«Калі б якую зорку знайшлі, а так можа нацыст там пахаваны». У Гомелі пачынаюцца працы на месцы «лагера смерці»

| Гісторыя | 0

У Гомелі ў хуткім часе на плошчы Паўстання плануецца ўсталяваць помнік ахвярам генацыду беларускага народу, прылеглая тэрыторыя будзе добраўпарадкаваная. Чыноўнікі запланавалі земляныя працы на месцы, дзе падчас Другой сусветнай вайны знаходзіўся перасыльны лагер Дулаг-121. На яго тэрыторыі і прылеглых да лагера пустках нацысты жорстка забівалі савецкіх ваеннапалонных. Правядзенне раскопак ці пошукавых даследаванняў перад будаўнічымі працамі не запланавана.




Чаму будаўнікі могуць выявіць чалавечыя парэшткі на плошчы Паўстання, распавядае Флагшток.


Дулаг-121, савецкія ваеннапалонныя падчас нацысцкай акупацыі

У 2021 годзе Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу «Аб генацыдзе беларускага народу» падчас Другой сусветнай вайны. Пасля гэтага ў дзяржаўных выданнях выйшаў не адзін матэрыял пра сумнавядомы перасыльны лагер (Дулаг-121), у якім утрымліваліся савецкія ваеннапалонныя. Размяшчаўся ён на тэрыторыі ў межах, дзе пазней з'явяцца фабрыкі «8 сакавіка» і «Труд». Значная частка плошчы Паўстання і прылеглага сквера таксама трапляе ў перыметр былога лагера.



Савецкі план перасыльнага лагера, састаўлены пасля вызвалення Гомеля ў 1944 годзе


Па рознай дакументальнай інфармацыі нацысты забілі ці закатавалі ад 50 да 110 тысяч чалавек, якія патрапілі ў лагер. Сярод ваеннапалонных былі і прадстаўнікі сем’яў партызанаў, а таксама звычайныя грамадзяне. Зусім малой колькасці вязняў атрымалася выжыць.

Магло б падавацца, што такое жахлівае месца найбольш падыходзіць для таго, каб на яго месцы стварыць мемарыял. Але ёсць некаторыя нюансы. 


Нацысты забівалі ваеннапалонных на тэрыторыі лагера

Агульнавядома, што немцы закопвалі забітых ваеннапалонных у рове былога ціра (сёння тэрыторыя каля вуліцы Кніжнай). Пасля вайны гэтае месца даследавалася савецкай камісіяй па расследаванні злачынстваў нацыстаў. Адзін з дакументаў паведамляе, што ў выніку раскопак камісія палічыла, што ў рове было пахавана каля 75 тысяч ахвяраў нацыстаў. Але эксгумацыі і перазахавання парэшткаў не праводзілася. Прынамсі, аб гэтым няма ніводнай узгадкі ў вядомых дакументах, а ў Гомелі няма ніводнай брацкай магілы з такой колькасцю пахаваных.   


  

Трупы ваеннапалонных у рове былога ціра на тэрыторыі перасыльнага лагера (нямецкае фота часоў акупацыі Гомеля)


Роў былога ціра — гэта не адзінае месца, дзе немцы хавалі ваеннапалонных. У дакументах згадваецца, што людзей хавалі на тэрыторыі самога лагера і на пустках каля яго. Па гэтай прычыне гамяльчане ў розныя часы бачылі ў раёне былога лагера чалавечыя парэшткі падчас земляных прац.



Перыметр перасыльнага лагера, накладзены на сённяшнюю абстаноўку, дае зразумець, што большая частка сённяшняй плошчы Паўстання трапляе на тэрыторыю былога лагера (фотаздымкі 1941 і 2020 гг., жоўтым колерам вылучаны перыметр лагера)


Жыхары вуліцы Кніжнай бачылі чалавечыя парэшткі ў раёне ўзвядзення будынку навукова-даследчага і праектнага інстытута нафты ВП «Беларуснафта» на вуліцы Кніжнай ў 2010-х гадах.

«Капаючы катлаван пад падмурак, экскаватары паднялі на паверхню горы чалавечых костак… з гарвыканкама адказалі, што звестак аб людскіх пахаваннях у гэтым месцы не маюць. Будоўлю не спынілі і парэшткі шукаць не сталі…».




Беларускі навукова-даследчы і праектны інстытут нафты ВА «Беларуснафта» па вуліцы Кніжная


Старажылы бачылі парэшткі падчас пракладання цеплатрасы ў 1960-х гадах на плошчы Паўстання:

«Тады пасля вайны іх [костак] там шмат было. Ніхто асабліва не разбіраўся, не да гэтага было».



Савецкія горадабудаўнікі не пераймаліся з поваду будаўніцтва на тэрыторыі рова былога ціра. Ахвяры перасыльнага лагера могуць да сёння пакоіцца ў брацкай магіле на тэрыторыі двара інтэрната фабрыкі «8 сакавіка» на вуліцы Кніжнай, 9 


У 2005 годзе 11 жніўня гомельскі гісторык Яўген Малікаў заўважыў чалавечыя парэшткі на тэрыторыі аўтамабільнай стаянкі за цыркам — у той час там праводзіліся земляныя працы. Гэтай гісторыяй ён падзяліўся ў 2016 годзе падчас выступу на канферэнцыі, прысвечанай «75 гадавіне Вялікай Айчынай вайны», якая праходзіла ў Гомелі ў бібліятэцы імя Леніна:


«Праходжу міма, а там шмат костак. Я запытаўся ў будаўнікоў, ці выклікаў хто-небудзь міліцыю. Адзін зусім малады хлопец там падпрацоўваў, толькі ў яго спрацавала, што трэба гэта зрабіць. Прыехалі міліцыянты. Думаў, што працы спыняцца. А на наступны дзень прыходжу, а там зноўку ўсё для прац падрыхтавана».


Гісторык вырашыў, што парэшткі маюць дачыненне да перасыльнага лагера.

«Я пачаў цікавіцца ў пракурора, чаму працы не спынілі і не сталі займацца эксгумацыяй і перапахаваннем чырвонаармейцаў? Дык ён мне патлумачыў, што вось калі б будаўнікі якую зорку знайшлі, то можа быць і спынілі. А так невядома хто там быў пахаваны — а раптам нацыст. Пры гэтым ён запэўніў, што парэшткі вывезлі і пахавалі на адмысловай тэрыторыі».



Большая частка плошчы Паўстання і сквера (каля 7200 квадратных метраў), якая падлягае рэканструкцыі, знаходзілася ў межах перасыльнага лагера (жоўтым вылучаны перыметр лагера, чырвоным — тэрыторыя плошчы Паўстання, якая падлягае рэканструкцыі)



На схеме ружовым колерам пазначаныя месцы, дзе гомельцы бачылі чалавечыя парэшткі падчас земляных прац 




На нямецкім аэраздымку 25.04.1944 года тэрыторыя ўжо пустога концлагера пазначана як «казарменны аб'ект». У яе дадаткова ўключана тэрыторая сучаснага стадыёна «Цэнтральны». На здымку заўважныя сляды ямаў. Яны могуць сведчыць пра наяўнасць іншых масавых пахаванняў лагера 


Рознага кшталту земляныя працы ў раёне былога лагера праводзіліся неаднойчы і былі выпадкі, калі мясцовыя жыхары адмыслова заглядалі ў раскоп, каб пераканацца, што лагерныя пахаванні не закранутыя — костак там часта не было. Гэта сведчыць аб тым, што межы пахаванняў невядомыя і ўся тэрыторыя былога лагера патрабуе даследавання з боку археолагаў ці спецыялістаў пошукавікоў.



Пачатак стварэння манумента на пл. Паўстання ў 1968 годзе (фотаздымак Аркадзя Плоткіна, суполка ў аднкласніках «Стары Гомель»)


Што прапануюць сённяшнія ўлады

На тэрыторыі, дзе пераважна гінулі ваеннапалонныя з усяго СССР (беларусы, украінцы, казахі, шматлікія народы РСФСР), мясцовыя ўлады хочуць усталяваць помнік ахвярам генацыду беларускага народу.



Адкрыццё помніка ахвярам перасыльнага лагера Дулаг-121 на пл. Паўстання ў пачатку 1990-х (фота: Сямён Хейфец)


Фармальны падыход назіраецца не толькі ў канцэпцыі помніка і абраным для яго месцы, але і ў выбары фармуліровак — вялікую металічную скульптурную кампазіцыю чыноўнікі і дзяржаўныя СМІ называюць выключна «памятным знакам».

Адзін з гарадскіх актывістаў на ўмовах ананімнасці тлумачыць гэта бюракратычнымі тонкасцямі:

«З аднаго боку, гэта ўжо заслугоўвае гарадскога анекдота — гарадскія помнікі апошняга дзесяцігоддзя чыноўнікі называюць "памятнымі знакамі". Напрыклад, вы бачыце тры літыя фігуры братоў Лізюковых на плошчы Перамогі. Але не, гэта не помнік, па паперах гэта "памятны знак". Падобна на знак?

У выпадку з помнікам на плошчы Паўстання тая ж гісторыя. Усё тлумачыцца простым "лайф хакам", які вынайшлі чыноўнікі, — усталяванне помнікаў трэба ўзгадняць на самым высокім узроўні, а вось "памятны знак" не патрабуе бюракратычных клопатаў».



Праект рэканструкцыі гомельскай плошчы Паўстання з размяшчэннем «памятнага знака» ахвярам генацыду беларускага народу (фота: ГП)


Добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол помніку таксама небясспрэчнае. Гомельскія ўлады праігнаравалі афіцыйную працэдуру грамадскага абмеркавання, якую неабходна праводзіць перад рэалізацыяй горадабудаўнічых праектаў. Такім чынам улады пазбавілі гісторыкаў, а таксама грамадзянаў, магчымасці падаць свае прапановы і заўвагі па праекту. Больш таго, улады праігнаравалі нарматыўна-прававыя акты, якія рэгулююць земляныя працы ў месцах, на якіх могуць знаходзіцца парэшткі савецкіх вайскоўцаў часоў Другой сусветнай вайны.





Пакiнуць каментар
captcha
Заводам кіраваў працоўны, а вышэйшыя партыйныя чыноўнікі рэціраваліся праз задні ход. Страйк на Гомсельмашы ў 1990 годзе

| Гісторыя

У 1990 годзе ў Гомелі прайшла адначасовая забастоўка некалькіх буйных прамысловых прадпрыемстваў. Флагшток расказвае пра тое, як такое стала магчыма ва ўмовах аўтарытарызму.