25 жніўня 1991 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі атрымала статус канстытуцыйнага закона. Што папярэднічала гэтай падзеі і як яе ўспрынялі ў Гомелі, распавядае былы дэпутат першага дэмакратычнага гарсавету Гомеля —Андрэй Толчын.
«18 жніўня 1991 года ў Маскве быў створаны «Государственный комитет по чрезвычайному положению» (ГКЧП). У гэты час Гарбачоў павінен быў падпісаць саюзную дамову з прадстаўнікамі саюзных рэспублік. Але камуністы пачалі пераварот, бо меркавалі, што падпісанне дамовы скасуе СССР.
Сакрэтны ліст у Гомельскі абласны камітэт камунісычнай партыі аб увядзенні надзвычайнага становішча ў СССР
Я сустрэў пераварот у якасці дэпутата сябра Прэзідыўма Гомельскага гарсавету. З ранку 19 жніўня сабралі Прэзідыўм Гомельскага гарадскога савета дэпутатаў, але ў нас не было кворуму. 20 жніўня нам усё ж атрымалася правесці паседжанне, каб прызнаць незаконнай дзейнасць ГКЧП на тэрыторыі горада Гомеля.
Але Прэзідыўм абласнога савета дэпутатаў, парушыўшы нават свае паўнамоцтвы, адмяніў нашае рашэнне і фактычна падтрымаў дзейнасць ГКЧП. Калі я вёў расследаванне, аказалася, што наменклатура на шэрагу буйных прадпрыемстваў склікала сходы і казала, што гэта і ёсць ГКЧП. Яны нічога не рабілі, але абвясцілі, што гэта так ёсць. Па вобласці ГКЧП падтрымала наменклатура райцэнтраў.
Тады тэрмінова выйшла з адпачынку мэр Гомеля Святлана Гальдадэ. Мы пачалі друкаваць улёткі ў гарсавеце, адозву ад Барыса Ельцына.
Улётка з запрашэннем на мітынг, які сабраў некалькі тысяч гомельцаў. На мітынгу была прынята рэзалюцыя аб забароне ГКЧП на тэрыторыі Гомеля, а таксама была падтрымана незалежнасць Рэспублікі Беларусь
Увечары 21 жніўня Гарбачоў казаў аб забароне камуністычнай партыі і аб тым, каб іх маёмасць перадалі саветам дэпутатаў. Тады я працаваў у групе, якая займалася апячатваннем і прыёмам гэтай партыйнай маёмасці. Увечары 21 жніўня мы зразумелі, што путч праваліўся.
Вярхоўны савет Рэспублікі Беларусь пачаў ствараць камісію па расследаванні дзейнасці ГКЧП. Тады мы ўсвядомілі, што нам замінаюць працаваць саюзныя законы. Нам патрэбны быў поўны суверэнітэт. Таму 25 жніўня, калі сабраўся Вярхоўны Савет і яны прынялі рашэнне надаць дэкларацыі Рэспублікі Беларусь канстытуцыйнай сілы, фактычна абвяшчэнне суверэнітэту, вось тады і была створана гэтая камісія па расследаванню дзейнасці ГКЧП. Гэта быў вельмі моцны і цікавы этап развіцця падзей. Наданне суверэнітэту дало магчымасць і гомельскаму гарсавету развязаць рукі, каб разабрацца з наменклатурай. Наменклатура баялася, што яе будуць рэпрэсаваць, але ў нас рэпрэсій не было.
Мітынг 1991 года на пл. Паўстання
ГКЧПісты кіраваліся нейкімі інструкцыямі, мы ж слухалі Радыё Свабода і ў нас быў дух свабоды, таму мы тады перамаглі. Для большасці насельніцтва гэта было не заўважна, але для нас — дэпутатаў гэта было вельмі важна, бо спрыяла нашай працы.
Рашэнне Прэзідыўма Гомельскага гарадскога савета дэпутатаў было фактычна адзіным у буйных гарадах Рэспублікі Беларусь законным рашэннем — мы рашуча выступілі супраць ГКЧП. І калі пазней у Вярхоўным Савеце казалі, што ў Беларусі падтрымалі ГКЧП, то Станіслаў Шушкевіч казаў, што не падтрымалі, указваючы на рашэнне менавіта Гомельскага гарсавету».
Пошукі старога Гомеля