Зноў без калумбарыяў: пад Гомелем пабудуюць новыя могілкі на 7 тысяч пахаванняў

| Горад | 0

Каля пасёлка Бальшавік у Гомельскім раёне з'явяцца новыя могілкі — пра гэта стала вядома з тэндару, які абвясціла прадпрыемства «Гомельская гарадская ЖКГ». На выкананне праектных і пошукавых работ па аб'екце «Пашырэнне могілак у раёне н. п. Бальшавік Гомельскага раёна» з абласнога бюджэту выдаткуюць 62 тысячы рублёў.



Пасёлак Бальшавік (крыніца: glubinka.by)


Паводле дакументацыі, новыя могілкі на плошчы каля 6,7 гектараў павінны ўключаць 1 402 сектара для адзіночных пахаванняў і амаль 3 тысячы — для сямейных магіл. Усяго могілкі разлічаны на 7 254 пахаванняў. Будаваць могілкі пад такую колькасць пахаванняў збіраюцца для патрэбаў не столькі пасёлка (2 576 жыхароў), колькі для Гомеля.


Ілюстрацыя з дакументацыі закупкі


У дакументацыі закупкі таксама пазначана, што план новых могілак уключае паркоўку, рытуальную пляцоўку, прыбіральню. Галоўны праезд будзе заасфальтаваны, а пешаходныя дарожкі і праезды паміж кварталамі будуць мець пакрыццё са шчэбню. Водаправод не прадугледжаны — ваду на могілкі плануецца падвозіць.



Таксама няма ў планах і будаўніцтва калумбарных сцен пад урны з прахам. Як патлумачылі Флагштоку ў адным з рытуальных агенцтваў, адсутнасць калумбарыяў на ўсіх гомельскіх могілках з'яўляецца сапраўднай праблемай — усё часцей родныя спачылых выбіраюць крэмацыю замест класічнага пахавання, хоць крэматорый у Беларусі толькі адзін і знаходзіцца ў Мінску.

Таксама выключна на сталічных могілках існуюць месцы для пахавання ўрнаў — гомельцам даводзіцца пакідаць прах сваіх родных, якія былі крэміраваны, у Мінску. Адзіная магчымасць захаваць урны на гомельскіх могілках — закапаць іх ва ўжо існуючую магілу іншага чалавека.

Пакiнуць каментар
captcha