Гэта правал. Даследчыкі Гомеля разглядаюць новы будынак гандлёвага цэнтра на Прывакзальнай полошчы

| Горад

На Прывакзальнай плошчы Гомеля сканчаецца пабудова новага аб'екта. Гэта гандлёвы цэнтр, які стане апошнім аб'ектам у ансамблі плошчы. Даследчыкі гораду з супольнасці "Пошукі старога Гомеля" паспрабавалі даць адзнаку новаму аб'екту. 


Архітэктура

Гэта ўжо не ангарабудаванне, як то прынята ў айчынным жанры пабудовы гандлёвых цэнтраў. Тут ёсць прыкметы творчага пошуку. Па сваёй архітэктуры будыніна спрабуе падладзіцца пад сучасныя ўяўленні беларускай архітэктуры — шырокі плоскі дах на калонах менавіта адтуль.




 Аб'ём гандлёвага цэнтра аказаўся ніжэйшым за навакольную забудову. З кропкі гледжання класічнай архітэктуры — гэта правал. Вуглавы аб'ект на перакрыжаванні вуліц не можа быць самым нізкім у кампазіцыі. Нездарма ўсе праекты савецкіх часоў прадугледжвалі тут будаўніцтва вышыннага дому. 



Прывязка аб'екта здзівіла. Прамавугольны план праекта проста не ўпісаўся на існуючую сетку вуліц! Ні з аднаго боку гандлёвы цэнтр не вытрымлівае чырвоныя лініі. Вуглавой часткай гандлёвы цэнтр уразаецца ў сфармаваны перыметр Прывакзальнай плошчы. З боку вуліцы Курчатава рэальны касяк — архітэктары не змаглі адаптаваць праект да месца і зрабілі тратуар у форме кліна — шырокі з аднаго боку і вельмі вузкі з другога. 



Каларыстычнае рашэнне

Аўтары праекту афарбавалі фасад гандлёвага цэнтру ў колеры суседняй (далёка не выдатнай) гасцініцы "Гомель". Беленькі-бежавенькі-карычневы. А што будзе калі гасцініцу перафарбуюць?


Добраўпарадкаванне

 І зноў калгас — невядома навошта, уздоўж тратуара быў пастаўлены жахлівы шэры забор (добра, што ў гандлёвага цэнтру не хапіла грошаў на падземны пераход, які гарадская архітэктура ад пачатку вельмі хацела бачыць у праекце). Абмяркоўваць болей няма чаго — на ўсёй прылеглай тэрыторыі няма слядоў ані дрэваў, ані газонаў не заўважна.


Паркоўка

Праект, які планавалі будаваць перад гэтым, меў у складзе паркінг у некалькі ўзроўняў. Відаць, гэта аказалася надта дорага для аб'екта ў самым цэнтры гораду. У выніку вырашаць праблему стаянкі аўто будзе пляцоўка насупраць сквера каля аўтавакзала. Таксісты і ад'язджаючыя з аўтавакзалу будуць радыя — першы час аўто можна будзе кінуць проста на паркоўцы гандлёвага цэнтру.


Пошукі старога Гомеля