Краязнаўцы з супольнасці Пошукі старога Гомеля прэзентавалі ў сваіх каналах канцэпцыю развіцця адной з цэнтральных вуліц Гомеля.
«Гомельцы прызвычаіліся глядзець на горад праз стандарты казарменнага добраўпарадкавання: ёсць плітачка, лавачка і ліхтар — выдатна. Мы ж на прыкладзе вуліцы Мільённай (сёння Білецкага) паспрабавалі паглядзець, як куток цэнтра Гомеля можа выглядаць пры сучасным падыходзе да добраўпарадкавання», — пішуць краязнаўцы.
Візуалізацыі зробленыя на аснове 3D рэканструкцыі гістарычнага выгляду вуліцы Білецкага (раней мела назву Мільённая). Адметна, што сёння ў гэтай частцы горада знаходзіцца адміністрацыя Цэнтральнага раёна і УКДБ Гомельскай вобласці. Таму малаверагодна, што на «стратэгічнай» вуліцы можа з'явіцца пешаходная прастора з кавярнямі і трамваем, як гэта ўяўляюць сабе краязнаўцы.
Паказваем і распавядаем, як вуліца можа выглядаць у будучыні — без КДБ і помніку Дзяржынскаму, з зонамі адпачынку і гістарычнай архітэктурай.
Вуліца сёння і вуліца ў будучыні
Вуліца стала пешаходнай. Гэта рэалістычны і чаканы варыянт для гарадской прасторы, прылягаючай да парка. Сёння ж вуліца прыстасаваная для бясплатнай паркоўкі соцень аўтамабіляў, яна не зручная для прагулак і адпачынку.
Ці чулі калі-небудзь пра «Першы гомельскі трамвай»? На візуалізацыі прапаноўваем пабачыць яго.
Трамвай — гэта мара гамельчукоў першай паловы 20 стагоддзя і сімвал вялікіх укладанняў у развіццё зручнага транспарту. Дарэчы, трамвайная лінія менавіта на Білецкага праектавалася ў 1930-х гадах.
Спалучэнне трамвайных шляхоў з пешаходнай вуліцай шырока практыкуецца ў гістарычных цэнтрах еўрапейскіх гарадоў. Сам жа трамвай сёння — гэта дарагі від транспарту, але пры гэтым вельмі эфектыўны і экалагічны.
Азеляненне вялікімі дрэвамі. Гэта яшчэ адна боль гамяльчан. З «нулявых» гадоў колькасць дрэваў у гістарычным цэнтры няспынна зніжаецца. Высаджванне і падтрыманне адразу вялікіх дрэваў у іншых гарадах — рэальная практыка.
Аднаўленне асобных помнікаў, якія былі знесеныя для пабудовы абкама, наўрад ці папсуе існуючы сквер — для аднаўлення будынкаў неабходны знос адзінкавых дрэваў. З плюсаў — магчымасць арганічна размесціць новыя аб'екты культуры ці кавярні.
А вось так вуліца выглядала ў мінулым. Можна параўнаць візуалізацыі.