Чытачы Флагштока апошнія пяць дзён запытваюцца, што адбываецца на пляцоўцы каля "Белтэлекама". Гомельцы адзначаюць, што будаўнічыя працы па ўзвядзенні флагштоку аднавіліся, але пашпарту аб'екта па стане на 6 красавіка не знайсці.
На пляцоўцы каля "Белтэлекама" быў заўважаны работнік у робе Гомельскага домабудаўнічага камбіната. У прыёмнай гэтай установы не змаглі адказаць, якога кшталту адбываюцца працы і параілі запытацца ў будаўнікоў на самой пляцоўцы. Але пляцоўка агорджаная высокім плотам і патрапіць туды складана. Падчас фатаграфавання пляцоўкі праз плот адзін з будаўнікоў паспрабаваў разбіць металічным штыром фотакамеру рэпарцёра Флагштока.
У аддзеле будаўніцтва Гомельскага гарвыканкама і ў Камітэце па архітэктуры і горадабудаўніцтву аблвыканкама патлумачылі, што на пляцоўцы каля "Белтэлекама" адбываецца рамонт цеплатрасы. Ці звязаныя гэтыя працы з падрыхтоўкай пляцоўкі для ўстаноўкі флагштока, ні ў водным дзяржаўным ведамстве, у якія звярнуўся Флагшток, не адказалі.
Флагшток