Пасля выхаду невялікага артыкула пра стварэнне ў Гомелі мурала з партызанскім камандзірам Емяльянам Барыкіным у Фэйсбуку развярнулася спрэчка, ці варты гэты чалавек увогуле ўшанавання ў нашым горадзе. Сцісла ўсе аргументы “супраць” можна адлюстраваць адной фразай накшталт “у савецкі час чалавек не мог займаць высокую пасаду і не ўдзельнічаць у злачынствах рэжыму. А гэты да таго ж яшчэ быў партызанам і невядома, чым ён тут у вайну займаўся, колькі вёсак з-за яго немцы спалілі”. Гэтая спрэчка абудзіла старажытную гарадскую праблему перайменавання вуліц Гомеля, вяртання гістарычных назваў і вызвалення гарадской тапаніміі ад камуністычнай ідэалогіі і імён злачынцаў. Таксама яна выявіла крайнасці ў разуменні актывістамі “гістарычнай справядлівасці”, увасобленай у тапаграфічных назвах горада.
“У савецкі час чалавек не мог займаць высокую пасаду і не ўдзельнічаць у злачынствах рэжыму"
Гэтая праблема для Гомеля не новая, толькі за апошнія некалькі год актывісты неаднаразова звярталіся да мясцовых уладаў з прапановай перайменаваць тыя ці іншыя вуліцы горада — надаць вуліцы Камсамольскай імя архітэктара Станіслава Данілавіча Шабунеўскага, вярнуць гістарычную назву праспекту Леніна —
вуліца Замкавая, ушанаваць памяць ураджэнкі Навабеліцы Палуты Бадуновай і шматлікія іншыя, якія, аднак, не былі ўспрыняты гарадскім кіраўніцтвам. Кантраст асабліва адчувальны пры параўнанні з татальнай дэкамунізацыяй, якая некалькі год таму была праведзеная ва Украіне. Фактычна за час незалежнасці ў Гомелі былі вернутыя толькі дзве гістарычныя назвы вуліц: Ірынінская (замест савецкай назвы “Першамайская”) і Мікольская (замест імя Дз. Беднага). З іншага боку, найменаванне мікрараёнаў “Мельнікаў Луг”, “Валатава”, “Шведская Горка”, “Хутар”, “Любенскі” і іншых гістарычнымі назвамі, замест бязлікіх нумарных (17 мікрараён, 5 мікрараён і да т. п.), сведчыць пра наяўнасць пэўнай краязнаўчай пазіцыі ў гарадской адміністрацыі.
Некалькі год актывісты дабіваюцца ўшанавання архітэктара Станіслава Шабунеўскага
“Навошта? У чым неабходнасць перайменаванняў?”
Тапанімічныя гарадскія назвы ў беларускіх гарадах заўжды мелі геаграфічную прывязку і ў сваім гучанні адлюстроўвалі пэўныя лакальныя асаблівасці. У Гомелі ХVIII ст. вуліца Рэчыцкая вяла ў бок Рэчыцы, на Троіцкай стаяла адпаведная царква, на Дэканаўскай жыў каталіцкі святар (што і сталася яе самай заўважнай асаблівасцю). Цікавым паказальным прыкладам з’яўляюцца назвы вуліц раёна Манастырок-Любны, нададзеныя ім у час нямецкай акупацыі Гомеля 1941‒1943 гг.
Нават не ведаючы, якія канкрэтныя вуліцы маюцца на ўвазе, з адных толькі назваў мы разумеем асаблівасці іх размяшчэння і заняткаў жыхароў: Быхаўская, Рачная, Манастырская, Жаўруковая, Пясочная, Камышовая, Азёрная, Балотная, Сажалкавая, Чаўнаковая, Берагавы шлях, Выгонны шлях. Зараз нам цяжка зразумець: чаму калабаранцкая адміністрацыя Гомеля ў час вайны скарысталася не ідэалогіяй, а традыцыйным падыходам да ўтварэння назваў вуліц? Бо гарадскія назвы заўжды перадавалі інфармацыю пра канкрэтныя месцы, служылі своеасаблівымі арыенцірамі. Якую нам інфармацыю пра канкрэтнае месца ў горадзе даюць савецкія назвы Леніна, Маркса, Энгельса, Вароўскага і да т. п.? Гэтыя стандартныя савецкія назвы з’яўляюцца адлюстраваннем савецкай таталітарнай ідэалогіі і яе герояў. Гэта назвы мёртвай і антычалавечай ідэалогіі, шматлікія героі якой фактычна з’яўляюцца крывавымі забойцамі (Фелікс Дзяржынскі і інш.).
Вуліцу Сталіна перайменавалі самі бальшавікі адразу пасля развянчання культу асобы.
Фота: Міхаіл Гут
“Гэта ж наша гісторыя! Навошта вы, гісторыкі, спрабуеце яе перапісаць?”
У 2013 годзе адзін з гарадскіх чыноўнікаў на прапанову вярнуць гістарычную назву праспекту Леніна (Замкавая) выказаў аргумент, што для яго назва “праспект Леніна”, “вуліца Савецкая” і іншыя ўжо таксама гістарычныя назвы. Дык, маўляў, навошта іх мяняць?
Блізкае па сутнасці (але спецыфічнае па форме) бачанне праблемы перайменаванняў гарадскіх вуліц выказаў адзін з актывістаў гомельскіх клубаў ваеннай рэканструкцыі формы ХХ ст. на круглым стале, прысвечаным стагоддзю Стракапытаўскага мяцежа ў Гомелі восенню 2019 года.: “Калі я быў у Польшчы, мяне вельмі ўразіла, што ў іх вуліцы захоўваюць назвы з XVI ст., і па назвах можна даведацца гісторыю горада! Вось гэта еўрапейскі падыход! А ў нас прапануюць перайменаваць вуліцы Леніна, Савецкую і іншыя! Можа быць, мы спынімся, нарэшце, у перайменаваннях, бо гэтыя назвы, хай і не такія старажытныя, але таксама — наша гісторыя! Можа быць, мы будзем дзейнічаць як еўрапейцы, а не як Іваны-бязродзічы?”
Канешне, у гэтым выпадку відавочны самападман, жаданне аб’яднаць супрацьлеглыя рэчы, стаць “еўрапейцам”, але пры гэтым нічога не змяняючы ў сабе і сваім камуністычным (па сутнасці “антыеўрапейскім”) асяроддзі, хаваючыся за фразай “гэта таксама наша гісторыя!”. Хібнасць такой пазіцыі лёгка раскрываецца нават на прыкладзе Гомеля: cавецкая ўлада не толькі без праблем пераймяноўвала гістарычныя назвы нашага горада, ніколі не пытаючыся ў жыхароў, але пры змене партыйнай кан’юнктуры з лёгкасцю мяняла свае, камуністычныя назвы, на новыя, больш адпаведныя свежым партыйным устаноўкам. Дастаткова ўзгадаць, што вуліца імя Сталіна стала насіць імя Цыялкоўскага, імя Громава — імя Тургенева, Рабочая — імя Якубава, імя Молакава — імя Чайкоўскага, імя Калантай — Сожскай, імя Валадарскага — імя Чэхава і шмат шмат іншых. Апафеозам савецкіх пераназванняў вуліц Гомеля, безумоўна, трэба лічыць узаемнае перайменаванне ў 1960 годзе вуліц Камсамольскай і імя Леніна, якія напярэдадні 90-годдзя са дня нараджэння Ўладзіміра Леніна памяняліся назвамі. І ніхто не перажываў, што цяпер будуць блытацца паштовыя лісты ці прыйдзецца мяняць прапіску.
Для саміх савецкіх уладаў перайменаванне вуліц, у тым ліку самых цэнтральных у горадзе, з адных камуністычных на іншыя камуністычныя ніколі не было праблемай, бо нават камуністы разумелі, што назвы вуліц павінны несці пэўны зарад актуальнасці, калі не гістарычнай — дык, прынамсі, палітычнай. Што нясуць нам назвы вуліц Сацыялістычнай, Катоўскага, Валадарскага, Сцяпана Разіна?
“А што, больш няма чым заняцца? Зараз ёсць іншыя важныя праблемы, напрыклад, падняць эканоміку!”
Першы сярод самых папулісцкіх і паўтараемых аргументаў (“спачатку аднавіце эканоміку, а пасля ўжо думайце пра перайменаванне вуліц!”) насамрэч хавае сутаргавую спробу нічога не змяняць. Але законы жыцця людзей такія, што калі людзі спрабуюць распачаць нешта новае, яны перш за ўсё пазбаўляюцца ад усяго старога і мёртвага, якое перашкаджае ісці наперад, якое з’яўляецца ўвасабленнем цяжару праблем мінулага. Да таго ж гарадская тапаніміка — важная і эстэтычная каштоўнасць. У новых умовах ёмістыя назвы альбо ўпрыгожваюць горад, штурхаюць яго жыхароў наперад, альбо сведчаць аб яго адсталасці, закасцянеласці.
Звярніце ўвагу на палітыку бальшавікоў пасля кастрычніка 1917 годзе. У краіне ішла грамадзянская вайна, частка тэрыторыі была акупаваная, быў рэальны голад. Праблем была маса, але адно з першых, што новая ўлада пачала рабіць — пераймяноўваць усе вуліцы і знішчаць усе помнікі, якія не ўпісваліся ў іх ідэалогію. Гэта быў важны сімвалічны момант для пабудовы новага, на бальшавіцкі лад, жыцця. Але зараз, калі менавіта такім жа чынам з мёртвай камуністычнай тапанімікай абыходзяцца сучасныя, напрыклад, украінцы, будуючы сваю самастойную дэмакратычную дзяржаву, апалагеты бальшавіцкай ідэалогіі абвінавачваюць іх у перапісванні гісторыі. Атрымліваецца, камуністам можна было так паступаць у адносінах да іншых, а такімі ж метадамі ўжо ў дачыненні да камуністаў — нельга. Крывадушнасць.
Таму і беларусам, каб рухацца наперад, трэба не толькі “падымаць эканоміку”, але вырашаць і іншыя наспелыя праблемы. І самае галоўнае — у сапраўднасці няма праблем “больш важных” і “менш важных” — ёсць праблемы, якія можна вырашыць зараз, а ёсць праблемы, вырашэнне якіх фізічна запатрабуе крыху болей часу. Але чым раней пачаць іх вырашаць, тым хутчэй яны вырашацца.
Фінансавыя затраты
Гэта самы галоўны і ўвесь час эксплуатуемы папулісцкі аргумент, чаму не трэба праводзіць змены назваў вуліц у нашым горадзе. У 2013 годзе, падчас абмеркавання вяртання гістарычнай назвы вуліцы Замкавая, на пасяджэнні гарадской Тапанімічнай камісіі пісьмовым лістом адміністрацыя Цэнтральнага раёна Гомеля выказала сваё меркаванне:
“Проведение переименования считаем нецелесообразным в связи с большими финансовыми затратами на переоформление учредительных документов юридических лиц и индивидуальных предпринимателей, специальных решений (лицензии), документов о регистрации граждан по месту жительства, месте пребывания и адресе”.
Адміністрацыя яшчэ забыла ўказаць затраты на выраб новых вулічных шыльдаў. Але нават прыклады з практыкі апошняга дзесяцігоддзя ў Гомелі (перайменаванне вуліцы Ірынінскай) і Мінска (перайменаванне галоўнай вуліцы сталіцы шматкіламетровага праспекта Скарыны ў праспект Незалежнасці) цудоўна дэманструюць, што паказальны лямант адносна фінансавых затрат — проста прыгожае, але па сутнасці пустое прыкрыццё нежадання прымаць рашэнне.
Відавочна, што ёсць мноства варыянтаў, якім чынам зменшыць фінансавыя затраты. Вулічныя шыльды ўсё-роўна абнаўляюцца праз пэўны час, пашпарты мяняюцца, у статутныя дакументы ўносяцца дадаткі і карэктывы ў адпаведнасці з абавязковымі зменамі ў заканадаўстве. У прынцыпе, пэўны пераходны час могуць адначасова ўжывацца новыя і старыя назвы, што мы часта сустракаем у савецкіх дакументах Гомеля 1920–1930-х гадах — “вул. Ірынінская (да 2013 года Першамайская), д. 13, кв. … ”. Галоўнае — палітычная воля мясцовых уладаў.
На гэтым месцы ў цяперашняй Навабеліцы нарадзілася жанчына-палітык, міністр ураду БНР Палута Бадунова, але вуліца чамусьці носіць назву ў гонар балгарскага камуніста Дзімітрава
“На ўскраінах горада, у прамзоне, шмат бязлікіх вуліц: Магістральная, Лінейная, Праязная і інш. Чаму б вам не назваць вуліцу ў гонар гэтага чалавека там?”
Такі “аргумент” праціўнікаў перайменаванняў часта даводзіцца чуць. Але гэта, у рэальнасці, непавага да самога горада і гараджан. Цэнтр горада пакідаецца героям мёртвай чалавеканенавісніцкай ідэалогіі, а ў прамзоне будуць давацца назвы ў гонар выбітных жыхароў нашага горада. Нонсэнс.
“Хто ж новыя героі? Як іх вызначаць?”
У рэальнасці самай галоўнай праблемай у перайменаванні гарадской тапанімікі з’яўляюцца крытэры: якім чынам вызначаць, што варта захоўваць, а што і на што змяняць?
У цэлым для сучаснай Беларусі гэтае пытанне даўно было ўжо вырашана. Даследчык беларускай тапанімікі Іван Сацукевіч вызначыў чатыры асноўныя прынцыпы, якім павінна адпавядаць тапанімія гарадоў:
- арыентавання (дапамагаць людзям арыентавацца ў прасторы),
- гістарызму (апавядаць пра гісторыю вуліц, раёна),
- выхавання (назвы вуліц павінны выхоўваць у людзях любоў да Радзімы, гонар за родны горад, павагу да гістарычных асобаў і падзей),
- эстэтыкі (назвы павінны быць нескладанымі, прыгожымі і мілагучнымі).
Фрагмент цэнтральнай часткі Гомеля на мапе 1910 года
І ў гэтым кантэксце відавочна, што большасць савецкіх назваў не адпавядаюць, прынамсі як мінімум, тром першым крытэрам. Бум гістарычнай інфармацыі апошніх дзесяцігоддзяў абсалютна зруйнаваў выверанаю канструкцыю савецкай ідэалогіі і яе герояў, заснаваную на адмысловым падборы “прыгожых” фактаў, і татальным замоўчванні “кепскіх”. Людзі, імёнамі якіх у нас названыя вуліцы, у свой час спакойна аддавалі загады на знішчэнне тысяч бязвінных людзей без суда і следства. І калі ў савецкія часы адсутнасць інфармацыі дазваляла ствараць у грамадства прыстойныя міфы пра “дзядулю Леніна”, пра бясстрашнага чэкіста Дзяржынскага ды іншых, і ў цэлым падтрымліваць імідж герояў, дык вядомыя сёння дакументы не пакідаюць ад гэтага іміджу каменя на камяні. Зачастую навязаныя савецкай прапагандай “героі” у сутнасці былі крыважэрнымі злачынцамі.
Камуністы не надта пераймаліся пытаннямі тапанімікі. Дзейнічалі звычайна паводле палітычнай мэтазгоднасці.
Фота з архіву Аляксандра Весніна
У цяперашні момант галоўным крытэрам найменавання гарадскіх вуліц і плошчаў у гонар асоб павінна быць перш за ўсё беларусацэнтрычнасць: уклад гэтага чалавека ў развіццё канкрэтнага горада і Беларусі, адпаведнасць яго дзеянняў інтарэсам беларускага народа, яго сувязь з нашым горадам і краінай. Канешне, гэты крытэр ні ў якім разе не адмяняе ўнёску іншых асоб у развіццё сусветнай культуры, палітыкі, эканомікі, мінаючы непасрэдна беларускую. Але ў любым выпадку чалавек, імем якога называюцца тапаграфічныя аб’екты ні пры якіх умовах не можа быць злачынцам, адказным за знішчэнне бязвінных людзей, стваральнікам і рэалізатарам вынікаў чалавеканенавісніцкай ідэалогіі.
У гэтым кантэксце назва вуліцы імя Барыкіна ў Гомелі цалкам адпавядае крытэрам І.Сацукевіча. Емяльян Барыкін з’яўляўся асобай, якая змагалася з нямецка-фашысцкімі акупантамі на Гомельшчыне, кіраваў аднаўленнем разбуранай гаспадаркі нашага горада пасля заканчэння вайны, жыў на гэтай вуліцы (тут нават захаваўся яго драўляны дом, аздоблены разьбой) і з вядомага на сёння — гэты чалавек не запляміў сябе знішчэннем нявінных людзей.
Можна прыгадаць яшчэ шэраг асоб, важных для гісторыі нашага горада. Сярод іх адзін з першых беларускіх гісторыкаў-архівістаў пачатку ХІХ ст. і наш зямляк Іван Грыгаровіч; гісторык, этнограф, адзін з мэтраў беларускай гістарычнай навукі, ураджэнец Навабеліцы Еўдакім Раманаў; адна з стваральніц беларускай нацыянальнай дзяржавы ў пачатку ХХ ст., ураджэнка Навабеліцы Палута Бадунова; першы гомельскі гісторык, аўтар кнігі “Гомель — его прошлое и настоящее. 1142–1900” Леў Вінаградаў; князь Альгерд, які ў сярэдзіне XIV стагоддзя адваяваў у мангола-татараў Гомель і суседнія тэрыторыі, і далучыў іх да ВКЛ; князь Юрый Радзівіл, які ў 1535 годзе вярнуў Гомель у склад ВКЛ (пасля здрады князёў Мажайскіх, якія парушылі клятву князю ВКЛ); палкоўнік войск Рэчы Паспалітай Дзяніс Мурашка, які ў другой палове ХVII ст., пасля казацкіх разарэнняў Гомеля змог утрымаць і вярнуць яго ў склад Рэчы Паспалітай, і шмат іншых асобаў. Ёсць таксама годныя дзеячы і ў ХХ стагоддзі, і ў іншых галінах.
Помнік князю Альгерду ў Віцебску. Гэты ўладар адваяваў у мангола-татараў Гомель у XIV ст.
Фота: krokapp.by
Тая спрэчка ў Фэйсбуку з чалавекам з іншага горада пра асобу Е. І. Барыкіна выявіла яшчэ адзін аспект беларускага гістарычнага непаразумення. Даследчыкі, седзячы ва ўмоўным Мінску і арыентуючыся на дастаткова добра задакументаваныя гістарычныя матэрыялы з Цэнтральнай і Заходняй Беларусі, часта выбудоўваюць занадта ўніверсалізаваную і спрошчаную карціну гісторыі Беларусі, у якой фактычна не застаецца месца рэгіянальнай гісторыі Усходняй Беларусі, якая па значнай колькасці крытэраў часам можа не супадаць з прапанаванай універсальнай мінскацэнтрычнай версіяй гісторыі Беларусі. Адсюль паходзіць навешванне ярлыкоў “партызаны-якія-палілі-беларускія-вёскі” па матэрыялах рэальных падзей на тэрыторыі Заходняй Беларусі, на ўсіх антыфашысцкіх партызан усёй Беларусі, што, канешне, няправільна.
Да гэтай жа праблематыкі адносіцца таксама ўспрыманне асобаў расейскіх вяльможаў канца ХVIII–ХІХ ст., якія атрымалі землі па ўсходу Беларусі: Румянцавы, Чарнышовы, Зорычы, Паскевічы і г. д. Сапраўды, гэтыя людзі былі прадстаўнікамі і праваднікамі палітыкі Расейскай імперыі — суседняй дзяржавы, што гвалтоўна падзяліла і акупавала тэрыторыю дзяржавы нашых продкаў — Рэчы Паспалітай. Але з іншага боку, па выніку гаспадарчай і культурнай дзейнасці менавіта гэтых людзей дастаткова невялікія мястэчкі Усходняй Беларусі канца ХVIII ст. былі цалкам перабудаваныя і атрымалі велізарны імпульс да развіцця, а ў далейшым сталіся буйнымі гарадамі ў другой палове ХІХ ст. Цудоўнай ілюстрацыяй гэтага з’яўляецца дзейнасць Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі. Ні ў кога не выклікае сумневаў, што гэтыя людзі ўнеслі велізарны ўклад у развіццё нашага горада, пры тым што, напрыклад, Іван Паскевіч у 1828 годзе вызваліў ад іранцаў-мусульман хрысціянскую Арменію (і далучыў яе да Расейскай імперыі), а ў 1830–1831 гадах падавіў Лістападаўскае паўстанне на тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы, удзельнікі якога намагаліся аднавіць сваю дзяржаву Рэч Паспалітую.
Як цяпер вырашаюцца пытанні з тапанімічнымі назвамі Гомеля?
У цэлым відавочна, што сённяшнія мясцовыя ўлады і пэўная частка гараджан адносяцца да перайменавання савецкіх назваў, як да недатыкальнай свяшчэннай каровы. Але сама гісторыя з’яўлення ў Гомелі савецкіх назваў паказвае, што нават камуністамі на працягу ўсяго савецкага часу гэтыя назвы ніколі не ўспрымаліся “нязменнымі”.
Існая сёння працэдура з’яўлення новых назваў у вулічна-дарожнай сетцы Гомеля прадугледжвае наступны парадак дзеянняў: Тапанімічная камісія гарадскога выканаўчага камітэту на сваім паседжанні прымае рашэнне аб наданні той ці іншай гарадской назвы, пасля чаго сесія Горадскога савета зацвярджае ці не зацвярджае прынятае Тапанімічнай камісіяй рашэнне.
Відавочнымі праблемамі ў дзейнасці Тапанімічнай камісі з’яўляецца цьмянасць працэдуры адбору ўдзельнікаў камісіі. У “Палажэнні аб Тапанімічнай камісіі” ўказана толькі, што “Состав Топонимической комиссии утверждается решением Гомельского городского исполнительного комитета”. У рэальнасці ў яе склад уваходзяць прадстаўнікі шэрагу гарадскіх устаноў і служб (райвыканкамаў, музея і іншых), а вузкія спецыялісты, не ўключаныя рашэннем у склад камісіі, могуць прыцягвацца да яе дзейнасці толькі ў якасці гасцей-кансультантаў. У рэальнасці адшукаць афіцыйны спіс нават сталых удзельнікаў Тапанімічнай камісіі немагчыма. Хто туды ўваходзіць? Паводле якіх крытэраў адбіраліся? Як увайсці ў яе склад простаму гараджаніну?
Сціплая шыльда аднаму з заснавальнікаў айчыннай этнаграфіі, ураджэнцу Навабеліцы Еўдакіму Раманаву.
Фота: "Новы Час"
Другой праблемай з’яўляецца вузкая ідэйная база для надання назваў. Існы ў Тапанімічнай камісіі “Список предлагаемых названий улиц г. Гомеля” ў рэальнасці ў асноўнай частцы зацыклены на падзеях Другой Сусветнай вайны, пры гэтым звестак пра гістарычныя назвы Гомеля вобмаль. Кіраўніцтва Тапанімічнай камісіі неаднаразова на пасяджэннях звярталася да запрошаных гісторыкаў: “Дайце нам спіс краязнаўчых назваў Гомеля”, не разумеючы відавочнай супярэчнасці, што ў прынцыпе немагчыма загадзя стварыць такі “спіс”, бо ў кожнай частцы горада розныя месцы называліся сваімі ўнікальнымі назвамі, супаставіць якія з сучаснымі гарадскімі патрэбамі можна толькі ў працэсе жывога абмеркавання.
Сюды ж трэба дадаць прынцыповае нежаданне Тапанімічнай камісіі выкарыстоўваць у гарадской тапаніміцы любыя назвы, звязаныя з перыядам гісторыі Гомеля і Беларусі да Расейскай імперыі: дзеячамі і падзеямі перыяду Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Яшчэ адной прычынай ідэйнага голаду для Тапанімічнай камісіі з’яўляецца блізкая да нуля колькасць навукова-гістарычнай літаратуры, што выдаецца ў нашым горадзе, і поўны, абсалютны нуль у колькасці гістарычных навуковых даследаванняў, што фінансуюцца з гарадскога бюджэту.
Вуліца Еўдакіма Раманава знаходзіцца на ўскраіне Гомеля. Большасць гомельцаў і не ведае пра гэтую вуліцу.
Фота з wikimapia.org, аўтар dasty
У выніку супадзення гэтых фактараў у сучаснай тапаніміцы Гомеля актыўна з’яўляюцца бязлікія і пустыя па гістарычным змесце, але ідэалагічна бездакорныя назвы, накшталт вуліц Сірэневых, Ябланевых, Былінных, Сустрэчных і т. п. Дыстыляваная вада, адным словам — ніякіх супрацьпаказанняў, але пры гэтым і ніякага зместу.
У цэлым трэба прызнаць, што хочам мы таго ці не, падабаецца нам ці не, але прагрэс не спыніць, толькі хіба агульнай маргіналізацыяй жыцця ў Беларусі. Таму раней ці пазней тапанімічныя перайменаванні ў нашым горадзе непазбежна адбудуцца. Проста іх можна зрабіць больш удала (калі загадзя прадумаць) і менш удала, калі вырашаць у апошні момант. Але відавочна, што гарадскія назвы, звязаныя з мёртвай і, па сутнасці, антычалавечай ідэалогіяй і яе рэалізатарамі, не павінны афармляць наша жыццё, фармаваць яго рэальнае асяроддзе. І гэтае пытанне абавязкова прыйдзецца вырашаць. Праз 5, 10, 20 ці 50 гадоў, але давядзецца.
Яўген Малікаў,
гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства
Флагшток