Інавацыямі па спадчыне. На будынку пачатку 19 стагоддзя на вуліцы Білецкага адбылася рэканструкцыя.

| Горад

Выданне Штодзень заўважыла, што на вуліцы Білецкага ў Гомелі адбылася рэканструкцыя гістарычнага будынку. Краязнаўцы з пабліку Пошукі старога Гомеля назвалі яе варварскай.



Будынак пасля рэканструкцыі, фота: Штодзень


Гэта камяніца румянцаўскіх часоў. У той час гэта быў двухпавярховы дом у класіцыстычным стылі. Першы яго паверх, пакрыты рустам, захаваўся нязменным. Перад Другой сусветнай будынак быў рэканструяваны і атрымаў рысы палацавай сталінскай архітэктуры.

Нядаўна ў будынка змяніўся ўласнік: замест Белкнігі дом стаў належыць прыватніку. Ён сёлета і здзейсніў рэканструкцыю пабудовы.

Вось што змянілася ў будынку, тлумачаць краязнаўцы:

- Чорныя рамы, пераплёты якіх не адпавядаюць гістарычнаму ўзору. На вокнах першага паверху замест арыгінальнага малюнку з'явіліся залацістыя стужачкі, якія, відаць, павінны азначаць арыгінальны малюнак рам.

- Замест неадпаведнага шыфера, з'явілася неадпаведная чорная металадахоўка (першыя 150 год існавання будынку на ім магла быць толькі фальцавая кроўля).

- Кровельшчыкі папросту зруйнавалі кавалкі вуглавых парапетаў — каб не займацца падгонкай металадахоўкі, а частку цэнтральнага атыку заключылі металічны кораб.

- Прыватнік не змог змірыцца з арыгінальным прафіляваным парталам і закрыў яго корабам з гранітных плітак. Відаць, для таго, каб падкрэсліць "сучасную" назву свайго бізнэс цэнтру: innowise.

- Драўляныя дзверы ва ўяўленні бізнесмэна таксама не стасаваліся з інавацыямі і адправіліся на памыйку. Замест іх з'явіліся дзверы са шкла.

- Фасад будынку быў па-хуткаму пашпатляваны і атрымаў новую, відаць, ні чым не аргументаваную каларыстыку. Невядомыя маляры вырашылі афарбаваць антаблімент (фрыз і атык) у адзін колер з фасадам, недарэчна вылучыўшы светлым дэкор на іх.

Краязнаўцы задаюцца пытаннем — ці магло быць горш? Як яны лічаць, магло. Будынак не мае статусу гістарычнай каштоўнасці, і тэарэтычна раённы архітэктар мог даць бізнэсу поўную волю над аб'ектам, уключаючы прабіццё новых дзвярэй і фасад з керамаграніту.