У складаны час змагання з каронавіруснай інфекцыяй валанцёры робяць усе намаганні, каб ратаваць беларускіх медыкаў ад нябачнага ворагу. Іх праца нечым падобная на тое, чым займаліся грамадзяне падчас дэфіцыту ў Савецкім саюзе: валанцёры шукаюць, дастаюць, дамаўляюцца, “выгрызаюць” з-пад зямлі рэчы павышанага попыту. Такімі сёння, напрыклад, з’яўляюцца рэспіратары. Дзякуючы ім медыкі могуць застацца здаровымі і працягваць ратаваць тысячы людзей.
«Флагшток» паразмаўляў з Андрэем Стрыжаком — гомельскім каардынатарам кампаніі ByCovid-19, якая дапамагае медыкам.
— Што неабходна бальніцам і чым валанцёры могуць дапамагчы?
— Асноўная патрэба ў рэспіратарах класу ffp3, ffp2, якія больш-менш надзейна абараняюць ад заражэння, гэта спецыяльныя герметычныя акуляры, якія цалкам вочы абараняюць, гэта абарончыя шчыткі, якія закрываюць твар, гэта супрацьчумныя камбінезоны, нарукаўнікі, шапкі «шарлота», высокія бахілы. Я апісаў амаль усю абарону лекара, як ён павінен выглядаць ад ног да галавы.
Асобна патрабуецца абсталяванне. Напрыклад, пульс-аксіметр — вельмі хутка дазваляе вымяраць кісларод у крыві без забора крыві. Бо калі кісларод падае, чалавека трэба на штучную вентыляцыю лёгкіх адпраўляць.
Яшчэ і кіслародныя канцэнтратары, але зараз іх зусім няма на рынку. Гэта апаратура, якая дазваляе падвышаць узровень кіслароду ў крыві. Пытанне ў тым, што звычайна ёсць разводка кіслароду праз трубавод па шпіталі па сценах. Але яна ёсць не паўсюль. У новых шпіталях, калі ён не пульманалагічнага профілю, то там няма разводкі. І калі туды прывозяць “кавідных”, то наўпрост з балону кісларод даць нельга, бо парвуцца лёгкія. А кіслародны канцэнтратар добры тым, што канцэнтруе кісларод наўпрост з паветра. Але іх вельмі мала, мы толькі 10 штук набылі па тысячы баксаў. Яны ўжо пастаўленыя ў шпіталі.
— Наколькі ахвотна бальніцы Гомеля звяртаюцца па дапамогу?
— Больш за 1 600 зваротаў зараз па ўсёй краіне. У Гомелі мы працуем з 5–6 бальніцамі, якія прымаюць нашую дапамогу. У першую чаргу мы працуем з тымі, дзе ёсць хворыя на кавід. Бо ўсё ахапіць мы не можам — заявак вельмі шмат, рэсурсаў вельмі мала.
— Нядаўна буйныя IT-кампаніі змаглі даставіць 700 тысяч рэспіратараў Мінздароўю, ці гэта спросціць працу валанцёрам?
— Дзякуй вялікі Варгеймінгу, ЕПАМу, Іменам, якія змаглі дамовіцца з пастаўшчыком 3M (3М — топавы вытворца рэспіратараў). Таксама ведаю, што дзяржава атрымае вялікую колькасць рэспіратараў у Кітаі. Я спадзяюся, што да канца гэтага тыдня сітуацыя з рэспіратарамі пачне выпраўляцца. Адзінае што, не ва ўсе раённыя бальніцы гэта даедзе.
— Ці дастаткова 700 тысяч рэспіратараў для Беларусі?
— У Беларусі 120 000 медыкаў, якія працуюць непасрэдна з кавідам. Яны будуць дэзынфікаваць іх, рэспіратары будуць фізічна зношвацца. Плюс не забывайце, што пэўная частка будзе адпраўлена ў рэзерв. Невядома колькі рэспіратараў дойдзе да канкрэтнага лекара. Мы на гэта не разлічваем. Радыя, што гэта ёсць, але нашая праца — гэта нашая праца. І мы яе працягнем.
— Як людзі могуць дапамагчы валанцёрам?
— Можна стаць валанцёрам. Зараз ва ўсіх рэгіёнах ёсць чаты валанцёраў. Час ад часу там можна атрымаць транспартныя задачы ад каардынатара ці нейкія іншыя. Можна ўступіць у чат швей, калі ў вас ёсць швейная машынка і вы можаце шыць. Вы можаце шыць абарончыя касцюмы. Калі ў вас ёсць 3D-прынтар ці разак вы можаце рабіць абарончыя шчыткі. Вы можаце ахвяраваць грошы на пляцоўцы Mola-Mola. Калі вы юрыдычная асоба і хочаце дапамагчы, таксама звязвайцеся з намі. Таксама на рэгіянальныя хабы можна прынесці прадукты для перакусу лекараў.
Хочаце дапамагчы бальніцам? Ці вашай медычнай установе патрабуецца дапамога? Тады заходзьце на сайт ініцыятывы ByCovid-19, дзе знойдзеце ўсе неабходныя інструкцыі.
Хочаце прынесці дапамогу медыкам («сухі паёк», далучыцца да швейнай вытворчасці) прыходзьце ў КаўчэгХаб.
Да чату гомельскіх валанцёраў можна далучыцца ў Тэлеграме.
Флагшток