На апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх ён прабыў паўгадзіны. Гомелец пахаваў свайго тату, які памёр ад каронавірусу

| Горад | 0

«Ён не павінен быў памерці, але ўмяшаўся каронавірус. COVID-19 яго заразілі ў аддзяленні гомельскага анкацэнтра, дзе ён праходзіў плянавае лекаванне. Менш чым за 3 тыдні ён змяніў 6 аддзяленняў 3 бальніц і некалькі дзясяткаў лекараў. На ШВЛ ён прабыў паўгадзіны...», – напісаў на сваёй старонцы Ўкантакце Яўген Якавенка пра свайго тату.

Жыхар Гомеля напісаў роспачны зварот да грамадзянаў, у якім апісвае ўмовы ўтрымання хворых, стаўленне дзяржавы да праблемы і замоўчванне дадзеных па COVID-19.  


Фота: AP Photo/Leo Correa

 Яўген Якавенка раіць беларусам спадзявацца толькі на сябе і дае парады адносна паводзінаў у сітуацыі, калі хтосьці з блізкіх цяжка захварэў на каронавірусную інфекцыю:

- Вы нікому не патрэбныя, апроч вашых блізкіх. Калі бяда прышла ў вашую хату - «не давайце спаць лекарам». Не трэба іх шкадаваць. гэта іх работа, ім мы давяраем свае жыцці;

- Асаблівая пільнасць на выходныя. Колькасць лекараў тут змяншаецца ў разы і на 600 ложкаў можа быць 1-2 дзяжурных лекары і 20 сёстраў; 

- Запытвайце пра сатурацыю, тэмпературу, лейкацыты, ціск. гэтыя лічбы дапамогуць вам арыентавацца ў тым, што адбываецца; 

- Лічбы па тэлефоне максімальна хаваюць, аргументуючы тым, што яны не могуць іх паведаміць чалавеку, якога не бачаць, а прыйсці і паразмаўляць асабіста магчымасці няма, бо там каранцін. Запісвайцеся на прыём да галоўнага лекара - толькі тады вам нешта распавядуць. Карыстайцеся дыктафонам; 

- На нейкім этапе хвораму прапануюць падпісаць згоду на лекаванне хлоргексідынам - гэта супрацьмалярыйны сродак, які спрабуюць ужываць для лекавання віруса (зусім нядаўна быў забаронены ў ЗША); 

- Спачатку пацыента змяшчаюць ў агульную палату якога-небудзь аддзялення, якое пераабсталявалі пад кавід. Калі яму становіцца горш, ён пераходзіць у тэрапію. Гэта палата, у якой ёсць кволая падача кіслароду, як я разумею, з балонаў. Наступны этап - рэанімацыя, дзе падача кіслароду больш сур'ёзная і ўсе сістэмы жыццязабеспячэння ўвесь час кантралююцца. Тут жа павінныя быць напагатове і апараты ШВЛ. У рэанімацыі канцэнтрацыя сёстраў і лекараў максімальная (1 лекар і пара сёстраў на палату з 6-8 пацыентаў);  

- На этапе рэанімацыі з хворым можа знікнуць сувязь - тэлефон могуць забраць. Рыхтуйцеся, што папярэднія размовы з лекарамі могуць скараціцца да хвіліны, бо размаўляць яны, магчыма, будуць у «скафандрах»; 

- Чым больш цяжкі стан чалавека, тым меней інфармацыі вам будуць даваць і тым меней з вамі будуць размаўляць. У «іх многа хворых - ім трэба працаваць»; 

- У цяжкім стане чалавек амаль не можа размаўляць, але можа падняць слухаўку. Тэлефануйце яму проста, каб распавесці пра ягоны стан, падтрымаць. Папярэдзьце, няхай проста слухае; 

- Плазма – гэта не сродак, які «можа дапамагчы, а можа не», гэта рэч, якая можа дапамагчы, але, хутчэй за ўсё, нашкодзіць; 

- Прызнаны эфект плазмы - у першыя 5 дзён ад заражэння, далей яе эфектыўнасць на ўзроўні эксперымента;

- Прыдатнай плазмы ў краіне няма. Не спадзявайцеся на яе;

- Якасных тэстаў на вызначэнне антыцелаў у плазме ў Беларусі няма;

- Аднаму чалавеку для лекавання аднаго донара будзе мала, спатрэбіцца каля 5 чалавек з пэўнай крупай крыві (падыходнасць для пералівання па групе крыві і плазме розныя). Гэтыя людзі павінныя мець антыцелы, адсотак такіх, што маюць антыцелы, з сусветнай практыкі - каля 30%. Для аднаго хворага вам спатрэбіцца знайсці каля 20 чалавек з пэўнай плазмай, і гэта толькі тады, калі ў нас з’явяцца нармалёвыя тэсты;

- Можа здарыцца так, што ў адзін са званкоў у лякарню вам скажуць: «Зараз вам ператэлефануюць». А пасля вы даведаецеся, што вашага чалавека ўжо няма. То бок, у «іх многа работы» і паведаміць пра смерць у іх можа «не быць часу»;

- На выпадак смерці «начмед» будзе прапаноўваць падпісаць адмову ад ускрыцця. Не пагаджайцеся, калі хочаце мець шанец на тое, каб даведацца праўду. Побач інкогніта можа прысутнічаць чалавек вельмі падобны да галоўнага лекара, які чамусьці ціхенька будзе здымаць гэты працэс на тэлефон. Напэўна, каб на іх не накінуліся пасля такой прапановы. Карыстайцеся дыктафонам

- Да начмеда можа быць чарга з такіх жа, як вы;

- У даведцы аб смерці напішуць што заўгодна, толькі не каронавірус. Настойвайце на тым, каб яна мела статус «папярэдняя», а не «канчатковая». Для таго, каб там з’явілася слова «каронавірус» неабходна правесці дадатковыя аналізы, якія займаюць 14-21 дзень і якія бяруць толькі тады, калі вы запатрабуеце ўскрыцця. Адкуль бярэцца штодзённая статыстыка - загадка нават для лекараў, з якімі я размаўляў;

- Рэчы памерлага ніхто не перапісвае, бо «ім не да таго». Патрабуйце, каб каштоўныя прадметы, якія былі пры чалавеку, вам прадэманстравалі непасрэдна;

- Рэчы ніхто не дэзынфікуе належным чынам. Агарніце пакункі ці ўпакоўкі з імі ў некалькі «чыстых» пакункаў і пастаўце дзе-небудзь на пару тыдняў, пасля таго, як выйшлі з будынка, адкуль забралі рэчы, - змяніце маску;

- Памерлых ад каронавіруса ўскрываюць групамі, каб не дэзынфікаваць памяшканне некалькі разоў за дзень;

- Забраўшы свайго чалавека з морга, змяніце маску;

- Знайсьці святара, які пагадзіцца адпяваць памерлага ад каронавірусу непасрэдна ў труне, не так проста. Можа атрымацца толькі пры ўмовах, калі дамавіна будзе закрытая;

- На могіліках у вас і брыгады магільшчыкаў ёсць толькі 15 хвілінаў на ўвесь працэс развітання. Яны хаваюць па 4-5 чалавек за гадзіну;

- Да памерлага немагчыма дакрануцца, бо гэта небяспечна;

- Насіце маскі, трымайце дыстанцыю і беражыце сваіх блізкіх. 

Яўген Якавенка, жыхар Гомеля

Флагшток


В Гомеле перекрывают дорожное движение на улицах города для рекламы проекта с сомнительной репутацией

| Горад | 0

Дрифт на фоне Гомельского облисполкома. Кадр из промо-видео

На улицах Гомеля будут снимать автопилотируемую дрифт-машину. Чиновники сообщают, что проект повысит IT-репутацию страны. Но на самом деле все может быть с точностью до наоборот.