Гомельскае аддзяленне Беларускага Хельсінкскага Камітэту правяло даследаванне ў межах кампаніі «Зробім лепш» на прадмет забеспячэння правоў на адукацыю на фоне пандэміі каронавіруса.
Пра тое, як вядучы ўніверсітэт Гомеля спраўляецца з неабходнасцю пераходу на «дыстанцыёнку», пра асаблівасці ўступнай кампаніі 2020 і пра смерці ад каронавірусу ў ГДУ імя Францыска Скарыны распавядае «Флагштоку» выкладчык філасофіі Віктар Адзіночанка.
Фота: «Гомельскія ведамасці»
Пра выклікі пандэміі для беларускай вышэйшай адукацыі
Каронавірус прыйшоў у Беларусь як аб’ектыўны факт. Перад ВНУ краіны паўстала пытанне, як рэагаваць на новы і невядомы раней выклік. Па ідэі, у прыняцці рашэнняў пры арганізацыі навучальнага працэсу павінны былі ўлічвацца інтарэсы студэнтаў і выкладчыкаў. У фокус нашага даследавання трапілі выкладчыкі і студэнты ГДУ імя Францыска Скарыны, ГДТУ імя П. Сухога, БГЭУ спажывецкай кааперацыі (усяго 120 студэнтаў і 36 выкладчыкаў). Вынікі даследавання — пазітыўныя!
Выкладчык Віктар Адзіночанка падчас інструктажу аб правядзенні тэставання
Па-першае, аказалася, што дыстанцыйнае навучанне было своечасовым і даступным. Падаўляючая большасць студэнтаў лічыць, што з тэхнічнага гледзішча ўсё было даступна. А вось выкладчыкам, асабліва гуманітарыям, было складана, ім давялося атрымаць інструкцыі, засвоіць спецыяльныя праграмы навучання.
Але ў цэлым пераход на дыстанцыйнае навучанне з выкарыстаннем кампутарных тэхналогій адбыўся без сур’ёзных праблемаў. Былі сякія-такія тэхнічныя нязручнасці кшталту невыразнай выявы падчас трансляцыі лекцыйнага занятку ці кепскага гука, але збольшага ўсё атрымалася. Мне самому як выкладчыку філасофіі было цікава ўдзельнічаць у эксперыменце. На маё здзіўленне, студэнты слухалі ўважліва лекцыі, нават канспектавалі. Але з даследавання вынікае, што цалкам дыстанцыйнае навучанне — гэта тупіковы шлях, да яго можна звяртацца ў скрайнім выпадку, напрыклад, як цяпер падчас цяперашняй пандэміі. І студэнты, і выкладчыкі лічаць, што навучанне ў аўдыторыях больш адэкватнае.
Адметнасцю гэтага году было тое, што ў ГДУ імя Ф. Скарыны экзамены прымаліся дыстанцыйна на стацыянары, у завочнікаў перанеслі на восень. Што да кандыдацкіх, то прымаліся іспыты камісіяй у аўдыторыях. Безумоўна, я сам магу сказаць, што тое, што адбываецца, гэта вымушаныя меры. І ўсё гэта ў негатыўным плане адбіваецца на якасці атрымання ведаў.
Гатовасць да знешняга стрэс-фактару ў выглядзе пандэміі
Наш універсітэт быў падрыхтаваны да пераводу ў надзвычайны рэжым кіравання. Гэта не толькі маё меркаванне, але і думка іншых калег. Наш рэктар, сам фізік паводле адукацыі, вельмі цікавіцца кампутарнымі тэхналогіямі. Таму з падрыхтоўкай выкладчыкаў не было праблем. Нам выдалі інструкцыі і забяспечылі анлайн-платформамі для навучання. У нас усё прайшло даволі роўна і спакойна.
Пра кавід у ГДУ
Сярод выкладчыкаў вядома пра дзве смерці ў ГДУ. Памёр намеснік дэкана эканамічнага факультэта. Ён заразіўся ў бальніцы каронавірусам, дзе праходзіў лячэнне ад хранічнай хваробы. Таксама сышла з жыцця кіраўніца студэнцкага клубу. Яна змагалася доўга супраць хваробы, але не вытрымала. Што датычыць студэнтаў, то не магу статыстыку даць па колькасці хворых. Ведаю толькі, што яны ёсць. Напрыклад, два тыдні таму я хацеў прыняць кандыдацкі экзамен, але мяне папярэдзілі, што сярод іх ёсць «кантакцёры» першага і другога ўзроўняў. І я прыняў рашэнне пра правядзенне экзамену праз кампутар.
Ці выкарыстоўваюць абітурыенты і выкладчыкі сродкі індывідуальнай абароны?
Калі казаць пра маскі, то я іх стаў насіць апошнім часам. Некалькі дзён таму прысутнічаў на тэставанні падчас прыёмнай кампаніі. Ад нас патрабавалі, каб былі маскі і пальчаткі. Нас забяспечылі вадкасцямі-антысептыкамі. Але большасць абітурыентаў сядзелі без масак. Нас праінструктавалі, каб мы ў пачатку экзаменаў прапанавалі надзець маскі абітурыентам. Мы прапанавалі, але не настойвалі. Вы ж самі разумееце, у якія ўмовы пастаўленыя сябры прыёмнай камісіі. Дзеці паступаюць, яны і так перажываюць стрэс, а тут яшчэ ім «навязваюць» нашэнне масак. Больш за тое, быў выпадак, калі адна з абітурыентак патрабавала перагляду выніка тэставання нібыта праз тое, што ў яе быў стрэс ад маскі. Але, ясная справа, такое тлумачэнне не бярэцца ў разлік.
Мікола Бянько
Флагшток