Найстарэйшую грамадскую арганізацыю Беларусі — легендарную гомельскую Талаку —улады вырашылі закрыць. Суд аб ліквідацыі вядомага аб’яднання прызначаны на 15 верасня, паведамляе Штодзень.
Арганізацыя дзейнічае з 1986 года і сёлета магла б адзначыць свой 35-ы дзень нараджэння. Талака займалася развіццём нацыянальнай культуры: адраджэннем старадаўніх беларускіх народных абрадаў, збіраннем фальклора, рэканструкцыяй аўтэнтычных святаў. Аб'яднанне папулярызавала культуру, гісторыю і краязнаўства. Многія ведалі талакоўцаў як тых, хто напярэдадні Старога Новага года традыцыйна ладзіць «шчодрыкі» на рынках Гомеля і гукае вясну на ўзбярэжжы Сожа, правозіць «Жаніцьбу коміна» і «Пахаванне стралы».
Відаць, цяперашняй уладзе нацыянальная культура і гісторыя сталі варожымі — як і мноства грамадскіх аб'яднанняў Беларусі, Талака трапіла пад рэпрэсіі.
У розныя часы сябрамі арганізацыі былі 200 чалавек. За гады існавання з яе шэрагаў выйшлі дзясяткі вядомых беларусаў. Сярод іх — праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Алесь Яўсеенка, пісьменнік Барыс Сачанка, заснавальнік гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі, бард Вальжына Цярэшчанка, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў. Дзякуючы Талацэ, дзесяткі гомельцаў адкрылі для сябе багатую старажытную беларускую культуру, многія менавіта тут упершыню пачалі размаўляць па-беларуску.
Флагшток