Гайд па чарнобыльскіх мясцінах Гомеля

| Гісторыя

У 1986 годзе Гомель прыняў на сябе ўдар чарнобыльскай радыяцыі. Жыхарам гораду цягам некалькіх тыдняў не даводзілі падрабязную інфармацыю пра здарэнне на ЧАЭС. Людзі працягвалі хадзіць на працу, гулялі з дзецьмі на адкрытым паветры, удзельнічалі ў шэсці на Першамайскай дэманстрацыі. І атрымалі небяспечныя дозы радыяактыўнага ёду ў першыя дні пасля выбуху на 4-м энергаблоку ЧАЭС.


Пасля катастрофы на ЧАЭС кіраўніцтва БССР нават рыхтавалася да эвакуацыі ўсяго насельніцтва Гомеля. Аднак, дзякуючы самаахвярнасці ліквідатараў-чарнобыльцаў, якія лакалізавалі пажар цаной свайго здароўя і прадухілілі больш магутны выбух, гомельцы ў пераважнай большасці засталіся жыць у сваім родным горадзе.  

Праз 34 гады пасля найбуйнейшай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы ў Гомелі жыве мноства людзей, якія памятаюць пра Чарнобыль, але, на жаль, няма ніводнага помніка падзеям 1986 года. 

“Флагшток” прапаноўвае анлайн-экскурсію па мясцінах Гомеля, так ці інакш звязаных з памяццю пра Чарнобыль.    


Царква Архістратыга Міхаіла на Рэчыцкім праспекце 

царква

Пры ўездзе ў Гомель з боку Рэчыцы госці горада могуць убачыць драўляную царкву Архістратыга Міхаіла. Гэты культавы будынак размясціўся непадалёку ад улюбёнага месца адпачынку многіх гомельцаў -- парка “Фестывальны”. Царква ўяўляе сабой прыклад традыцыйнага для Пасожжа драўлянага дойлідства. Мала хто з месцічаў ведае, што храм быў узведзены ў першай палове ХІХ ст. у вёсцы Вылева Добрушскага раёна. У 1986 годзе гэты населены пункт стаў адным з найбольш пацярпелых ад радыяцыі. Жыхары Вылева і навакольных вёсак, якія ўваходзілі ў Дзям’янкаўскі сельсавет, былі адселеныя ў пачатку 1990-х гадоў. На 20-годдзе катастрофы на ЧАЭС, у 2006 годзе, вылеўская царква была перавезеная з зоны адчужання ў Гомель. Паводле сведчанняў жыхароў адселеных вёсак, спецыялісты з радыёметрамі неаднаразова замяралі ўзровень радыяцыі ў самой царкве і ў яе ваколіцах. На дзіва, лічыльнікі Гейгера, якія зашкальвалі ў Вылева, у самой царкве паказвалі і паказваюць норму. Такім чынам, царква Архістратыга Міхаіла ў Гомелі -- не толькі помнік старадаўняй архітэктуры, але і месца памяці пра Чарнобыльскую катастрофу.


Капліца ў Валатаве 

капліца

У 2000-х гадах з ініцыятывы абласнога ўпраўлення МНС на перасячэнні вуліц Агарэнкі і Алімпійскай была ўсталяваная Чарнобыльская каплічка з элементамі мастацкага чыгуннага ліцця. Помны знак знаходзіцца ў раёне Валатава, у якім жыве многа перасяленцаў з Чачэрскага і Веткаўскага раёну Гомельшчыны. Штогод, 26 красавіка, у гэтым месцы праходзяць як афіцыйныя жалобныя мерапрыемствы з удзелам выратавальнікаў і чыноўнікаў, так і акцыі апазіцыйных сілаў.


Гомельскі аблвыканкам



Акцыя гомельскіх "нефармалаў" на 7 лістапада 1989 года

Замоўчванне камуністычнымі ўладамі маштабаў чарнобыльскай трагедыі ў першыя месяцы 1986 года прывялі да ўсплёску палітычнай актыўнасці гомельцаў. Прадстаўнікі моладзевых нефармальных аб’яднанняў спрабавалі ўздымаць праблему злачыннай бяздзейнасці кіраўніцтва БССР.

7 лістапада 1989 года падчас правядзення афіцыйнай дэманстрацыі ў гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі група маладых людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі і плакатамі з надпісамі на чарнобыльскую тэму ледзьве не сарвалі шэсце. Дзёрзкую антысавецкую акцыю спрабавалі спыніць міліцыянты. Па сутнасці, гэта быў першы палітычны пратэст жыхароў Гомеля, выкліканы наступствамі катастрофы на ЧАЭС.


Плошча Леніна 

Базарная плошча

Праз некалькі месяцаў пасля нечаканай акцыі гомельскіх нефармалаў на галоўнай плошчы горада сабраліся тысячы людзей. 26 красавіка 1990 года на плошчы Леніна і на вуліцах, якія прымыкаюць да колішняга Базарнага пляцу, можна было назіраць аграмадны натоўп грамадзянаў. На плакатах можна было прачытаць наступныя надпісы: “Хто прыхаваў усю праўду пра Чарнобыль?”, “Вярніце радасць нашым дзецям”, “Мама, я хачу жыць!”...

Паводле аднаго з арганізатараў масавага мітынгу Алеся Яўсеянкі, які ў той час узначальваў мясцовае аддзяленне Беларускага Народнага Фронту: “Людзьмі была запоўненая ўся плошча ад палаца спорту да Петрапалаўскага сабору... Проста мора людзей. Дэманстранты патрабавалі скасавання пункта пра кіруючую ролю камуністычнай партыі ў Канстытуцыі, дэмакратычных выбараў і хацелі, каб прыцягнулі да крымінальнай адказнасці вінаватых за катастрофу на ЧАЭС...”  

Алесь Яўсеянка гаворыць, што з таго часу ў Гомелі ніколі не было столькі людзей на пратэстных мітынгах. Пазней, пасля прыняцця рэзалюцый мітынгу, вялікая калона людзей пайшла ў бок тагачаснага будынку абкаму партыі па вуліцы Ланге, 5 (цяпер там месціцца галоўны корпус Гомельскага медуніверсітэта). Пратэстоўцы запатрабавалі перадачы будынка абкаму ў распараджэнне гарадскіх уладаў. Такім чынам, цяперашнія студэнты і выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага медуніверсітэту могуць падзякаваць удзельнікам чарнобыльскіх страйкаў за галоўны корпус сваёй альма-матэр.   


Электратэхнічны каледж на Федзюнінскага 

каледж

Аматары аднаго з самых папулярных серыялаў у свеце ў 2019 годзе кампаніі HBO «Чарнобыль» са здзіўленнем могуць дазнацца, што герой-пажарнік Васіль Ігнаценка, які трагічна гіне пасля тушэння пажару на ЧАЭС, вучыўся ў Гомелі. 

Васіль Ігнаценка, кадр з серыяла "Чарнобыль"

 Пасля заканчэння школы ў Брагінскім раёне ён паступіў вучыцца ў Гомельскую вучэльню электратэхнікі. Васіль Ігнаценка быў у ліку першых пажарнікаў, якія прыбылі на чацвёрты энергаблок ЧАЭС пасля выбуху. Ён атрымаў смяротную дозу радыяактыўнага апраменьвання, пахаваны на Міцінскіх могілках Масквы. Пасмяротна ўзнагароджаны званнем Герой Украіны.

Флагшток




Гумарыстычныя ўлёткі, хіп-хоп фестываль і абсурдныя перформансы. Чым запомніліся Гомельскія моладзевыя рухі 90-х – пачатку 2000-х

| Гісторыя | 0

Чым займаліся Гомельскія моладзевыя рухі 1990-х, распавялі ютуб-каналу 1142X іх стваральнікі і кіраўнікі «Гарт» і «Лімон» Аляксандр Карніенка і Сяргей Адзінец.