540 метраў чалавечай годнасці: як у Пакалюбічах змагаюцца за годную дарожную інфраструктуру

| Горад

У аграгарадку Пакалюбічы пад Гомелем на большасці вуліц дагэтуль адсутнічае асфальтавае пакрыццё. Мясцовы актывіст Уладзімір Сінцоў вырашыў не мірыцца з гэтым і ўжо некалькі год з пераменным поспехам вядзе змаганне за безбар’ернае асяроддзе.

Уладзімір з дзяцінства перасоўваецца ў вазку, але абмяжоўваць сябе сядзеннем дома ніколі не збіраўся і любіць выбірацца «ў людзі». Рабіць гэта самастойна ў Пакалюбічах атрымліваецца не паўсюль: большасць вуліц, як і сто год таму, дагэтуль неасфальтаваныя.


Надзея, маці Уладзіміра:

— Так, ён можа пасядзець у двары дома, але не будзеш жа там сядзець суткі. Таму я таксама пераканана, што адсутнасць нармалёвых дарог гэта праблема нават не толькі майго сына, гэта праблема для ўсіх.


З 2017-га года мужчына дамагаецца стварэння годнай інфраструктуры ў родным населеным пункце. На першыя крокі яго натхнілі аднадумцы з Санкт-Пецярбурга і ў выніку за гэты час у перапісцы пройдзены ўжо не адзін орган улады. 

Я пісаў у аблвыканкам і райвыканкам, ды наогул, каму ўжо толькі не пісаў! Бывала нават, што і ніякага адказу не прысылалі, але гэта мяне не спыняла, — заўважае актывіст.


Змаганне за свае правы дало некаторы плён: з часам прыпынкі грамадскага транспарту абсталявалі неабходнымі пандусамі і пад’ездамі да іх, пакрылі асфальтам спуск на вуліцы Працоўнай з цэнтральнай вуліцы даўжынёю ў 250 метраў, стварылі невялічкую асфальтаваную сцяжынку да дома Уладзіміра на вуліцы Савецкай.





Але на дарозе ад яго роднай хаты да шматлікіх іншых устаноў толькі робяць ямачны рамонт. Такіх працаў хапае на непрацяглы перыяд – дажджы і эксплуатацыя разбураюць іх на вачах.


На мінулым тыдні ў чарговы раз падсыпалі глебы, але па структуры яна хутчэй нагадвае шэрыя будаўнічыя сумесі з каменьчыкамі, чым трывалае дарожнае пакрыццё. Кожны праезд аўтамабіля па такім насыпе цягне за сабою яшчэ і клубы пылу, ускладняючы і без таго няпростае перасоўванне па ёй для пешаходаў.




Справа не асабістых жаданняў, а заканадаўства

У сваім змаганні за належную інфраструктуру Уладзімір апелюе да цэлага шэрагу нарматыўных актаў і патрабуе выканання беларускага заканадаўства ў стварэнні належнага безбар’ернага асяроддзя:

  • Закон Рэспублiкi Беларусь АД 1991/11/11 №1224-Х11 (Рэд. ад 16.11.2010) "Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспублiцы Беларусь»;
  • Закон Рэспублiкi Беларусь (АД 2004/07/05 №300 - 3 (Рэд. АД 02.072009) «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь";
  • Пастанова Савета мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 21.06.2005 №673 (Рэд. АД 11.12.2007) «Аб зацвярджэннi комплекса дадатковых мерапрыемстваў па стварэнні безбар'ернага асяроддзя для інвалідаў, забеспячэнню іх свабоднага доступу да грамадскага транспарту, месцаў вучобы, работы, адпачынку»;
  •  Згодна арт. 24 закона "Аб сацыяльнай абароне інвалідаў», Савета міністраў Рэспублікі Беларусь, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, iншыя арганiзацыi забяспечваюць інвалідам неабходныя ўмовы для свабоднага доступу да аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры, жылых, грамадскіх, вытворчых будынкаў і збудаванняў, бесперашкоднага карыстання грамадскім транспартам і транспартнымі камунікацыямі, сродкамі сувязі і інфармацыі, месцамі адпачынку;
  • Згодна арт. 26 закона "Аб сацыяльнай абароне інвалідаў», дзеючыя аб'екты сацыяльнай інфаструктуры павінны быць прыстасаваны для доступу і выкарыстання інвалідаў у парадку і на умовах, якія вызначае адпаведнасць рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі з удзелам грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў;
  • Згодна п. 8 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21.06.2005. №673 (Рэд. Ад 11.12.2007) «Аб зацвярджэннi комплекс дадатковых мерапрыемстваў па стварэнні безбар'ернага асяроддзя для інвалідаў, забеспячэнню іх свабоднага доступу да грамадскага транспарту, месцаў вучобы, работы, адпачынку», ажыццяўляцца паэтапна рэканструкцыі існуючых вулічна-дарожнай сеткі, пешаходны пераход да грамадскіх месцаў, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі выкананнем комплекс мерапрыемстваў па стварэнні безбар'ернага аблвыканкамамі, райвыканкамамі і гарвыканкама. 


Грошай няма, але вы трымайцеся

Паводле словаў Уладзіміра, прадстаўнікі ўлады рэгулярна спасылаюцца на адсутнасць грошай для ажыццяўлення неабходных зменаў. Але такі стан рэчаў цягнецца ўжо гадамі і выклікае пытанні.


Атрымліваецца сітуацыя, пры якой у Гомелі, нягледзячы на недахопы ў безбар’ерным асяроддзі, справы ідуць у разы лепей, і каб адпачыць, трэба выбірацца з Пакалюбічаў.

Пры гэтым трапіць у горад магчымасцяў няшмат – або прыватны аўтатранспарт, або грамадскі. «Ды яшчэ і не кожны кіроўца аўтобуса рады апусціць пандус, у мяне бывалі ўжо канфлікты на гэтай глебе», — прызнаецца Уладзімір.


Сацыяльнае таксі, якое звычайна абслугоўвае людзей з абмежаванымі магчымасцямі даступнае не ўсім:

Я адзін раз ім скарыстаўся і тое яны возяць толькі ў дзяржустановы. А ў Гомельскі раён яны наогул не ездзяць. Таму і даводзіцца ўсё вырашаць самастойна, — канстатуе актывіст.

Паліклініка, крама, пошта і царква

Сама па сабе наяўнасць асфальтавага пакрыцця не вырашыць усіх пытанняў з даступнасцю розных устаноў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, прызнаецца Уладзімір. Так у Пакалюбічах, напрыклад, адсутнічае пандус у аддзялення пошты ды бліжэйшай крамы.



Уладзімір хацеў бы наведваць і царкву, але трапіць у яе яму таксама будзе цяжка. Нягледзячы на неаднаразовыя будаўнічыя і рамонтныя працы, пандус адсутнічае і тут, хоць царква ды прылеглая тэрыторыя добра ўпарадкаваныя.



Я перакананы, што дастойная інфраструктура ў Пакалюбічах патрэбна не толькі мне, — лічыць Уладзімір. — Сваім прыкладам я спрабую паказаць, што ўсяго можна дамагчыся і бараніць свае правы гэта правільна і варта пераймання. Калі дзяржава нам нешта гарантуе, то яна мае выконваць гэта а ў нас ёсць законнае права патрабаваць ад яе выканання абяцанняў. Мне ўсяго толькі хочацца раз-пораз як і іншым жыхарам Пакалюбічаў выбірацца ў тую ж краму, паліклініку, пошту ды царкву самастойна або проста пагуляць не выязджаючы на цэнтральную вуліцу, дзе шмат аўтамабіляў.


На дадзены момант актывіст працягвае збор подпісаў пад зваротам у Адміністрацыю Прэзідэнта.


Таксама ў планах Уладзіміра – запуск уласнага відэаблога, з дапамогай якога ён збіраецца прыцягваць увагу да нявырашаных праблемаў у Пакалюбічах. На дадзены момант ён шукае аднадумцаў ды валанцёраў, якія дапамогуць яму з ажыццяўленнем задуманага. Калі вы можаце дапамагчы ў гэтым, або жадаеце пакінуць свой подпіс пад зваротам, то тэлефануйце Уладзіміру па нумары: +375 29 657 56 40.



Яўген Меркіс 
Флагшток