“Мне цяжка каментаваць сітуацыю з забудовай нашага сада. Напэўна, гарадскому кіраўніцтву грошы даражэй за людзей”. Старажылка Валянціна Палякова правяла экскурсію для “Флагштока” па сельмашаўскім яблыневым садзе, які можа хутка знікнуць.
Пратэстны сход жыхароў вуліц Яфрэмава і Фадзеева 9 сакавіка супраць будоўлі ў садзе
З інтэлігентнай спадарыняй паважнага ўзросту Валянцінай Паляковай рэдакцыя “Флагштока” пазнаёмілася падчас акцый у абарону яблыневага саду на Сельмашы. Акуратная жанчына прыйшла на сход абураных жыхароў у суправаджэнні сына. Увагу да сваёй персоны яна прыцягнула тым, што трымала ў руках фотаздымкі. Перакінуўшыся некалькімі фразамі, мы са здзіўленнем дазналіся, што фотаархіў пажылой гамяльчанкі – сапраўдны скарб, які дакладна некалі ацэняць гомельцы. Для гомельцаў, якія па крупінках збіраюць інфармацыю пра свой горад, фотаздымкі побыту паваеннага часу – надзвычайная каштоўнасць. Тым больш, калі яны захоўваюць памяць пра мясціны, якія назаўжды зніклі з мапы горада.
Валянціна Міхайлаўна Палякова
Валянціна Міхайлаўна Палякова – з тых людзей, якіх можна назваць карэннымі гамяльчанамі. Яна нарадзілася на ўскраіне горада над Сожам за некалькі год да ІІ Сусветнай вайны. Вышэйшую адукацыю жанчына атрымала ў менскім інстытуце замежных моваў, пазней выкладала англійскую мову ў 25-й школе. “У 1939 годзе мне было ўсяго 5 гадкоў. Мама працавала настаўніцай матэматыкі ў Верхнебрылёўскай школе (цяпер на месцы вёскі размясціліся жылыя масівы мікрараёна Сельмаш). Бацька ў 1941 годзе пайшоў на вайну, загінуў там. Як нас вызвалілі, мама цягам трох гадоў (з 1945 па 1947 гг.) патрошку, кожны год, садзіла яблыні. Я дагэтуль памятаю гатункі дрэваў…”, – узгадвае на добрай беларускай мове гомельская старажылка.
Сяргей Палякоў, сын Валянціны Міхайлаўны
Сям’я Паляковых жыла на месцы цяперашняга яблыневага саду, вакол якога ў апошнія месяцы ідуць баталіі паміж мясцовымі жыхарамі і чыноўнікамі. Мясцовыя ўлады ў абыход інтарэсаў жыхароў прадалі прыватніку з аукцыёна права арэнды на будаўніцтва кавярні. Пра што сельмашаўцы дазналіся постфактум.
На месцы яблыневага сада, які з’яўляецца “зялёнымі лёгкімі” мікрараёна Сельмаш, дзе любяць гуляць маладыя мамы з дзеткамі і дзе небагатыя пенсіянеры збіраюць ураджай яблык штовосень, плануецца ўзвядзенне рэстарана хуткага харчавання. Хоць інвестар абяцаецца добраўпарадкаваць тэрыторыю і пасадзіць у якасці кампенсацыі дрэвы вечназялёных пародаў (46 туй), мясцовыя катэгарычна супраць. Ім вельмі дарагі яблыневы сад не толькі як натуральная зялёная зона, але і як напамін пра зніклыя вёскі Верхняе Брылёва і Ціценкі.
Валянціна Палякова, абапіраючыся на кульбачку, праводзіць для журналістаў экскурсію па яблыневым садзе: “Для мяне гэта Радзіма. Я прывожу сюды сваіх унукаў-праўнукаў, праводжу ім экскурсію. Калі ў 1981 годзе высялілі нас з прыватнага дому, які будаваў бацька яшчэ да вайны, я ўжо з калысачкай з унукамі гуляла па нашым садзе. Атрымліваецца, некалькі пакаленняў у нашай сям’і раслі тут…”
Насупраць некаторых дрэваў мы спыняемся, Валянціна Міхайлаўна дастае фотаздымкі, каментуе іх з дапамогай сына. “Гэта яблыкі мы з мамай збіраем… Вось гэта мая маці Лідзія Пятроўна… Гэта яна ў сваім садзе. Гэта мой сынок у вазочку ў садзе… Вось нашая хата якая стаіць за намі!..”, – за кожным сямейным фотаздымкам хаваецца старонка сямейнай гісторыі. На фота – прыгожыя юнакі, якія пазіруюць на фоне маладых дрэўцаў. У 2020 годзе над часткай саду навісне пагроза знішчэння.
Пажылая гамяльчанка ўзгадвала, як распавядала нашчадкам пра назвы дрэваў, пасаджаных сваімі рукамі ў галодны паваенны час:
– Я праўнучцы казала: “Гэта груша, якую твая прабабуля пасадзіла, гэта – “антонаўка”, гэта – “бельфлёр-кітайка”, гэта – “баравінка”, гэта – “пуціўка”… І ўсе дрэвы паказала ёй. А зараз гляджу – некаторых дрэваў няма, павысякалі. Шкада… Пазносілі, папрыбіралі, павыкапвалі... А людзі ж тут жывуць, дыхаюць, з дзеткамі гуляюць на свежым паветры! Недалёка адсюль бабулькі сядзяць на лавах, адпачываюць. Што цяпер робіцца? Душа баліць. Нешта хочуць будаваць на месцы нашага саду!
Валянціна Палякова пражыла працяглае і годнае жыццё. Гамяльчанка не разумее, як можна ахвяраваць дзеля меркантыльных і часовых патрэбаў памяццю горада.
“Мне цяжка каментаваць сітуацыю з забудовай нашага сада. Напэўна, гарадскому кіраўніцтву грошы даражэй за людзей. Такая тут прыгажосць! Азярніцеся навокал! А яны хочуць пазбавіць народ гэтай прыгажосці. Улады думаюць толькі пра сябе…”, –падсумоўвае з горыччу былая настаўніца.
У рэдакцыю “Флагштока” прыйшоў калектыўны ліст ад жыхароў Сельмашу, у якім грамадзяне выступаюць супраць знішчэння яблыневага сада. Яны акцэнтуюць увагу на неабходнасці захавання зялёнай зоны ў экалагічна праблемнай частцы гораду, дзе засяроджаныя шкодныя вытворчасці завода Гомсельмаш. Акрамя таго, сельмашаўцы выказваюць недавер дзеянням чыноўнікаў, якія даюць “зялёнае святло” на будаўніцтва аб’екта грамадскага харчавання ў без таго перанасычаным на падобныя ўстановы раёне.
Азнаёміцца з поўнай версіяй калектыўнага ліста жыхароў Сельмашу можна тут: https://drive.google.com/file/d/1PdwUI2o0-xIDwRSpIuXrFrVxkco7SPUi/view
Хроніка падзей
У канцы 2019 года адміністрацыяй Чыгуначнага раёна Гомеля было праведзена грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі аб’екта, на якім гараджанам прапанавалі абмеркаваць другасныя пытанні. Рашэнне пра будаўніцтва рэстарацыі было прынятае да грамадскага абмеркавання. Супраць новай будоўлі выступілі мясцовыя жыхары, якія сабралі больш за дзве сотні подпісаў і напісалі мноства скаргаў у абарону зялёнай зоны.
9 сакавіка гэтага году на месцы сельмашаўскага сада адбыўся сход абураных жыхароў, падчас якога грамадзяне патрабавалі ад мясцовых уладаў захаваць сад. Нягледзячы на атрыманыя абяцанні, раніцай 10 сакавіка маладыя дрэвы былі выкарчаваныя работнікамі камунальных службаў і адвезеныя ў невядомым напрамку.
Флагшток