Чэкіст і епіскапы: у гонар каго хочуць назваць вуліцы ў цэнтры Гомеля

| Горад

Гомельскія ўлады вынеслі на грамадскае абмеркаванне пытанні па перайменаванню вуліц і сквераў. У прыватнасці, па хадайніцтве Гомельскай епархіі БПЦ прапануецца даць назву «Сквер архіепіскапа Арыстарха» зялёнай зоне насупраць адміністрацыі Цэнтральнага раёна і перайменаваць частку вуліцы Крапоткіна ў вуліцу Мітрапаліта Філарэта. А частцы вуліцы Білецкага прапануецца даць найменне «Вуліца Мікалая Зябніцкага». Гэтыя прапановы ўжо ўхваліў гарсавет, але канчатковае рашэнне абавязаны прыняць пасля грамадскага абмеркавання.

Аднак ці ведаюць жыхары Гомеля, што такое абмеркаванне ладзіцца, і чым вядомыя людзі, імёны якіх хочуць увекавечыць на гарадской мапе?



Будынак абласнога ўпраўлення КДБ


Флагшток не знайшоў на афіцыйных сайтах гарвыканкама і адміністрацыі Цэнтральнага раёна абвестак аб гэтым грамадскім абмеркаванні. У той жа час, з публікацыі ў папяровай версіі дзяржаўнай газеты стала вядома, што абмеркаванне ўжо ідзе з 23 ліпеня і працягнецца да 22 жніўня. Выказваць сваё меркаванне прапануецца па адрасе тапанімічнай камісіі: Гомель, вул. Савецкая, 16 або па тэлефонах: 53-61-14, 53-73-55, 53-70-61.

Калі з памерлымі праваслаўнымі іерархамі ўсё зразумела — дзяржаўная ідэалогія пачала выкарыстоўваць іх асобы ў сваіх мэтах, то хто такі Мікалай Зябніцкі, у гонар якога хочуць назваць частку вуліцы, і ад каго паступіла такая прапанова?

Флагшток спрабаваў высветліць гэта ва ўпраўленні ідэалагічнай работы Гомельскага гарвыканкама, аднак на працягу дня па некалькіх нумарах тэлефонаў там так і не знялі слухаўку — «адказваў» толькі факс. Таму на гэтыя пытанні мы паспрабавалі знайсці адказы самі.

Мяркуючы на ўсім, у гонар Зябніцкага хочуць назваць частку вуліцы побач з будынкам абласнога ўпраўлення КДБ (ад вуліцы Ланге да брацкай магілы ў парку), фактычна — тратуар. На фасадзе КДБ знаходзіцца мемарыяльная дошка Мікалаю Зябніцкаму. Гэта — ураджэнец Омскай вобласці РФ, Герой Савецкага Саюза, маёр дзяржбяспекі. Падчас Другой сусветнай вайны камандаваў атрадам спецыяльнага прызначэння імя Дзяржынскага, а затым служыў у падраздзяленні органа дзяржаўнай бяспекі на тэрыторыі Гомельскай вобласці, пахаваны ў Гомелі.



На фасадзе КДБ знаходзіцца мемарыяльная дошка Мікалаю Зябніцкаму


Можна зрабіць выснову, што перайменаваннем часткі вуліцы ў гонар свайго героя КДБ хоча прысвоіць сабе гарадскі тапонім. Ці паўплываюць на гэта вынікі грамадскага абмеркавання і якімі яны будуць — можна здагадвацца. Відавочна адно — што пры цяперашняй уладзе перайменаванне вуліц дазволена толькі некаторым катэгорыям ініцыятараў: праваслаўнай епархіі Маскоўскага патрыярхату, якая стала саўдзельніцай ідэалагічнай работы дзяржавы, і сілавым ведамствам, якія працуюць на рэпрэсіўны апарат.

Нагадаем, у Рэчыцы чыноўнікі прапанавалі перайменаваць вуліцу ў гонар Мітрапаліта Філарэта, аднак прапанова не атрымала падтрымкі ў мясцовых жыхароў.