў музычную школу па класе баяна, займаўся спортам — захапляўся батутамі і барацьбой. Незадоўга да затрымання ён атрымаў правы кіроўцы. Паводле Яны, хлопец вельмі любіць гатаваць і маляваць.
Лісты Іллі са зняволення
«Ён з дзяцінства любіў маляваць — у яго гэта няблага атрымлівалася, ён прамалёўваў усё да самай дробнай дэталі. І цяпер у СІЗА ён малюе шмат. Ілля хацеў стаць дальнабойнікам, як і я. Таксама хацеў стаць паліцыянтам ці бізнэсоўцам.
Ілля вельмі любіць аўтамабілі, маляванне і гатаванне. Яму было б цікава прачытаць рэцэпты страў з таго, што можна прыгатаваць там. Ілля вельмі любіць музыку, але цяпер расійскую не слухае. Пасля затрымання ён прасіў даслаць яму тэксты песень, але іх не прапусцілі. Я прасіла яго праз маму, каб ён намаляваў комікс пра нашу з ім сустрэчу...
Калі ёсць такая магчымасць, то прашу паслаць яму пустых канвертаў і прыналежнасцяў для малявання — алоўкі і паперу. Мяркую, ён быў бы вельмі рады гэтаму!»
Да апеляцыі (22 лістапада) хлопца можна падтрымаць пасылкамі, грашовымі пераводамі і лістамі: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Ілля Аляксандравіч Верамееў