Амаль як сто гадоў таму. Краязнаўцы аднавілі ў 3D гістарычны выгляд вуліцы Білецкага ў Гомелі

| Гісторыя

У 2017 годзе гісторыкі і краязнаўцы, аб'яднаныя ў супольнасць «Пошукі старога Гомеля», знайшлі ў архіве Вільні планы старых будынкаў Гомеля канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў. Як дакументы апынуліся ў Літве? Там яны з'явіліся дзякуючы таму, што напачатку 20 стагоддзя ў Гомелі дзейнічаў Віленскі банк. Для атрымання крэдытаў у фінансавай установе гомельцы закладалі сваю маёмасць. Усе дакументы на яе, у тым ліку планы дамоў і ўчасткаў, накіроўваліся ў цэнтральны банк ў Вільні. 

На сёння, дзякуючы планам і іншым крыніцам, мы ўжо ведаем, як выглядала цэнтральная частка горада ў пачатку 20 стагоддзя. Пры дапамозе 3D мы паспрабавалі рэканструяваць амаль усю вуліцу Мільённую (сёння вуліца Білецкага). 

Як самы заможны квартал Гомеля ў гістарычным цэнтры аблюбавалі чэкісты. Чаму ідэолагі асацыююць яго з «Дружбай»

Гомельскія ўлады хочуць назваць сквер паміж вуліцамі Ланге і Білецкага ў гонар «Дружбы». Ужо пачаліся грамадскія абмеркаванні. Прапанаваная назва гучыць настолькі «уныло» і безыдэйна, што зусім незразумела — а навошта ўвогуле неяк найменаваць гэты сквер? З такой назвай у гэтым няма вялікага сэнсу.




Дом двараніна Рудзіеўскага


Пачынаем прагулку па вуліцы Мільённай узору 110-гадовай даўніны. У той час Мільённую характарызавалі як парадную гандлёвую вуліцу з найлепшым у горадзе добраўпарадкаваннем. Вуліца была пакрытая брукаванкай, ходнікі — асфальтам, а ўздоўж дарогі стаялі газавыя ліхтары.



Спачатку пойдзем ад Румянцаўскай па левым баку вуліцы Мільённай.



На візуалізацыі дом буйнога гомельскага домаўладальніка двараніна Міхаіла Рудзяеўскага. Ён быў пабудаваны ў 1860 гадах і, магчыма, змяніў свой выгляд падчас капітальнага рамонту ў 1884 годзе. Пазней дом належыў прадпрымальнікам Рыўкіным, Шмулевічу і Хане Кісялёвай. Пад гандаль і кандытарскую здаваліся два паверхі і падвалы-крамы з асобнымі ўваходамі з вуліцы. Каб патрапіць у двор дома, трэба было прайсці праз арку з драўлянымі варотамі. Унутры двара быў двухпавярховы флігель і амбары.



Рэшткі гэтага дома пасля Другой сусветнай вайны не аднаўляліся, на яго месцы з'явілася хрушчоўка.

Віртуальнае аднаўленне гэтага дома аказалася вельмі складаным — якасць краслярскай працы была вельмі нізкай, але ў аднаўленні дапамог невялікі фрагмент дома, які патрапіў на старую паштоўку.





Нямецкі тракцір

Наступны дом на вуліцы Мільённай — так званы Нямецкі тракцір. З дакументаў, якія патрапілі ў нашыя рукі, можам выбраць некалькі цікавых фактаў пра яго.



Будаваў дом архітэктар Джон Кларк у 1820-х гадах. Гістарычная назва будынку — «Нямецкі тракцір» намякае на тое, што ў будынку першапачаткова размяшчалася гасцініца з рэстаранам, магчыма, з нямецкімі стравамі.  Адразу за домам быў двухпавярховы каменны флігель з кухняй. Будынкі звязваліся разам праз драўляныя галерэі на двух паверхах. А ў падвалі асноўнага будынку былі вялікія печы-пліты.





У 1890 годзе будынак належыць купцу другой гільдыі Нехамкіну Цодзіку Лейбаву.

Будынак дайшоў да нас без балкона і маленькага франтончыка, што глядзеў на галоўную плошчу Гомеля, пакуль не быў узведзены будынак Гарадской думы. У дакументах дом называецца трохпавярховым, бо па звычаях 19 стагоддзя падвальны паверх, які можна здаць у арэнду, залічвалі за звычайны. Кавалак старой сцяны ў двары дома № 2 па вуліцы Білецкага, гэта частка амбараў тракціру.



Фото: vk.com/bileckogo6


Мужчынская прагімназія


Наступны дамок на Мільённай мае вельмі багатую гісторыю. Прыкметы стылю класіцызм на яго фасадзе падказваюць, што з’явіўся ён (як і суседнія будынкі) у 1820-х гадах. Можна меркаваць, што стварыў праект будынку Джон Кларк. Але быць упэўненым у гэтым пытанні нельга — звестак аб аўтарстве намі не знойдзена.



Адпаведна з інфармацыяй, апублікаванай у кнізе Валерыя Марозава «Гомель Класічны», менавіта ў гэтым будынку знаходзіўся так званы «Нямецкі тракцір».

На нашай 3д візуалізацыі выгляд будынку, які ён быў у 1880-я гады. Галоўны будынак, падобна, быў такім ад часу сваёй пабудовы — з рустам на першым паверсе, шэрагам пілястр на другім і франтонам зверху. Унутры ў той час былі дзве вінтавыя лесвіцы.




У 1866 годзе ў гэтым будынку, які знаходзіўся ў той час у маёмасці Паскевіча, адкрываецца прагімназія для хлопчыкаў. Відаць, тады ж з’явіўся двухпавярховы флігель побач. Ён быў адметны высокай стрэльчатай столяй на другім паверсе ўнутры і керамічнай дахоўкай на даху звонку.


Адзін з флігеляў прагімназіі, які выходзіў на вуліцу

Таксама на ўчастку гімназіі быў яшчэ адзін класіцыстычны флігель, сараі, канюшня і «адыходжае месца» (вулічная прыбіральня).


Напрыканцы 19 стагоддзя ў будынку дзейнічала Мікольская жаночая гімназія. Паштоўка з выявай будынку пачатку 20 стагоддзя

Пазней да старога корпуса дабудоўваліся новыя флігелі, старыя зносіліся. Унутры нязручныя  вінтавыя лесвіцы замянілі на звычайныя. Падчас аднаго з рамонтаў напачатку 20 стагоддзя знік порцік і балкон.

Найбольш радыкальныя змены з будынкам адбыліся пасля Другой сусветнай — гомельскі архітэктар Аляксандр Касякоў  мадэрнізаваў фасад старога будынку ў стылістыцы «сталінскага ампіру».




Працяг будзе.


Сяргей Ляпін,
Пошукі старога Гомеля









Заводам кіраваў працоўны, а вышэйшыя партыйныя чыноўнікі рэціраваліся праз задні ход. Страйк на Гомсельмашы ў 1990 годзе

| Гісторыя

У 1990 годзе ў Гомелі прайшла адначасовая забастоўка некалькіх буйных прамысловых прадпрыемстваў. Флагшток расказвае пра тое, як такое стала магчыма ва ўмовах аўтарытарызму.