Грамадскасць і ўлады абмеркавалі схемы зялёных зон у Цэнтральным раёне

| Горад

У памяшканні школы № 26 адбылася прэзентацыя канчатковага варыянта праекта “Схемы зялёных зон тэрыторый агульнага карыстання” для Цэнтральнага раёна Гомеля, які быў разпрацаваны БелНІІПГорадабудаўніцтва па замове Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта. Праца вялася цягам двух папярэдніх гадоў і на гэтым тыдні ў нашым горадзе прэзентуецца канчатковы яе вынік. Учора была першая з чатырох запланаваных сустрэч па ўсіх раёнах Гомеля, на чарзе – зялёныя зоны Чыгуначнага раёна (6.10), Савецкага раёна і Навабеліцкага раёна (7 і 8.10). 

Гэтыя сустрэчы па абмеркаванні зялёных зон сталі для нашага горада ў пэўнай меры традыцыйнымі, і яны з’яўляюцца першым пілотным праектам супрацоўніцтва распрацоўшчыкаў, выкананаўчых органаў і мясцовых жыхароў па стварэнні найбольш адпаведных запытам гараджан зялёных зон, вопыт якога ў далейшым мяркуецца перанесці на астатнія гарады Беларусі.

На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі Адміністрацыі Цэнтральнага раёна, упраўлення архітэктуры Гомельскага гарвыканкама, а таксама каля палутара дзясяткаў гарадскіх актывістаў і гісторыкаў. 

Невялікая колькасць актывістаў тлумачыцца тым, што напярэдадні сустрэчы ў горадзе адбыліся массавыя пасадкі і затрыманні актыўных грамадзян за ўдзел у падзеях, звязаных з непрызнаннем вынікаў выбараў 9 жніўня 2020 г. Такім чынам, на сутках з рознымі тэрмінамі арышту апынуліся вядомыя гарадскія экалагічныя актывісты Яўген Меркіс і Дзяніс Кобрусеў, велаактывістка Святлана Кароль, журналіст Надзея Пужынская, вымушаны з’ехаць з горада краязнаўцы Марыя Булавінская і Сяргей Ляпін. Розным формам ціску падвергліся і іншыя гарадскія актывісты. Развітваючыся напрыканцы сустрэчы, арганізатары запрашалі ўсіх прысутных прыйсці і на абмеркаванне праектаў зялёных зон для астатніх раёнаў Гомеля, што ў часткі актывістаў выклікала ўсмешкі і жывую рэацыю: “Ну, калі не забяруць да гэтага, дык абавязкова прыйдзем. Тут такая латарэя, што гарантыі не дае ніхто… ”.

Адсутнасць спецыялістаў з асяродку гарадскіх актывістаў стала адной з прычын меланхалічнага, нават млявага абмеркавання праекта зялёных зон Цэнтральнага раёна Гомеля. Аднак галоўнай прычынай такога безэмацыйнага абмеркавання стаў, відаць, той факт, што распрацоўшчыкі – БелНІІПГорадабудаўніцтва, уключылі ў праект фактычна ўсе пажаданні гараджан, а адказы прадстаўнікоў мясцовых улад на ўзнятыя прысутнымі пытанні вылучаліся відавочнай лагічнасцю, карэктнасцю і адказамі па сутнасці. Усё гэта дазволіла правесці сустрэчу ў максімальна сціслы час, прыблізна каля 55 хвілін. 

З яркіх выразных навінак гэтай сустрэчы, якія сведчылі пра здольнасць распрацоўшчыкаў чуць і ўлічваць рацыянальныя прапановы мясцовых жыхароў, сталася наданне ўсяму існаму зялёнаму кварталу ў межах вуліц Арцёма–Садовай статуса зялёнай зоны, умоўна названай распрацоўшчыкамі “сквер Арцёма”. Далейшым этапам стане абмеркаванне распрацаванага праекта зялёных зон Гомеля на гарадскім Горадабудаўнічым савеце і канчатковае зацвярджэнне яго гарадской выканаўчай уладай, таму не факт, што “сквер Арцёма” будзе захаваны, бо як вядома менавіта мясцовыя ўлады мэтанакіравана лабіравалі аднясенне гэтай тэрыторыі пад шматпавярховую жылую забудову. Але сам факт ўважлівага ўліку меркавання гамяльчан спецыялістамі з БелНІІПГорадабудаўніцтва заслугоўвае відавочнай падзякі.  

 Нягледзячы на нешматлікасць, прысутныя актывісты задалі шэраг пытанняў. Частка з іх не столькі тычылася абмеркавання прапанаванай Схемы, колькі канкрэтных праблем з добраўпарадкаваннем існуючых зялёных зон Гомеля. 


Гарадская актывіска Наталля Васількова задала пытанне пра неабходнасць азелянення існай зоны адпачынку – сквера паміж БелДУТам і інтытутам Палімераў, дзе відавочна неабходна высадзіць дрэвы, каб аддзяліць дзіцячую пляцоўку з арэлямі ад выхлапных газаў пралягаючых побач аўтамабільных дарог, а таксама мэтазгоднасці існавання ў гэтым скверы вялікай заасфальтаванай тэрыторыі ўздоўж фасада інстытута Палімераў.

На гэтае пытанне адказаў прадстаўнік Адміністрацыі Цэнтральнага раёну, які паведаміў, што шэраг раслінных пасадак ў гэтым скверы ўжо ўнесены ў планы адміністрацыі на бліжэйшыя месяцы, з заасфальтаванай тэрыторыяй будуць высвятляць, бо магчыма яна прадугледжана супрацьпажарнымі правіламі ці іншымі патрабаваннямі заканадаўства. 

Асноўная частка пытанняў тычыліся менавіта тэмы праектаў зялёных зон Гомеля, тлумачэнняў па вывешанай схеме.  


Гісторык Яўген Малікаў звярнуў ўвагу, што лінія дарогі Усходняга абыходу, якая адзначана шырокай паласой паўночнай Якубоўкі на левым беразе Сожа, праходзіць па тэрыторыі насычанай помнікамі археалогіі, большасць з якіх не ўнесена ў Спіс гісторыка–культурнай спадчыны Беларусі і вядома толькі спецыялістам–археолагам. Але гэта не змяншае іх важнасць для нашага горада і пры правядзенні любых будаўнічых работ, звязаных з дарогай на гэтай тэрыторыі, патрабуецца абавязковая папярэдняя праца археолагаў. Таксама ён звярнуў увагу прысутных на недапушчэнне будаўніцтва любых высотных будынкаў на гэтай тэрыторыі ў зоне бачнасці з парка Румянцавых–Паскевічаў, бо такое будаўніцтва прывядзе да парушэння гістарычнага ландшафта і знішчэння важнейшай візуальнай асаблівасці галоўнай гісторыка–турыстычнай асаблівасці Гомеля. 

 

Эколаг і гісторык Юрый Глушакоў задаў пытанне, адрасаванае прадстаўніку мясцовых уладаў, аб спецыфічным добраўпарадкаанні прыбярэжнай тэрыторыі насупраць царквы ў Старой Валатаве, у выніку якога ўся расліннасць на тэрыторыі ўздоўж кромкі вады ад храма да ўсходняга абыходу была выразана пад корань – дрэвы, кусты і нават трава. У выніку замест рэальнай зялёнай тэрыторыі там зараз пяшчаная пустыня. Першы намеснік главы адміністрацыі ў сваім адказе патлумачыў, што гэта было зроблена ў мэтах добраўпарадкавання тэрыторыі ўздоўж лініі электраперадач. Аднак актывістаў гэты адказ не задаволіў, бо ў выніку такога “добраўпарадкавання” дадзеная тэрыторыя цяпер нагадвае пустэльню. Яны назвалі такую працу “варварствам”.  

Гарадскі актывіст Валерый Сляпухін пацікавіўся, чаму на прапанаванай схеме не адзначана зялёным колерам рэальна існая зялёная зона паміж Сударамонтным заводам, затонам і берагам Сожа? Распрацоўшчыкі патлумачылі, што гэтая зона з’яўляецца рэальным буферам з боку існай прамысловай зонай горада (сударамонтны завод) і доступ да яе фізічна абмежаваны ландшафтнымі асаблівасцямі (з усіх бакоў яна абмежавана вадой). Таму не мае сэнсу для Схемы зялёных зон Гомеля ўключаць тэрыторыю, якая фізічна не можа быць даступна для жыхароў горада, але ўключэнне якой запатрабуе ад мясцовых уладаў шэрага мерапрыемстваў па яе добраўпарадкаванні.  

Звяртае ўвагу тая акалічнаць, што прапанаваныя распрацоўшчыкамі БелНІІПГорадабудаўніцтва зялёныя зоны, якія па максімуму ўлічваюць рацыянальныя прапановы жыхароў Гомеля, могуць быць урэшце-рэшт не прыняты на стадыі зацвярджэння праекта заказчыкам – Гомельскім выканаўчым камітэтам. На жаль, такая пагроза застаецца. Сёння і ў бліжэйшыя дні пройдуць абмеркаванні зялёных зон для іншых раёнаў Гомеля, а там спрэчных пытанняў нашмат больш. «Флагшток» будзе сачыць за развіццём падзей.  

Флагшток