На Сельмашы адбылася сустрэча грамадскасці г. Гомеля з распрацоўшчыкамі праекта “Схемы зялёных зон тэрыторый агульнага карыстання” для Чыгуначнага раёна Гомеля, які быў распрацаваны і прадстаўлены спецыялістамі БелНІІПГорадабудаўніцтва па замове Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі упраўлення архітэктуры Гомельскага гарвыканкама, ад адміністрацыі Чыгуначнага раёна – намесніца главы Адміністрацыі па сацыяльных пытаннях Надзея Куніцкая.
Фота: Сильные Новости
Сустрэча меркавалася як гарачая і эмацыйная, бо менавіта ў Чыгуначным раёне знаходзіцца самая праблемная зялёная зона нашага горада – возера Бабрыха і прылеглая да яго тэрыторыя, якія з’яўляюцца папулярнай зонай адпачынку жыхароў мікрараёнаў Аэрадром і Мельнікаў луг. Менавіта за гэтую зону ўжо некалькі год мясцовыя жыхары вядуць беcкампраміснае змаганне з гарадскімі ўладамі, у планах якіх змясціць на месцы рэальна існай зялёнай зоны жылы шматпавярховы мікрараён.
Сустрэча пачалася з даклада прадстаўніцы БелНІІПГорадабудаўніцтва Анастасіі Гарустовіч, якая агучыла сітуацыю з зялёнымі зонамі ў Чыгуначным раёне: адсутнасць на яго тэрыторыі прыродных водных аб’ектаў спрычынілася да адсутнасці тут і вялікіх прыродных зялёных зон – усе існыя ў Чыгуначным раёне зялёныя зоны маюць антрапалагічнае (рукатворнае) паходжанне (былыя кар’еры – азёры на Сельмашы і г.д.). Прапанаваныя распрацоўшчыкамі “Схем зялёных зон…” для ўключэння зялёныя зоны дазваляюць, нарэшце, і ў Чыгуначным раёне выйсці на абумоўленыя дзейным беларускім заканадаўствам колькасныя паказчыкі па гэтым параметры.
Важным крокам насустрач шматлікім пажаданням гараджан з боку распрацошчыкаў сталася ўключэнне ў праект “Схем зялёных зон…” тэрыторыі возера “Бабрыха”, але не цалкам, як таго дамагаліся мясцовыя жыхары, а толькі ў межах перыметра воднай паверхні возера. Звяртае ўвагу тая акалічнасць, што ў выпадку ўключэння дадзенай тэрыторыі ў спіс зялёных зон Гомеля возера Бабрыха і яго наваколле стануць першай і адзінай на сёння прыроднай (не рукатворнай!) зялёнай зонай на тэрыторыі Чыгуначнага раёна г. Гомеля. Таксама спецыялісты БелНІІПГорадабудаўніцтва рэкамендавалі мясцовым органам улады пры карэктаванні Генеральнага плана Гомеля змяніць статус гэтай тэрыторыі з “зоны жылой забудовы” на статус “Азелянённай тэрыторыі агульнага карыстання”, улічваючы, што менавіта да гэтай тэрыторыі прымыкаюць два помнікі археалогіі – гарадзішча і селішча эпохі жалезнага веку. Такая прапанова мінскіх спецыялістаў адразу зняла напружанне ў залі – ключавая праблема гараджан, нарэшце, была пачута спецыялістамі, хоць і ў абмежаваным выглядзе.
Прысутныя мясцовыя жыхары і гарадскія актывісты задалі шэраг пытанняў і прапаноў да распрацоўшчыкаў “Схем…” і прысутных прадстаўнікоў мясцовых органаў выканаўчай ўлады.
Гісторык і эколаг Юрый Глушакоў агучыў прапанову ўключэння возера Бабрыха ў турыстычны маршрут з палацава-паркавага ансамбля ў фальварак Багуслаўскі (конезавод у Прудку), а таксама іншыя перспектывы выкарыстання гэтай тэрыторыі.
Жыхарка Сельмашу Антаніна Петрачэнка задала пытанне аб магчымасці надаць статуса сквера зялёнай тэрыторыі ў раёне вуліц Чапаева-Фадзеева, на абарону якога ад забудовы яна і іншыя раённыя актывісты патрацілі больш за тры гады. У выніку значны кавалак сустрэчы мінскія спецыялісты тлумачылі механізм ўнясення змен і прапаноў у горадабудаўнічую дакуменацыю, у тым ліку і ў Генеральны план развіцця горада і правілы надання назваў тапаграфічным аб’ектам. Магчыма, гэтая тэматыка крыху адыходзіла ад галоўнай тэмы – абмеркавання праекта “Схем зялёных зон…” па Чыгуначным раёне, але тым не менш такі “лікбез” стаўся важным для многіх з прысутных у залі і зняў шэраг пытанняў.
Былы мэр горада 1990-х гг. Святлана Гальдадэ ўзняла пытанне перад прадстаўнікамі мясцовых органаў улады аб наладжванні, нарэшце, якаснага і адкрытага інфармавання жыхароў горада аб маючых адбыцца грамадскіх слуханнях па горадабудаўнічай дакументацыі. Бо практыка нашага горада паказвае, што ў абсалютнай большасці выпадкаў інфармаванне адбываецца настолкі неякасна і прыхавана, што больш падобна на мэтанакіраванае замоўчванне такіх важных для ўсіх гараджан падзей. Намесніца главы адміністрацыі Надзея Куніцкая паведаміла, што пры першай жа магчымасці праінфармуе аб дадзенай праблеме адпаведныя вышэйстаячыя органы гарадской улады.
Жыхар Сельмаша Юрый Стрыгалёў на прыкладзе новаўзведзенага будынка на вуглу вуліц Багданава і праспекта Касманаўтаў узняў пытанне аб кантролі выканання будаўнічымі арганізацыямі рэальных межаў зялёных зон, якія на стадыі грамадскага абмеркавання былі прапанаваны забудоўшчыкамі, але ў рэальнасці пасля ўзвядзення жылога будынка значна паменшыліся. Для атрымання дакладнага адказу на гэтае пытанне яму было рэкамендавана пасля сустрэчы непасрэдна звярнуцца да намесніцы главы адміністрацыі Чыгуначнага раёна Надзеі Куніцкай.
Канешне, відавочна, што такая форма працы распрацоўшчыкаў горадабудаўнічай дакументацыі, якая ўключае анкетаванне і абмеркаванне з мясцовымі жыхарамі і гарадскімі актывістамі іх наяўных праблем і запатрабаваных прапаноў па зялёных зонах горада, мае вялікі плён. На прыкладзе возера Бабрыха, абарона якога ад забудовы сталася самай гарачай і канфліктнай грамадскай сітуацыяй на тэрыторыі Чыгуначнага раёна г.Гомеля, можна прасачыць, як улік спецыялістамі-распрацоўшчыкамі меркавання жыхароў імгненна зняло напружанасць нават на прыкладзе грамадскіх слуханняў і абмеркаванняў 6 кастрычніка 2020 г. у СШ № 12, выклікаючы ў адказ толькі воплескі і шчырыя словы падзякі.
Аднак, нягледзячы на такія аптымістычныя вынікі працы БелНІІПГорадабудаўніцтва па зялёных зонах Чыгуначнага раёна Гомеля, усе яны могуць быць цалкам знівеляваны і адмоўлены на заключным этапе – зацвярджэнні распрацаваных “Схем азелянення…” заказчыкам – Гомельскім гарадскім выканаўчым камітэтам. У такім адмоўным выпадку канфлікт і супрацьстаянне паміж мясцовымі жыхарамі, якія адстойваюць сваё права на пражыванне у экалагічна камфортным асяроддзі, і мясцовымі ўладамі, якія адстойваюць магчымасці для забудоўшчыкаў узводзіць камерцыйнае жыллё, адновяцца з новай сілай.
Флагшток