Лісоўскія — нашчадкі легендарнага здрадніка і героя Рэчы Паспалітай. Невядомая гісторыя «Паляўнічага доміка» ў Гомелі (2-я частка)

| Гісторыя

У Гомелі, дзе вуліца Пушкіна пераходзіць у вуліцу Білецкага, стаіць гарадскі асабняк, вядомы гомельцам як «Охотничий домик». У нашым папярэднім матэрыяле мы распавядалі пра Крушэўскіх, якія валодалі будынкам у ХІХ стагоддзі. Зараз жа сабралі ўсё самае цікавае пра Лісоўскіх, якім асабняк належыў у пачатку ХХ стагоддзя.




Сучасная 3D рэканструкцыя сядзібы

Мала хто ведае, што гісторыя гэтага дома звязана з вядомым родам Рэчы Паспалітай — Лісоўскімі гербу Вожык. Асабняк пачаў ім належыць пасля шлюбу Антаніны Крушэўскай з Аляксандрам Лісоўскім напрыканцы ХІХ стагоддзя.

Сучаснікі прыгадвалі, што ў сям’і Лісоўскіх было прынята называць кожнага першага сына Аляксандрам — у гонар легендарнага продка і шляхціца бунтара Аляксандра-Юзафа Лісоўскага


На фота Аляксандр Аляксандравіч Лісоўскі з жонкай Лёляй 



Аляксандр-Юзаф Лісоўскі




Кадр з культавага польскага фільма «Патоп» рэжысёра Ежы Гофмана, які быў зняты па матывах аднайменнай кнігі пісьменніка Генрыка Сянкевіча. Гісторыя галоўнага героя Анджэя Кміціца вельмі моцна нагадвае гісторыю Аляксандра-Юзафа Лісоўскага


Аляксандр-Юзаф Лісоўскі — разбойнік і авантурыст, шляхціц Рэчы Паспалітай, які жыў напрыканцы ХVI — у пачатку XVII стагоддзяў. Польскі даследчык Генрык Віснер адзначаў:

«У вайсковай еўрапейскай гісторыі існавалі шматлікія фарміраванні з іх чорным мінулым. У гісторыю ўвайшлі легенды пра іх незлічоныя паходы, рабункі і разбой. Французы мелі сваіх экаршэраў (літаральна "здзіральнікаў скуры"), Нямеччына — ланкнехтаў". У Рэчы Паспалітай таксама існавала такое вайсковае злучэнне, якое заснаваў у пачатку XVII стагоддзя Аляксандр-Юзаф Лісоўскі. Ад яго прозвішча злучэнне атрымала назву "лісоўчыкі"».

Лісоўчыкі ўяўлялі лёгкую кавалерыю Рэчы Паспалітай. Іх паслугі не аплачваліся са скарбу (з «бюджэту»), таму яны зараблялі разбоем. Конна на хаду лісоўчыкі забівалі любога, хто трапляўся на шляху. Гэтым яны наводзілі страх як на патэнцыйных ворагаў, так і на мірнае насельніцтва.


Кадр з фільма «Патоп» 


Аляксандр-Юзаф Лісоўскі быў сапраўдным авантурыстам. Ён бескаштоўна падтрымаў Ілжэдзмітрыя ІІ і спадзяваўся атрымаць выгоду ад таго, што той зойме трон Маскоўскай дзяржавы. Лісоўскага пазбавілі шляхецтва за тое, што выступіў супраць караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ Вазы. У рэшце рэшт, пасля славы здрадніка і разбойніка Аляксандр-Юзаф Лісоўскі стаў героем Рэчы Паспалітай, бо падчас вайны з Масковіяй падтрымаў караля і бараніў разам з лісоўчыкамі ўсходнія межы Вялікага Княства Літоўскага

Шмат якія даследчыкі лічаць, што гісторыя Аляксандра-Юзафа Лісоўскага мае вялікае падабенства з персанажам
Генрыка Сянкевіча з кнігі «Патоп» — Анджэем Кміціцам.



Кадр з фільма «Патоп» 


Даследчыкам невядома, каб легендарны Аляксандр-Юзаф Лісоўскі жыў на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны. Але цікава, што ў старой школе ў Пракопаўцы Гомельскага раёна захаваліся запісы з успамінамі жыхароў вёскі. Яны распавядалі, што Аляксандр-Юзаф Ліоўскі быў пахаваны ў Пракопаўцы. А прадстаўнікі мясцовай сям’і Макаёвічаў змянілі прозвішча, калі даведаліся, што іх сваякі спалілі адзін з маёнткаў Аляксандра-Юзафа. 


Лісоўскія ў Гомелі напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў

Аляксандр Лісоўскі і Антаніна Крушэўская мелі дачку Ірэну (у шлюбе Галынская), якая пакінула найцікавейшыя ўспаміны пра шляхецкія маёнткі Гомельшчыны. Зараз яны знаходзяцца ў польскіх архівах. Менавіта Ірэна стала апошняй гаспадыняй дома ў Гомелі да прыхода ў горад бальшавікоў.



Ірэна Лісоўская

Ірэна вельмі шмат пісала пра любімую Пракопаўку (сёння Гомельскі раён), дзе размяшчалася летняя рэзідэнцыя Лісоўскіх. Узгадвала, што яе бацька Аляксандр вельмі любіў дзяцей, таму Ірэна выхоўвалася разам з сялянскай дзятвой, якая ўдзельнічала ў сямейных цэрыманіялах шляхты. Але ўсё ж вернемся ў Гомель.



Сядзіба Лісоўскіх у Пракопаўцы (сёння Гомельскі раён), ад яе захаваліся толькі фундаменты з падваламі


Сядзібу ў Гомелі атачаў з трох бакоў парк, які, па ўспамінах Ірэны, не саступаў па прыгажосці парку Паскевічаў — з’яўляўся працягам яго старой часткі. У парку раслі італьянскія таполі і іншыя лісцяныя дрэвы. Праз парк па Крушэўскаму спуску можна было спусціцца да ракі.



Перад «Паляўнічым домікам» — таполі, а за ім вялікія дрэвы старога парка (ён быў на тэрыторыі сённяшніх вуліц Садовай і Арцёма)

 

У асабняку на Мільённай знаходзіліся сямейныя скарбы Лісоўскіх: срэбра, сервізы (у тым ліку англійскі), дываны, футра, калекцыя абразоў. У «чырвоным» пакоі на шэрым мармуровым каміне стаяў гадзіннік у чорнай мармуровай аправе з бронзавай постаццю жанчыны з лісам. На сценах пакояў віселі партрэты продкаў і карціны мастакоў: Аляксандра Арлоўскага, Юзафа Брадоўскага, Станіслава Маслоўскага і інш. Ірэна адзначала, што ў доме знаходзілася карціна, якая, як лічылі Лісоўскія, належыла аўтарству Рэмбрандта — выява алхіміка з горнам і двума чалавечымі постацямі на заднім плане і карціна Гвідо Рэні — «Дама, якая пранізвае свае грудзі кінжалам». Сямейнай рэліквіяй з’яўлялася карціна з выявай караля Рэчы Паспалітай і Вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя з надпісам на латыні, які сведчыў аб тым, што партрэт раней знаходзіўся ў езуіцкім калегіўме Полацка.

У наступным матэрыяле мы распавядзем, куды зніклі скарбы Лісоўскіх і дзе сёння знаходзіцца партрэт Стэфана Баторыя, які ўяўляе гістарычную каштоўнсць для Беларусі. Распавядзем пра сумны лёс апошніх «дарэвалюцыйных» гаспадароў «Паляўнічага доміка» ў Гомелі.



Марыя Булавінская 

Заводам кіраваў працоўны, а вышэйшыя партыйныя чыноўнікі рэціраваліся праз задні ход. Страйк на Гомсельмашы ў 1990 годзе

| Гісторыя

У 1990 годзе ў Гомелі прайшла адначасовая забастоўка некалькіх буйных прамысловых прадпрыемстваў. Флагшток расказвае пра тое, як такое стала магчыма ва ўмовах аўтарытарызму.