У Гомель завітаў князь Вітаўт

| Горад

На гомельскіх вуліцах гараджане заўважылі гібрыдны аўтобус БКМ А4201К Вітаўт ад сталічнага заводу “Белкамунмаш”. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, выпрабаванні тэхнічных характарыстык “Вітаўта” ў Гомелі будуць праходзіць цягам трох месяцаў. На якіх умовах у горад быў пастаўлены дарагі электробус, таксама невядома.


Сярод перавагаў гібрыдных электробусаў, якія працуюць на звычайным дызельным паліве і ад энергіі асінхроннага электрарухавіка, – экалагічнасць, бесшумнасць і эканомны расход паліва. З мінусаў дадзенай машыны: высокі кошт (паводле некаторых падлікаў, цана за адзін электрабус можа дасягаць 450 тысяч долараў). У той жа час кітайскія аналагі каштуюць каля 320 тысяч долараў ЗША. 

На думку аўтара сайта “Транспарт у Гомелі” Сяргея Паддубнага, пашырэнне выкарыстання электробусаў у беларускіх гарадах – перспектыўная тэма, але чакаць масавага ўвядзення гэтага віда транспарту ў бліжэйшыя гады наўрад ці выпадае. «Сфера выглядае перспектыўнай, але малаверагодна, што спыняцца вытворчасць і пастаўкі звычайных аўтобусаў. Рэальнасць пакуль выглядае так, што з «інавацый» будуць развіваць менавіта тралейбусныя маршруты на базе той кантактнай сеткі, што ўжо існуе, без будаўніцтва новай. Так, у нас ужо некалькі год не закупаюць звычайныя тралейбусы, толькі з павялічаным аўтаномным ходам», — дзеліцца прагнозам Сяргей Паддубны

Пётр Шчука, Флагшток