У верасні 2020 года выкладчык БелДУТа Яўген Малікаў з-за ўдзелу ў маршы адбыў адміністратыўны арышт у ізалятары часовага ўтрымання ў Гомелі. Пасля чаго вярнуўся на працу, але прапрацаваў усяго два месяцы. 19 лістапада яго звольнілі з працы дацэнта кафедры «Архітэкутура і будаўніцтва». Як кандыдат мастацтвазнаўства жыве сёння, у інтэрв'ю Флагштока.
— Распавядзіце пра сваё жыццё, што новага адбылося пасля вашага звальнення?
— За мінулыя паўгады са мной адбыліся дастаткова сур’ёзныя змены, можна нават сказаць прыгоды. Я працаваў ва ўніверсітэце з 2004 года. Гэта работа была фінансава не вельмі прыбытковая, але па-чалавечы мне было вельмі цікава працаваць са студэнтамі.
Мяне звольнілі з фармуліроўкай «за аморальный поступок не совместимый с работой в данной должности». А амаральным учынкам сталася менавіта маё знаходжанне на сутках у ІЧУ. Пры звальненні маімі працадаўцамі было парушана дзеючае беларускае заканадаўства, але, нягледзячы на гэта, суд Чыгуначнага раёна Гомеля, а пасля і Гомельскі абласны суд, палічылі, што маё звальненне было законным. Відаць, гэта жывое ўвасабленне фразы аднога вядомага персанажа “иногда не до законов”.
Былыя выкладчыкі БелДУТа. Яўгена Малікава звольнілі за ўдзел у пратэстах, Таццяна Кублашвілі сышла сама ў знак салідарнасці
Пасля звальнення я апынуўся фактычна без крыніцы заробку. Тут мне вельмі дапамаглі нашы беларусы — сябры і незнаёмыя мне людзі. Як мінімум тройчы розныя людзі прапаноўвалі прывезці пару мяхоў бульбы для падтрымання рацыёну. І я зараз вельмі ўдзячны гэтым людзям за падтрымку, я рэальна адчуў, што такое беларуская салідарнасць. Гэта сапраўды вельмі крута! І я вельмі ўдзячны ўсім тым, хто мяне падтрымаў у той складаны перыяд. Я знайшоў шмат новых сяброў, пры гэтым я рэальна магу назваць іх сябрамі. Гэта класна!
Калі пытанне з галоднай смерцю адклалася, дык пытанне з беспрацоўем засталося, і яго трэба было неяк вырашаць. Улічваючы запіс, зроблены маімі былымі працадаўцамі ў маёй працоўнай кніжцы, перспектывы працаваць у Беларусі па спецыяльнасці ў мяне былі не вельмі добрыя.
Яўген Малікаў праводзіць экскурсію ў межах Фэста экскурсаводаў (2018 год)
У гэты ж час я даведаўся, што Польская акадэмія навук абвясціла конкурс гадавых стажыровак, у якім могуць прымаць удзел і навукоўцы з Беларусі. У прынцыпе, у цывілізаваных краінах гэта вельмі распаўсюджаная практыка — конкурсы, стыпендыі і гранты на навуковыя даследаванні, у нас у Беларусі гэта з’ява пакуль у зародышавым стане знаходзіцца. У Польшчы ў гэтым плане ўсё значна прасцей і больш даступна.
Зараз я знаходжуся ў Варшаве, дзе праходжу стажыроўку фактычна паміж трыма навуковымі інстытутамі: Інстытутам гісторыі Польскай акадэміі навук, Інстытутам Штукі (мастацтвазнаўства) Польскай акадэміі навук і Нямецкім інстытутам у Варшаве. Фактычна я займаюся даследаваннем той навуковай тэмы, якой я займаўся і ў Гомелі. Гэта драўляная народная архітэктура і яе дэкор. Толькі ў Гомелі я даследаваў архітэктуру Беларусі, Украіны і Расеі, а тут я займаюся даследаваннем польскай народнай архітэктуры і яе параўнаннем з архітэктурай беларусаў, украінцаў і рускіх. Фактычна ў мяне павялічыўся толькі геаграфічны аб’ём даследавання, але гэта дазваляе павялічыць яго гістарычную глыбіню. Улічваючы, што лужыцкія сербы — нашчадкі старажытных славянскіх плямён, якія жылі на тэрыторыі сучасных Саксоніі і Брандэрбурга, дык дапамога Нямецкага інстытута ў Варшаве ў ажыццяўленні гэтай стажыроўкі таксама з’яўляецца невыпадковай.
Акрамя мяне тут яшчэ больш дзясятка беларускіх навукоўцаў, якія працуюць па іншых падобных праграмах, я нават з усімі яшчэ не паспеў перазнаёміцца.
— Назад плануеце вяртацца?
— Адказ цалкам прадказальны. Каб развеяць усе сумневы, адразу адкажу на яго — шаноўныя сябры, я выехаў з Беларусі ў Польшчу толькі на час сваёй навуковай стажыроўкі, гэта ні ў якім выпадку не эміграцыя, хаця ўмовы, якія папярэднічалі майму выезду, абсалютна тыя, якія для многіх беларусаў сталіся прычынамі эміграцыі, у тым ліку і ў Польшчу. Мой цяперашні побыт у Польшчы — для мяне гэта магчымасць павучыцца, не згубіць кваліфікацыю, пераняць замежны вопыт. Для мяне гэта вельмі істотна.
Канешне, выязджаючы з Гомеля, мне прыйшлося пакінуць там недаробленымі шмат якія важныя справы, на вялікі жаль. Ну што ж рабіць, часам прыходзіцца выбіраць паміж вельмі важнымі рэчамі. Спадзяюся, я ў сваім выбары не памыліўся.
— Чым вы ў асноўным займаецеся падчас стажыроўкі? Якая карысць ад яе можа быць для Гомеля ў будучыні?
— Сяджу ў бібліятэках і архівах, кансультуюся ў вядучых польскіх спецыялістаў па гэтай навуковай тэме, пішу навуковыя артыкулы, удзельнічаю ў канферэнцыях. Таксама езджу па польскіх скансэнах — музеях драўлянай архітэктуры пад адкрытым небам, пераймаю ў іх вопыт арганізацыі падобных музеяў жывой архітэктуры, знаёмлюся з методыкамі арганізацыі захавання і рэстаўрацыі драўляных будынкаў. Рэальна, гэта ідэальныя ўмовы для працы навукоўца, мне тут створана ўсё для паспяховай працы. І я бачу вельмі паважлівыя і ўважлівыя адносіны і да сябе, і да іншых беларусаў у Польшчы. Нам тут вельмі моцна дапамагаюць, кансультуюць, падказваюць — гэта адчувальна і гэта не можа не ўражваць.
Што самае важнае, нягледзячы на той хорар, у якім апынулася наша краіна, любому чалавеку, які не хлусіць сам сабе, відавочна, што час змрочнага аскепка нашага савецкага мінулага імкліва заканчваецца. Так, ён яшчэ працягвае псаваць нам жыццё, але ён — гэта ўжо мінулае, тое, што адыходзіць. І зараз мы плацім сваю цану за сваю будучыню. І вельмі хутка жыццё ў нашай краіне пачне наладжвацца, паверце, вельмі хутка! І тыя пытанні, да якіх у сённяшняй Беларусі, у нашым Гомелі, зараз няма ніякай справы — іх прыйдзецца вырашаць. Прыйдзецца разграбаць і тыя вельмі складаныя гістарычныя тэмы, ад якіх дзесяцігоддзямі хаваюцца гомельскія мясцовыя ўлады, тое, што яны імкнуцца не заўважаць, знішчыць, у тым ліку і тэму гомельскай драўлянай архітэктуры — усё гэта прыйдзецца вырашаць.
На жаль, на сёння спецыялістаў па драўлянай архітэктуры ў нас у Гомельскай вобласці амаль няма, спецыялістаў па яе рэстаўрацыі — няма зусім. Гэта ўвогуле гомельская культуралагічная катастрофа, асабліва калі ўлічыць, што менавіта гэта сфера і з’яўляецца адной з найбольш заўважных і прызнаных рэгіянальных асаблівасцяў нашай вобласці, вялізным нявыкарыстаным турыстычным патэнцыялам — фактычна, адзін з брэндаў, па сваёй сутнасці на роўных з палацава-паркавым ансамблем, традыцыяй рушнікоў і Веткаўскім музеям.
Студэнты БелДУТа сустракаюць Яўгена Малікава з ізалятара
Так што, калі хорар у Беларусі нарэшце скончыцца, а ён скончыцца, мае веды ў галіне захавання, рэстаўрацыі і турыстычнага выкарыстання драўлянай архітэктуры будуць вельмі актуальнымі і запатрабаванымі. Бо акрамя адбудовы эканомікі, нам прыйдзецца нанава адбудоўваць і сваю культуру, у тым ліку і гісторыка-культурную спадчыну. Зараз гэта гучыць неяк дзіўна і, падаецца нават — недарэчна, але гэта памылковае ўражанне. Вяртанне да сваіх каранёў, пераасэнсаванне іх на сучасным узроўні — гэта натуральны шлях развіцця ўсіх паспяховых краін, такі ж непазбежны як і дэмакратызацыя жыцця.
— Як лічыце, як да вашай стажыроўкі паставяцца людзі, якія спрычыніліся да вашага звальнення з БелДУТа?
— Ведаючы ўнутраную сутнасць тых людзей, якія дабіваліся майго звальнення з работы, для мяне відавочна, што зараз нашы «аграсіньёры» і «аграсюзерэны» будуць радасна паціраць рукі і менавіта так і казаць: «Маликов только для того и добивался увольнения из БелГУТа, чтобы удачно эмигрировать за границу, в тепленькое место. Он нам ещё должен бутылку проставится, за то, что мы его выжили! Теперь хоть поживет в нормальной стране!». Але гэта глупства! Відавочна, што гэта такі непрыстойны прыём псіхалагічнай самаабароны ў людзей, якія адносна мяне парушылі закон, іх спроба абяліць свой антызаконны ўчынак, бо ўсе яны ведаюць, што зрабілі подласць, як бы яны яе ідэалагічна не апраўдвалі. І, канешне, няма ніякіх іх заслуг у тым, што ў мяне зараз усё нармальна — гэта не вынік іх дасягненняў, гэта, хутчэй наадварот іх пралік і вынік маёй працы — нягледзячы на вельмі цяжкія ўмовы пасля звальнення, як і любы нармальны чалавек, я не апусціў рукі, а пайшоў жыць далей. А мог жа і не падаваць свой навуковы праект. Так што, калі вы пачуеце такія сцвярджэнні: «он именно этого и добивался», можаце смела заносіць гэтых людзей у спіс маральных нікчэмнасцяў.
Яўген Малікаў у Польскім гістарычным архіве
А наконт эміграцыі з Беларусі, магу сказаць, што для мне гэта ніколі не было нейкай жыццёвай перспектывай ці мэтай, тым больш увогуле неверагоднай немагчымасцю — яшчэ ў 16 год, калі я працаваў разам з італьянцамі на археалагічных раскопках, маёй маці прапаноўвалі забраць мяне ў Італію на вучобу. Але ў мяне пачынаўся апошні 11 клас, і маці не пагадзілася, а пасля паступлення на гістфак гэтае пытанне ўжо само адвалілася. У 22 гады я выйграў стажыроўку ў ЗША (пры тым, што я абсалютна не ведаю англійскую мову і да гэтага часу). Я ўжо не кажу пра паездкі ў Германію, Польшчу і Чэхію, тым больш пра Расію. А з італьянцамі мы маглі ўвогуле зараз распачаць у Беларусі сумесны праект. Але адзін усім вядомы персанаж усё сапсаваў і цяпер ніводны замежнік не будзе ўкладацца ў Беларусь. Так што пры жаданні эміграваць з Беларусі для мяне гэта ніколі не было б чымсьці немажлівым. Толькі ў мяне такой мэты ніколі не было. Няма такой мэты і ў гэты раз — скончыцца стажыроўка і я абавязкова вярнуся далей даследаваць сваю Гомельшчыну. Allem seine Zeit!
— Ці паспелі ўжо зрабіць нейкія навуковыя адкрыцці ў Варшаве?
— Ну мой кожны дзень праходзіць прыблізна па такім парадку: зранку я вучу польскую мову, пасля іду ў свае навуковыя інстытуты, ці то ў бібліятэку, ці архіў, каб займацца асноўнай тэмай, увечары саджуся дапісваць сваю кнігу па развіцці фотасправы ў Гомелі ў 19 – першай палове 20 ст. Прыблізна так кожны дзень.
Нават з таго, што я ўжо паспеў тут праглядзець — ужо ёсць пэўныя цікавыя знаходкі, але аб іх я распавяду неяк іншым разам, зараз захаваю таямніцу. А заўтра я паеду паспрабую ажыццявіць старажытную мару ўсіх гомельскіх гісторыкаў, мару аб якой пісалі яшчэ дарэвалюцыйныя гісторыкі ў пачатку ХХ ст. Падрабязнасцяў зараз не падам. Як казаў Леанід Канеўскі, «гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя». Так што трымайце кулачкі за мяне і набярыцеся цярплівасці. Не ведаю, што з гэтага атрымаецца, але ўнікальныя гістарычныя знаходкі для нашага горада дакладна будуць. Гэта 100% гарантавана!
— Ці паспелі пазнаёміцца з беларусамі Варшавы? Там зараз шмат палітэмігрантаў.
— Канешне! Тут вельмі шмат беларусаў, і не толькі тых хто з’ехаў па палітычных матывах. У першую чаргу мора людзей з’ехала па эканамічных прычынах. Напрыклад, учора ў краме «Бедронка» сустрэў маладога хлопца, у якога на бэджы было напісана «Яўген» лацінскімі літарамі, высвятлілася, што ён з Віцебска. Я ўжо не кажу пра айцішнікаў, мэнэджараў і іншых. Выязджаюць цэлымі сем’ямі! Нават ёсць некалькі сем’яў з Гомеля. На вуліцах тут вельмі шмат расейскамоўных людзей: беларускаў, украінцаў, расейцаў. Ужо раз пяць у розных частках горада бачыў вывешаны на вокнах беларускі сцяг. Прыемнай нечаканасцю для мяне стаў пераезд у Варшаву маёй былой калегі па працы Таццяны Кублашвілі. Цяпер мы тут можам утвараць свой варшаўскі філіял кафедры. Засталося толькі студэнтаў перацягнуць і можна пачынаць навучанне!
Ведаеце, нягледзячы на мой часовы ад’езд і тыя непрыемныя яго прычыны, у нас за акном лета, а лета — гэта перыяд самых яркіх уражанняў, самых яркіх прыгод, якія мы будзем памятаць цэлы год. Таму нягледзячы на тое, што я, як і многія беларусы, зараз вельмі далёка (а кагосьці жыццё закінула яшчэ далей), не трэба забываць — што б не здарылася, лета нам ніхто не адмяняў!
Флагшток