Гомельцы ўратавалі ўнікальныя артэфакты

| Горад

Гледзячы на артэфакты, выстаўленыя ў музейных залах, нам звычайна падаецца, што з'яўленне кожнай з гэтых рэчаў — вынік складаных прыгодніцкіх экспедыцый супрацоўнікаў музея альбо шчодрых ахвяраванняў сямейнымі рэліквіямі. Часта гэта сапраўды так. Але бываюць і такія выпадкі, калі ўратаванне ўнікальнага экспаната — вынік праяўлення сваёй неабыякавасці і выдзялення некалькіх хвілін уласнага часу на справу, у якую шчыра верыш. Менавіта такім чынам на днях “Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава” папоўніўся чарговым узорам гомельскіх разьбяных ліштваў пачатку ХХ стагоддзя. 


Так выглядаў старадаўні дом на вуліцы Цялегіна, 2 да пачатку "еўрарамонту"


Гэты невялікі будынак па вуліцы Цялегіна, 2 ведае, мабыць, кожны студэнт ГДУ імя Ф. Скарыны. Стары дабротны дом з пачарнелага ад часу бярвення, белымі разьбянымі ліштвамі на вокнах і каваным ажурным навесам над дзвярыма, які займае заўважную пазіцыю на рагу вуліц Песіна і Цялегіна, за пятым корпусам універсітэта. 


У працэсе рамонта гомельская драўляная забудова страчвае ўнікальны разьбяны дэкор


Будынак быў узведзены ў 1928 годзе і, як кажуць гаспадары, належаў «упраўляючаму маёнткам князя Паскевіча». Праўда, уласнікаў зусім не засмучае, што дом узвялі праз 10 гадоў пасля нацыяналізацыі маёмасці Паскевічаў, і што гэта, мабыць, ужо пяцідзясяты дом чарговага «упраўляючага маёнткам Паскевіча» у Гомелі, вядомы гісторыкам. 

Сам дом з'яўляецца тыповым прыкладам гомельскай драўлянай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Будынак прамавугольны ў плане, крыты высокім двухсхільным дахам з дошчатым франтонам. Але самая выразная яго адметнасць — драўляныя разьбяныя ліштвы на вокнах.


У аснове ўзора гэтых ліштваў — старажытны індаеўрапейскі сімвал 


Унікальнасць гэтых ліштваў у тым, што ў іх карунках майстар выразаў старажытны індаеўрапейскі сімвал — «ромб, перасечаны крыжам з кропкамі ў чатырох ячэйках». Такі сімвал вядомы навукоўцам па матэрыялах з часоў неаліту і называецца «сімвал засеянага поля». Гэты ж сімвал шырока ўжываўся ў беларускай народнай культуры, асабліва ў народным ткацтве. Ён жа змешчаны нават і на цяперашнім дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь. Гомельскія даследчыкі вельмі хацелі атрымаць у музейныя зборы прыклад ліштвы з такім дэкорам, але ўсе яны віселі на жылых дамах… 


«Ромб, перасечаны крыжам з кропкамі ў чатырох ячэйках» — распаўсюджаны матыў у народным ткацтве 


Яшчэ гадоў 10 таму ў Гомелі было тры дамы з такім варыянтам разьбяных ліштваў: на вуліцах, Куйбышава, Тургенева і Цялегіна. Сёння застаўся толькі адзін на Тургенева (прынамсі, быў яшчэ ў мінулым месяцы). Літаральна дзякуючы збегу выпадковасцяў 18 мая 2020 года атрымалася ўратаваць ліштвы з дома на Цялегіна: гаспадары вырашылі «абсучасніць» фасад свайго жылля як зараз прынята, абшыць яго сайдынгам. У выніку тры ліштвы на бакавым фасадзе былі зняты і знішчаны за непатрэбаю. Дзве іншыя ліштвы і каваны ганак на галоўным фасадзе планавалі знесці на наступны дзень. Аднак, дзякуючы пільнасці ўдзельнікаў групы «Ліштва» ў Фэйсбуку, гэтыя артэфакты літаральна ў апошні момант былі ўратаваныя і пасля невялікай рэстаўрацыі зоймуць сваё пачэснае месца ў экспазіцыі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый. 


Гісторыкі выратоўваюць элементы разьбянога дэкору, цяпер ліштвы будуць захоўвацца ў музеі


Важнасць гэтых ліштваў у тым, што такі варыянт разьбянога аздаблення на тэрыторыі беларуска-ўкраінска-бранскага памежжа быў зафіксаваны выключна ў Гомелі. Фактычна гэта ўжо гатовы цэнтральны элемент спецыяльнай выставы, прысвечанай сімволіцы народнага дэкору (працоўная назва — «Выстава аднога народнага сімвала»). На ёй мяркуецца прадставіць цэлы шэраг прадметаў, у тым ліку архітэктурных элементаў адмыслова прывезеных з Чарнігава, а таксама прыкладаў ткацтва, іканапісу і г. д., дзе майстры выкарыстоўвалі гэты старажытны шматтысячагадовы знак.


Такі сімвал вядомы навукоўцам па матэрыялах з часоў неаліту і называецца «сімвал засеянага поля»


Канешне, найбольшая каштоўнасць гэтых ліштваў была бы ў іх аўтэнтычным асяродку — на сценах роднага дома. Аднак сучасныя стандарты жыцця патрабуюць ад гаспадароў адпаведнасці навамодным тэндэнцыям: старыя пацямнелыя сцены ўжо не выклікаюць яркіх эмоцый, «хочацца чагосьці больш сучаснага». Канешне, гэта законнае права гаспадароў абнаўляць свой дом і мы не можам іх папракаць у тым, што яны хочаць лепшых і камфортных умоваў пражывання. Можна аспрэчваць даўгавечнасць і эстэтычную вартасць сайдынга, белай сілікатнай цэглы і іншых «сучасных будаўнічых матэрыялаў», якія пераўтвараюць традыцыйны дом ў варыянт пластмасавай скрыні, але гаспадарам так падабаецца. Ну, а гораду гэта ўвогуле не падаецца праблемай, вартай увагі. 



Аднак у выніку наш горад і ўвесь рэгіён паступова страчваюць свае адметнасці, тое, што рабіла іх непаўторнымі і своеасаблівымі на фоне суседніх гарадоў і рэгіёнаў. З кожнай такой знішчанай ліштвай, з кожным знесеным стогадовым будынкам наш горад губляе непаўторную частку сябе, пераўтвараючыся ў сукупнасць безгустоўных функцыянальных спаруд-«машын для пражывання». Разам з гэтым бяднее і культурны набор прыкмет нашага горада, з унікальнай гісторыка-архітэктурнай з'явы ён пераўтвараецца ў тыповае, невыразнае і нецікавае пластыкавае нішто. Будзем спадзявацца, што, прынамсі, музейныя сцены змогуць перадаць наступным пакаленням часцінку пачуцця прыгажосці, уласцівай нашым гомельскім папярэднікам сто гадоў таму.

Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства

Флагшток

«Как по наждачной бумаге». Гомельчане массово критикуют «пластиковый» каток вокруг главной елки

| Горад | 0

В соцсетях появились сотни отзывов о катке, в которых утверждают, что на нем невозможно кататься из-за плохого качества искусственного льда, который называют пластиковым.