Незалежная Беларусь у першай палове 90-х гадоў прытрымлівалася моўнай палітыкі ў адпаведнасці з законам «Аб мовах у Беларускай ССР», які быў прыняты яшчэ ў студзені 1990 года. У другім артыкуле закона беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі, расійская мова кваліфікавалася ў законе як «мова міжнацыянальных зносін народаў СССР». Планавалася, што беларуская мова на працягу пяці гадоў стане мовай выхавання ў дзіцячых садках, а на працягу дзесяці гадоў — мовай навучання і выхавання ў школах, вучэльнях, сярэдне-спецыяльных і вышэйшых навучальных установах.
Беларускія вячоркі ў дзіцячым садку Гомеля 1988 года (з архіву Вальжыны Цярэшчанкі)
На жнівень 1990 года ў Гомелі не існавала ніводнай школы ці класа, ніводнага дзіцячага садка ці дзіцячай групы ў садку, у якіх навучанне і выхаванне вялося б на беларускай мове. Але ўжо з новага навучальнага 1990 года закон «Аб мовах…» пачаў паступова рэалізоўвацца ў Гомелі. Усё распачалося з ініцыятывы асобных настаўнікаў, якія захапіліся ідэяй беларусізацыі. Яны ладзілі беларускія святы, імпрэзы з беларускім нацыянальным каларытам.
На 1 жніўня 1992 года ў Гомелі толькі 3,6 % першакласнікаў навучалася па-беларуску. У лістападе 1993 года з афіцыйных крыніц вядома, што на той час 109 дзіцячых садкоў са 166 і 51 школа з 65 пераведзены на беларускую мову выхавання і навучання. Навучальныя ўстановы паступова набываюць нацыянальны выгляд — візуальнае афармленне і справаводства ў іх пераводзіцца на беларускую мову.
Дзеці ў нацыянальных строях. Дзіцячы садок № 161 г. Гомеля
Аднак, калі глядзець рэалістычна, то сітуацыя з мовай у сістэме адукацыі здавалася не такой аптымістычнай.
«Фармальна закон выконваўся. Дынаміка ў статыстыцы ішла нармальная. З падручнікамі крыху спазняліся, па якасці яны саступалі. Што мы не здолелі зрабіць — гэта надаць бюджэтную стабільнасць беларускім ліцэям і гімназіям, даць прэферэнцыі беларускім настаўнікам і выкладчыкам беларускай мовы, літаратуры. Трэба было абавязкова падняць статус настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Вось з гэтага пачынаць. Таму што без гэтага было складана павярнуцца да беларускамоўнага выкладання. А статус быў невысокі. У большасці на беларускія аддзяленні ішлі тыя, хто конкурс не вытрымаў на рускую філалогію. Вось такія няўдалыя абітурыенты туды траплялі. Былі, канешне, і таленавітыя студэнты. Але большасць з іх, як настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, былі незацікаўленымі ў выніках сваёй працы».
Праблемы, якія ўзніклі падчас беларусізацыі, абмяркоўваліся ў Гомелі настаўнікамі разам са Старшынём Вярхоўнага Савета Станіславам Шушкевічам і старшынём Камісіі Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай памяці Нілам Гілевічам у лістападзе 1993 года. Падчас сустрэчы было адзначана, што сілай і загадамі нічога не зменіш, што ў першую чаргу павінна спрацаваць нацыянальная самасвядомасць.
«Мы былі на гэтай сустрэчы. Прыязджаў тады Шушкевіч. Члены нашай камісіі таксама прысутнічалі. Шушкевіч тады прасіў не фарсіраваць беларусізацыю, але паступова ісці. Прасіў усімі сіламі і магчымасцямі далікатна паставіцца да пытання: “Хлопцы, толькі не пераціскайце, каб не нашкодзіць. Думайце, каб не нашкодзіць. Давайце не падстаўляцца ў гэтым пытанні”, — казаў ён. А вось Ніл Гілевіч займаў больш радыкальную пазіцыю».
Выкананне закона «Аб мовах» у вучэльнях, сярэдне-спецыяльных і вышэйшых навучальных установах адсочвалі суполкі ТБМ, якія ўтвараліся пры ўстановах адукацыі.
«У вышэйшай школе ўсё складаней было. Праблема была ў тым, што шмат ВНУ было сфармавана на шматнацыянальнай аснове. Я памятаю, было прынята такое экзатычнае рашэнне ў 1991 годзе Саветам універсітэта: усе гуманітарныя факультэты да 1 верасня 1992 года перавесці стопрацэнтна на беларускамоўнае выкладанне. Але ў нас на гістарычным факультэце прыблізна 7 выкладчыкаў было з Расіі, гэта недзе 40 % выкладчыкаў. Яны былі напалоханыя, бо не ведалі, як ім далей працаваць. Памятаю, прышоў да мяне Л. М. і пытаецца, як далей быць. Я даў яму пачытаць беларускамоўную "Гомельскую праўду". Ён чытае чатыры радкі. Я, пачуўшы, сказаў: «Л. М., я вам цвёрда абяцаю, як намеснік дэкана: па-беларуску Вы чытаць не будзеце».
Адкрыццё гомельскай філіі Беларускага гуманітарнага ліцэя
Значнай падзеяй на ніве адраджэння нацыянальнай школы стала адкрыццё ў Гомелі філіяла Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра ў 1993 годзе, які фінансаваўся за дзяржаўны кошт. У цэнтр было залічана адразу 50 ліцэістаў. Навучанне ў ліцэі было адметным тым, што настаўнікі самі распрацоўвалі свае курсы. Сярод настаўнікаў у ліцэі працавалі Уладзімір Ларыёнаў (астраномія), Віктар Адзіночанка (рэлігіязнаўства), Андрэй Скідан (мастацтва) і іншыя. Дырэктарам ліцэя быў Алесь Яўсеенка. Навучанне вялося выключна па-беларуску.
Адкрыццё гомельскай філіі Беларускага гуманітарнага ліцэя
Філіял беларускага гуманітарнага ліцэя не доўга праіснаваў у Гомелі. Ён быў зачынены, калі спынілася дзяржаўнае фінансаванне пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады А. Лукашэнкі.
Мэр Гомеля Святлана Гальдадэ на адкрыцці гомельскай філіі Беларускага гуманітарнага ліцэя
Пасля змены ўлады ўзмацнілася палеміка ў грамадстве, асноўнай тэмай якой выступіў білінгвізм. Менавіта ў Гомелі падчас свайго выступлення перад дэпутатамі мясцовага савета кіраўнік дзяржавы выказаў думку, што «беларуская мова бедная і пры яе дапамозе немагчыма выказаць што-небудзь вялікае».
«Люди, которые говорят на белорусском языке, не могут ничего делать, кроме как разговаривать на нём, потому что по-белорусски нельзя выразить ничего великого. Белорусский язык — бедный язык. В мире существует только два великих языка — русский и английский».
Інфаграфіка з газеты Гомельская праўда
У краіне ўзмацняюцца аўтарытарныя тэндэнцыі, абмяжоўваецца свабода слова, а прэзідэнт ўступае ў канфрантацыю з Вярхоўным Саветам. У 1995 годзе кіраўнік краіны прапанаваў правесці рэферэндум, які павінен быў пацвердзіць папулярнасць яго палітыкі. Лукашэнка прасіў у народа даць яму права спыняць працу Вярхоўнага Савета «ў выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі». Таксама на рэферэндуме падымаліся пытанні аб змене дзяржаўных сімвалаў і аб статусе моваў. У беларусаў запытваліся: «Ці згодны Вы з наданнем расійскай мове роўнага статусу з беларускай?». Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у галасаванні ўзялі ўдзел 64,8 % грамадзян. 88,3 % з іх, або 53,9 % ад колькасці ўсіх выбаршчыкаў, выказаліся ў падтрымку моўнага пункта плебісцыту. У працэсе падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму быў зафіксаваны шэраг парушэнняў.
Нязгода з вынікамі рэферэндуму 1995 года ў Гомелі праяўлялася праз пратэстныя графіці на сценах гарадскіх будынкаў: горад быў абмаляваны трафарэтнымі Пагонямі і бел-чырвона-белымі сцягамі. Актывісты пераймяноўвалі савецкія назвы вуліц на назвы кшталту «Князя Вітаўта» (на Савецкай), «Кастуся Каліноўскага» (на пр. Леніна). Адпаведныя надпісы з новымі назвамі з'яўляліся пад вулічнымі шыльдамі. На слупах развешваліся самаробныя бел-чырвона-белыя сцяжкі з паперы. А на гарадскіх сметніцах можна было пабачыць тры трафарэтныя словы: «урна для галасавання».
Пасля рэферэндуму моўная палітыка рэзка змянілася ў бок русіфікацыі грамадства. Паступова школы і дзіцячыя садкі сталі вяртацца на рускую мову выхавання і навучання. У гэтых умовах змаганне за мову распачалося ў прэсе, дзе друкавалася мноства зваротаў да насельніцтва ў падтрымку роднага слова. Гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы вяла афіцыйную перапіску з Гомельскім гарвыканкамам, у якой указвала на перагібы ў скарачэнні колькасці беларускамоўных школ і садкоў. Але такая форма дзейнасці не дала ніякага плёну.
Сёння на паўмільённы Гомель існуе толькі адна група ў дзіцячым садку з беларускамоўнай сістэмай выхавання (набор туды адбываецца не кожны год) і гімназія № 36 імя Івана Мележа, навучанне ў якой афіцыйна павінна весціся па-беларуску.
Марыя Булавінская
Флагшток