Ад імпрэзаў з удзелам уладаў да падпольных сустрэч. Як гомельцы святкавалі Дзень Волі ў розныя часы

| Гісторыя | 2

З часоў Незалежнасці гомельцы заўсёды адзначалі Дзень Волі, але рабілі гэта з розным размахам. Да 1995 года пра свята можна было даведацца з гарадскіх афіш, у Гомелі праходзілі асветніцкія мерапрыемствы і канцэрты, якія наведвалі нават гарадскія ўлады.

Пасля 1995 года Дзень Волі быў фактычна забаронены: як правіла, 25 сакавіка затрымлівалі актывістаў, а свята адзначалася ці то падпольна, ці то вузкім колам людзей. 

Флагшток падрыхтаваў падборку фотаздымкаў з Дня Волі ў Гомелі за розныя часы, з якіх можна даведацца пра мясцовыя традыцыі святкавання ўгодкаў абвяшчэння БНР.



Плошча Леніна ў сакавіку 1993 года (фота: Сямён Хейфец)


 Фота: Сямён Хейфец


У 1993 годзе адбылося першае святкаванне Дня Волі з удзелам гарадскіх уладаў. Імпрэза прайшла ў Беларускім ліцэі ў Гомелі, які ў хуткім часе будзе закрыты.



Фота: Сямён Хейфец


У 1994 годзе Дзень Волі адзначаўся ў музычнай школе на вуліцы Пралетарскай. Гэта было апошняе святкаванне ў дзяржустанове з удзелам уладаў.





Фота: Радыё Свабода


2009 год, вуліца Дзімітрава ў Навабеліцы. Грамадскія актывісты ўскладаюць кветкі на месца, дзе стаяў дом, у якім жыла міністарка БНР — Палута Бадунова. Наведванне гэтага месца 25 сакавіка стала гомельскай традыцыяй. 






Яшчэ адна традыцыя — неабыякавыя гомельцы 25 сакавіка наведваюць магілу Цімоха Вострыкава — дзеяча беларускага супраціву, які ў 1952 годзе ў складзе «чацвёркі» быў закінуты ў Беларусь амерыканскім самалётам, як прадстаўнік Рады БНР. Праз тыдзень пасля высадкі дэсант быў затрыманы супрацоўнікамі НКУС. За «здраду Радзіме» Цімох Вострыкаў быў асуджаны і правёў 23 гады ў лагерах у Мардовіі. Пасля вызвалення жыў у Гомелі.

За наведванне вуліцы Дзімітрава і ўскладанне кветак на магілу Вострыкава 25 сакавіка міліцыя неаднойчы прыцягвала гомельскіх актывістаў да адміністратыўнай адказнасці.



Фота: Радыё Свабода


Таксама гомельцы наведваюць магілу Міхася Жызнеўскага, які загінуў у Кіеве ў 2014 годзе. Яго дзейнасць падчас украінскай рэвалюцыі сёння лічыцца значным укладам у агульную барацьбу за волю і свабоду народаў Беларусі і Украіны.



Фота: Радыё Свабода


Адбываліся і нестандартныя падзеі ў Дзень Волі. 25 сакавіка 2014 года першым пунктам святкавання стала гомельскае ІЧУ. Тады грамадскія актывісты пад сценамі карнай установы з кветкамі сустракалі Уладзіміра Шыцікава, які адсядзеў 10 сутак за пікет супраць анэксіі Расеяй украінскага Крыму.



Мітынг каля цэнтра інклюзіўнай культуры (фота: tut.by)

У 2017 годзе гараджане, якія пратэставалі супраць лукашэнкаўскага дэкрэту «аб тунеядстве», вырашылі мітынгаваць менавіта 25 сакавіка. Людзі сабраліся на плошчы Паўстання, але рушыць у бок плошчы Леніна не змаглі, бо ўлады запаланілі ўвесь шлях рознымі актыўнасцямі: ад ярмарак да перакрыцця тратуараў аўтобусамі і трактарамі. Тады пратэстоўцы рушылі ў бок цэнтра інклюзіўнай культуры. Там адбыліся масавыя затрыманні грамадзянаў.

У 2018 годзе адбылася нечаканая падзея — на 100-годзе БНР афіцыйна дазволілі святкаваць Дзень Волі ў многіх гарадах Беларусі. Але не ў Гомелі — мясцовыя ідэолагі палічылі, што няма для гэтага свята свабодных гарадскіх пляцовак. У той год у Менску прайшоў шматтысячны канцэрт на адкрытай пляцоўцы, а ў Гомелі — толькі прыватная імпрэза для ста чалавек. Але нават гэта было дасягненнем — падчас яе ніхто не быў затрыманы, імпрэза прайшла спакойна пад пільным наглядам супрацоўнікаў КДБ.





У пратэстным 2020 годзе на адным з жылых дамоў 25 сакавіка з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. Праз 5 месяцаў на гарадскіх вуліцах залуналі сотні нацыянальных сцягоў. 





У 2021 годзе пасля падаўлення грамадскай актыўнасці ў горадзе на Дзень Волі па вуліцах гулялі збольшага людзі ў чорным — амапаўцы і міліцыянты. Ахвочых адсвяткаваць Дзень Волі наўпрост на вуліцы аказалася няшмат. Святкаванне зноўку стала падпольным.



Партызанскі пікет да Дня Волі ў 2022 годзе


Гомель

25.03.2023

Зараз наўрад ці хтосьці пойдзе кветкі ўскладаць. І за гэта могуць схапіць. Але нічога, абавязкова будзем адзначаць на галоўнай плошчы свята.

Гомель

25.03.2023

Зараз наўрад ці хтосьці пойдзе кветкі ўскладаць. І за гэта могуць схапіць. Але нічога, абавязкова будзем адзначаць на галоўнай плошчы свята.

Гумарыстычныя ўлёткі, хіп-хоп фестываль і абсурдныя перформансы. Чым запомніліся Гомельскія моладзевыя рухі 90-х – пачатку 2000-х

| Гісторыя | 0

Чым займаліся Гомельскія моладзевыя рухі 1990-х, распавялі ютуб-каналу 1142X іх стваральнікі і кіраўнікі «Гарт» і «Лімон» Аляксандр Карніенка і Сяргей Адзінец.