Адрамантаваны дом аўтарства Станіслава Шабунеўскага. Але краязнаўцы незадаволеныя

| Горад

Гомельскія краязнаўцы з супольнасці Пошукі старога Гомеля далі сваю адзнаку рэканструкцыі гістарычнага будынку аўтарства Станіслава Шабунеўскага, які месціцца на вуліцы Савецкай:

Першае, што звяртае ўвагу — гэта ружовы колер фасаду, які замяніў старую "светлафорную" (жоўта-зялёную) каляровую схему. Задума зразумелая — аўтары рэстаўрацыі імкнуліся наблізіць будынак да першапачатковай каларыстыкі, дзе колер натуральнай цэглы кантраставаў з гіпсавым дэкорам. Але штосьці пайшло не так і "цэгла" атрымала парасячы адценак. 


Па-другое, мы не заўважылі аднаўлення страчаных дэталяў фасаду. Ад пары балконаў, якія былі на будынку яшчэ да вайны, засталіся незразумелыя белыя прамавугольнікі — іх не аднаўлялі, агароджы захаваўшыхся балконаў засталіся ў сваім максімальна спрошчаным пасляваенным выглядзе, нават кавалкі відавочна адбітага дэкора не адноўленыя — іх проста наноў пафарбавалі.



З пазітыўных зменаў можам адзначыць замену пластыкавай "сталяркі" на драўляныя вокны з рэалістычнымі пераплётамі.

Цікава, што над будынкам знік позні "судовы" герб. Але і першапачатковую маскарону, якая калісьці глядзела з круглай нішы на вуліцу Румянцаўскую, ніхто не аднавіў. Зараз там незразумелая "глухая" разетка.


Пошукі старога Гомеля адзначаюць, што спрабавалі перадаць гістарычныя матэрыялы аўтарам праекта і ўладальніку аб'екта, але гістарычныя матэрыялы цікавасці не выклікалі.

Гістарычная даведка: будынак на фотаздымках — стары прыбытковы дом. У сваёй аснове будынак састаіць з трох частак, пабудаваных у розныя часы. У самым пачатку 20 стагоддзя Станіслаў Шабунеўскі рэканструяваў будынкі, аб'яднаўшы іх адзіным фасадам з прыкметамі стылю мадэрн. Да рэвалюцыі дом належыў некалькім гаспадарам (сярод іх Захарый Красільшчыкаў, Арон Шур) у будынку месціліся крамы і гасцінічныя нумары. У познесавецкія часы ў будынку месціўся суд. Мае статс гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. 

Пошукі старога Гомеля