27 ліпеня 1997 года ў шостую гадавіну прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі над будынкам Гомельскага гарвыканкама ўзняўся бел-чырвона-белы сцяг. Гэта быў грандыёзны скандал, бо за два гады да гэтага па ініцыятыве Лукашэнкі галоўны дзяржаўны сімвал краіны быў заменены на чырвона-зялёнае палотнішча савецкага ўзору.
Аўтар: @street_wind_
У 1997 годзе 27 ліпеня прыпала на нядзелю. Нягледзячы на гэта, чыноўнікам Гомельскага гарвыканкама прыйшлося экстранна выйсці на працу. У Дзень Незалежнасці Беларусі, які стаў ужо неафіцыйным, невядомыя правялі акцыю, у выніку якой топ-чыноўнік гарвыканкама быў вымушаны асабіста падняцца на дах установы.
Што ж адбылося ў той дзень? Падрабязнасці таго дня распавёў непасрэдны ўдзельнік тых падзеяў Яўген Мурашка.
Яўген Мурашка атрымаў вядомасць у 1990 годзе, калі арганізаваў паспяховую забастоўку рабочых заводу «Гомсельмаш». У тым жа годзе ён арганізаваў чарнобыльскі марш «За выжыванне» на Маскву. Акцыю да Дня Незалежнасці ў 1997 годзе ён планаваў правесці максімальна крэатыўна.
Яўген Мурашка
— Звычайна ў раёне Гомсельмаша на цеплатрасе пісалі лозунгі… Гэта банальна і мы вырашылі, пакуль там міліцыя будзе лавіць, усе сілы міліцыі будуць адцягнуты з цэнтру гораду… А чаму не гарвыканкам? Флагшток бачу — цудоўнае месца.
Рэалізаваць задуманае актывісту дапамог прыяцель Зміцер. Разам яны вырашылі, што на дах гарвыканкама палезе Яўген. Каб дзейнічаць бясшумна, актывісты ўзялі з сабой вяровачную лесвіцу і хатнія тапкі. Дамовіліся камунікаваць пры дапамозе ліхтарыка.
Аўтар: @street_wind_
— Залез, падрыгвалі рукі, ногі, хваляваўся, страшнавата было. А потым як стаў на дах, усё кудысьці падзелася, страху няма. Пагнаў я на карачках да флагштока. Бел-чырвона-белы прыматаў, падняў, паглядзеў. Мне спадабалася.
Для большага рэзанансу Яўген Мурашка прыдумаў размясціць на даху кавалак мыла з надпісам "Асцярожна, міна". Аднак, узважыўшы ўсе "за" і "супраць", ад гэтай ідэі вырашылі адмовіцца.
Задума камунікаваць паміж сабой пры дапамозе чырвонага ліхтарыка не спрацавала. Калі Яўген мяняў сцяг на даху, унізе з'явіўся мінак, які выгульваў сабаку. Адчуўшы прысутнасць людзей, сабака пачаў рычаць. Зміцер паспрабаваў падаць сігнал небяспекі, але Яўген яго так і не ўбачыў. Да шчасця, мінак не звярнуў увагі на дзіўныя паводзіны сабакі і працягнуў свой шлях.
— Сышлі мы з ім, паглядзелі: нармальна палошчыць. Цемра, але праўда падсветка была, бел-чырвона-белы было бачна.
Аўтар: @street_wind_
Сцяг правісеў ноч, а днём яго знімаў асабіста Юры Самборскі, які ў той час узначальваў упраўленне справамі Гомельскага гарвыканкама.
— Яму было даручана ахоўваць сцяг, сымбаль. Ён, натуральна, у выходныя паглядзеў, што там непарадак, палез ды і зняў, а калі б кавалак мыла быў, я думаю, ён не палез бы і «шухер» думаю быў бы грандыёзны.
Тая раніца 27 ліпеня 1997 года да гэтага часу з'яўляецца апошняй, калі над будынкам гарадской адміністрацыі ў Гомелі лунаў гістарычны сімвал суверэннай Беларусі.