Жыхарка Гомеля Святлана Якубовіч і палітзняволены Станіслаў Мачалаў сталі сужэнцамі ў дзень пачатку вайны. Дату не выбіралі — хацелі ажаніцца 22.02, каб добра памятаць дзень, але ў загсе адмовілі і прызначылі іншую дату. Так супала, што ў гэты дзень Расія пачала вайну супраць Украіны.
Гісторыю незвычайных сужэнцаў апублікаваў блог «Галасы». Святлана і Станіслаў не былі знаёмыя да восені 2020 году, хоць і жылі ў адным раёне. Сталі сябраваць пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі ў Гомелі пачаліся масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый і гвалту з боку сілавікоў. Тады затрымалі і асудзілі на 15 сутак Станіслава. Людзі з раёну вырашылі яму дапамагчы з перадачамі, падключылася і Святлана.
«Пасля ягонага затрымання і "сутак" мы пазнаёміліся, пачалі размаўляць. Аказалася, што ён таксама любіць доўгія пешыя шпацыры, катанне на ровары. У нас знайшлося шмат агульнага. Ён, як і я, любіць розныя прыгоды. Мне здаецца, мы падобныя ва ўпартасці, смеласці», — кажа Святлана.
Затым сітуацыя паўтарылася, толькі наадварот — у сакавіку 2021 году міліцыя затрымала Святлану, яна атрымала 15 дзён арышту. Тады ўжо Станіслаў пачаў дапамагаць з перадачамі. А хутка, 24 сакавіка, у другі раз затрымалі Станіслава і пасадзілі на 15 сутак. Перадачы зноў давялося насіць Святлане.
І вось у траўні таго ж года Станіслава схапілі ўжо па крымінальным артыкуле — за марш 20 верасня 2020 году. Святлана вырашыла, што не можа пакінуць яго ў такі цяжкі час, тым больш, бацькі мужчына цяжка хварэюць.
«Трэба было шукаць адваката, насіць перадачы. І ён тады ўжо не быў мне абыякавы. Хоць перыяду "кветак і цукерак" у нас не было — мы проста не паспелі. Папраўдзе, такія экстрэмальныя ўмовы і паказваюць, чаго варты чалавек. Наколькі ён смелы, паслядоўны ў сваіх прынцыпах, адказны. Калі мы да яго затрымання разам бавілі час, то мне здавалася, што разам мы проста вялізная моц. Я адчула, што даўно чакала якраз такога чалавека», — успамінае Святлана.
Пасля прысуду — 3 гады зняволення — Станіслаў сам прапанаваў пабрацца шлюбам. Першую прапанову напісаў у лісце, але ён не дайшоў. Пазней, на спатканні, Станіслаў спытаў у Святланы, ці згодная яна:
«Выйсці замуж у турме — пра такое я дакладна не марыла. Але калі ўжо мы так экстрэмальна пазнаёміліся, то давялося экстрэмальна рабіць вяселле. У нас мала было рамантычных сустрэч. Выйшла наадварот: мы спачатку пажаніліся, а потым, пасля вызвалення, будуць рамантычныя сустрэчы».
Шлюб планаваўся на 12 гадзін. А шостай Святлана даведалася, што пачалася вайна. Для яе гэта быў шок, але давялося ўзяць сябе ў рукі і дзейнічаць па плане. Адмыслова для цырымоніі жанчына знайшла дзве вышыванкі.
На шлюб Станіслава прывялі не толькі ў масцы — з прычыны асцярогі перад каронавірусам — але і ў шлеме. На цырымоніі жаніх сядзеў за кратамі, наблізіцца да яго не дазволілі. І толькі пасля роспісу, які быў вельмі хуткім, сужэнцы абмяняліся пярсцёнкамі і абняліся на некалькі секунд.
А пасля «вяселля» Станіслава адразу кінулі ў карцэр на тры дні, таму ён нават не змог пакаштаваць большасць той смакаты, якую яму перадала Святлана.
Затым — этап з СІЗА, і толькі 27 красавіка ад Станіслава прыйшоў першы ліст. Аказалася, яго накіравалі ў калонію «Воўчыя норы».
«Лісты ад яго светлыя, цёплыя. Яшчэ на дзень шлюбу ён падрыхтаваў для мяне "валянцінку". Але не змог аддаць. Цяпер прыслаў у лістах. Піша, што кахае мяне і моцна сумуе. Я таксама сумую», — гаворыць Святлана, чакае спаткання ў калоніі і вызвалення мужа, якое павінна адбыцца ў канцы 2023 году.