Гомельскія ўлады хочуць назваць сквер паміж вуліцамі Ланге і Білецкага ў гонар «Дружбы». Ужо пачаліся грамадскія абмеркаванні. Прапанаваная назва гучыць настолькі «уныло» і безыдэйна, што зусім незразумела — а навошта ўвогуле неяк найменаваць гэты сквер? З такой назвай у гэтым няма вялікага сэнсу.
Але ўсё ж паспрабуем разабрацца, ці вартае гэтае месца для асобай увагі. Якія гістарычныя падзеі звязаныя з гэтым кварталам. І чаму сквер павінен мець назву значную і прывабную.
Флагшток падрыхтаваў 7 цікавых фактаў пра гэта месца.
Вуліца Мільённая – вуліца Білецкага
Па правы бок ад сквера знаходзіцца вуліца Білецкага. Раней яна называлася Баярскай, у ХІХ стагоддзі фіксуецца назва Мільённая. Апошняя назва была распаўсюджанай у гарадах тагачаснай Расійскай імперыі, так звычайна называліся вуліцы з заможнымі цаглянымі асабнякамі. У ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя ў Гомелі якраз на гэтай вуліцы Гарадской думай было забаронена будаваць драўляныя дамы.
У 1919 годзе бальшавікі перайменавалі вуліцу ў гонар Мікалая Білецкага (сапраўднае імя Павел Язерскі), рэдактара газеты «Известия Ревкома Гомеля и уезда», які быў пакараны салдатамі Стракапытава ў ходзе антысавецкага паўстання 24–29 сакавіка 1919 года ў Гомелі. Пахаваны Язерскі ў брацкай магіле гомельскіх камунараў каля сённяшняга будынку КДБ.
Павел Язерскі
Вуліца барона Нолькена – вуліца Ланге
Па левы бок ад сквера знаходзіцца вуліца Ланге. Першапачаткова яна мела назву Эканамічная. У ХІХ стагоддзі была перайменаваная ў вуліцу барона Нолькена ў гонар гарадскога галавы Станіслава Нолькена, нашчадка славутага нямецкага роду — удзельнікаў крыжовых паходаў Сярэднявечча. Чаму ў яго гонар назвалі вуліцу? Аб гэтым распавяла ва ўспамінах «Wydziedziczeni» прадстаўніца роду Данута Караль.
У ХІХ стагоддзі габрэі Расійскай імперыі часта трывалі ад пагромаў, якія ініцыявала царская паліцыя. Пасля аднаго такога пагрому ў Гомелі, Станіслаў Нолькен насуперак уладам дамогся прыцягнення да адказнасці вінаватых у рабаванні і збіцці гараджанаў. Менавіта па патрабаванні ўдзячных габрэяў Гарадская дума прыняла рашэнне аб перайменаванні вуліцы ў гонар Нолькена.
У 1919 годзе вуліца барона Нолькена была перайменаваная бальшавікамі ў гонар старшыні ЧК Гомельскага ўезда Івана Ланге, які быў пакараны салдатамі Стракапытава ў ходзе антысавецкага паўстання 24–29 сакавіка 1919 года ў Гомелі. Пахаваны Ланге ў брацкай магіле гомельскіх камунараў каля будынку КДБ.
Гогалеўскі сквер – сквер 25 сакавіка – сквер Дзяржынаскага
На вуліцы Білецкага каля будынку КДБ знаходзіцца сквер з брацкай магілай камунараў і помнікам Дзяржынскаму. Як ужо паўстагоддзе ў гэтым скверы гомельцы не надта любяць гуляць.
Напрыканцы ХІХ стагоддзя на месцы сквера планавалася пабудаваць мужчынскую гімназію. Але планы змяніў архітэктар Станіслаў Шабунеўскі — гімназію пабудаваў на Магілёўскай (сённяшняй вуліцы Кірава), а на тагачаснай вуліцы Мільённай добраўпарадкаваў Гогалеўскі сквер. З яго адкрываўся від на Базарную плошчу з касцёлам. У самім жа скверы знаходзіўся помнік Мікалаю Гогалю.
Пасля падаўлення Стракапытаўскага антысавецкага паўстання гомельскія чэкісты размясцілі ў скверы брацкую магілу загінулым камунарам і назвалі яго «сквер 25 сакавіка» — гэта дата абароны бальшавікамі гасцініцы «Савой» ад «стракапытаўцаў». У 1950-х гадах у скверы размясціўся будынак МГБ (сёння КДБ), а таксама з'явіўся помнік Феліксу Дзяржынкаму. Гомельскія чэкісты часта яго так і называюць — сквер Дзяржынскага. Хоць і афіцыйнай назвы сёння ён не мае.
Гомельская Ратуша – аптэка Шляка – КДБ
Сёння па вуліцы Білецкага насупраць сквера размяшчаецца Упраўленне КДБ па Гомельскай вобласці. Яго будынак утварыўся з некалькіх гарадскіх асабнякоў пачатку ХХ стагоддзя. Адзін з іх належыў прадпрымальніку Шляку, там размяшчалася аптэка. А яшчэ раней на месцы будынку КДБ знаходзілася гомельская ратуша, якая была пабудаваная напачатку ХІХ стагоддзя архітэктарам Джонам Кларкам.
Дом Лісоўскага – будынак чэкістаў
Па перыметру сквера паміж сённяшнімі вуліцамі Ланге і Білецкага раней знаходзілася заможная цагляная забудова. Вугал двух тагачасных вуліц — барона Нолькена і Мільённай — завяршал асабняк, пабудаваны яшчэ ў часы Мікалая Румянцава.
Уладальнікам дома ў ХІХ стагоддзі быў гарадскі галава Адольф Крушэўскі, пасля Аляксанр Лісоўскі — нашчадак легендарнага шляхціца Аляксандра-Юзафа Лісоўскага, стваральніка ў Рэчы Паспалітай падраздзялення лёгкай кавалерыі «лісоўчыкаў». Апошняй гаспадыняй дома была Ірэна Галынская (з Лісоўскіх). У 1919 годзе пасля прыходу ў горад бальшавікоў яна разам з мужам і сынам была вымушана пакінуць Гомель.
Ірэна Галынская (з Лісоўскіх)
У тым жа годзе бальшавікі канфіскавалі будынак і размясцілі там ЧК (надзвычайная камісія, орган, які папярэднічаў НКВД). У падвале будынку ўтрымліваліся вязні чэкістаў.
Падчас антысавецкага паўстання на чале са Стракапытавым 24–25 сакавіка 1919 года паўстанцы здзейснілі дзве спробы штурму будынку праз абстрэлы. У выніку 7 чэкістаў былі ўзятыя ў палон, астатнія збеглі.
Абкам партыі супраць дарэвалюцыйнай архітэктуры
У будынку сённяшняга медуніверсітэту знаходзіўся абкам партыі. Савецкія архітэктары планавалі расчысціць від з будынку на набярэжную Сожа. Для гэтага пачалі зносіць асабнякі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя на вуліцы Ланге і Білецкага. Калі ў 1980-х гадах дайшла чарга да зносу былога «рускага тракціру» (будынак, у якім сёння размяшчаецца адміністрацыя Цэнтральнага раёна), краязнаўцы выступілі супраць. Сярод аргументаў гучала тое, што пабудова належыць аўтарству англійскага архітэктара Джона Кларка і яе знос можа выклікаць міжнародны скандал. Гэта спрацавала — будынак захаваўся да сёння.
Такім чынам, квартал вуліц Ланге і Білецкага мае значную для горада гісторыю. Назва «Дружба» для сквера паміж гэтымі вуліцамі не мае ніякага дачынення да гістарычнага зместу гэтага месца, таксама не з’яўляецца сучаснай і актуальнай.
Калі вы хочаце выказаць сваё меркаванне па ініцыятыве ўладаў, то прапановы можна дасылаць па адрасу: вул. Савецкая, 16, (gik@gorod.gomel.by) з пазнакай «Тапанімічная камісія гомельскага гарвыканкаму» ці па тэлефону: 53-73-55 і 53-70-61.
Флагшток