Выява праекту новага гандлёвага цэнтра апублікаваная ў тг-канале старшыні Гомельскага гарвыканкама Уладзіміра Прывалава. Будынак плануецца ўзвесці ў гістарычным цэнтры на месцы даўгабуду на вуліцы Пралетарскай. Згодна рэндару, на месцы тратуара плануецца месца для паркавання аўто.
Будынак аўтарства ТДА «Стройкомплекстехніка» прайшоў праз горадабудаўнічы савет яшчэ ў 2019 годзе, але рэндары з'явіліся толькі зараз.
Праект пабудовы адміністрацыйна-гаспадарчага будынка (крыніца: Тг-канал Привалов. Официально)
Гандлёвы цэнтр плануецца пабудаваць у гістарычным цэнтры ў прыпаркавай зоне. Але будаўніцтва на гэтай тэрыторыі абмяжоўваецца палажэннямі артыкулу 110 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, а таксама Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 27.06.2011 № 24, пункт 25.
Якім чынам будынак са спрэчнай архітэктурай прайшоў праз узгадненне горадабудаўнічага савету, невядома.
Візуалізацыя праекта адміністрацыйна-гаспадарчага будынка
За апошнія гады грамадскія актывісты неаднаразова звярталі ўвагу на парушэнне чыноўнікамі Гомеля заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны: падчас будаўніцтва флагштока на цэнтральнай плошчы і будаўніцтва новага корпуса БСМП на вуліцы Камісарава.