Перабудаваная аптэка пад упраўленне КДБ і будынак лазні, які спрасцілі да стану скрыні. Краязнаўцы працягнулі віртуальную вандроўку па вуліцы Білецкага

| Гісторыя

Краязнаўцы супольнасці Пошукі старога Гомеля працягнулі віртуальную вандроўку па вуліцы Мільённай (сёння Білецкага), якую распачалі летась. З дапамогай 3D рэканструкцый можна даведацца, як выглядалі будынкі па правы бок вуліцы ад сённяшняй Савецкай напачатку 20 стагоддзя.

З першымі віртуальнымі экскурсіямі можна азнаёміцца ў папярэдніх матэрыялах:

Амаль як сто гадоў таму. Працяг віртуальнай прагулкі па зруйнаванай вуліцы Мільённай

Усе абъекты, якія прадстаўлены ніжэй перажылі Другую сусветную вайну, але былі знесеныя ў канцы 1970-х, абы нішто не замінала глядзець на будынак Абласнога камітэта Камуністычнай партыі. Пашанцавала толькі аднаму.



«Лазні Лагорыя» — краязнаўчая сенсацыя 




На старых мапах будынак пазначаны як «Лазні Лагорыя».

Даўгая двухпавярховая будыніна была ўзведзеная ў другой палове 19 стагоддзя ў эклектычным стылі са складаным і разнастайным архітэктурным дэкорам. За вуглом будынку быў схіл да Сажа — праз роў з ручаём гомельцы хадзілі да рачных прыстаняў. Менавіта гэты паварот да ракі прымусіў невядомага архітэктара «зрэзаць» вугал будынку.




Сёння адзіная вядомая выява будынку — пасляваенны здымак. На ім бачна, што пабудова ў той час была ў вельмі кепскім стане.

Архітэктурны аналіз будынку, які праводзіўся падчас стварэння яго віртуальнай рэканструкцыі, падказаў, што часткова пабудова захавалася да сёння. Габарыты і разбіўка вокнаў на фасадзе старой лазні цалкам адпавядае тым жа характарыстыкам існуючага будынку Упраўлення капітальнага будаўніцтва Гомельскай вобласці.




У пачатку 1960-х гадоў аварыйны будынак старой лазні быў рэканструяваны: знік рызаліт з паўкруглым атыкам, была знесеная балюстрада з «ілюмінатарамі», разабраны бакавы ўваход і часткова сцены другога паверху. Будынак спрасцілі да стану скрынкі і надбудавалі трэці паверх. Зараз толькі руст на сценах першага паверху нагадвае пра архітэктурныя высілкі невядомага дойліда.



Дом Грошыкава





Дом у стылі мадэрн спраектаваў Станіслаў Шабунеўскі па замове прадпрымальніка Грошыкава перад пачаткам Першай сусветнай вайны. Таксама ўладальніку дома належыў больш стары і сціплы двухпавярховы будынак побач на вуліцы Баярскай. Пасля Другой сусветнай яго не аднавілі — на месцы старой пабудовы ўзвялі «хрушча».

На 3D візуалізацыі фасад вырашаны на кантрасным спалучэнні чырвонай цэглы і белых тынкаваных паверхняў. Так любіў рабіць Шабунеўскі, але на сёння няма пацверджання, што дом ад пачатку быў чырвона-белым.






З тыльнага боку дом быў трохпавярховым, а вокны на бакавым фасадзе прарэзвалі ўжо пасля вайны.

З левага боку ад скразнога праезду было вялікае арачнае акно. Арка з праездам была неабходнай, каб патрапіць у вузкі ўнутраны дворык.

Да нашага часу на будынку не захаваліся некаторыя дэкаратыўныя элементы, распрацаваныя Шабунеўскім: складаная агароджа і слупочкі на даху, дэнтыкулы на фрызе. Маскарона над балконам сёння выглядае не лепшым чынам. Будынку даўно не хапае якаснай і абгрунтаванай рэстаўрацыі.





Прыбытковы дом Шляка





Па гэтаму дома чарцяжы пакуль не знойдзеныя, але аднавіць яго знешні выгляд атрымалася па старых фотаздымках.

Будынак з'явіўся ў другой палове 19 стагоддзя. Прыкладна тады, калі дойліды засвоілі цагляны стыль і перасталі тынкаваць фасады, але яшчэ не пачалі рабіць з цэглы вельмі складаны дэкор. З такіх асаблівасцяў можна меркаваць, што дом зʼявіўся прыкладна ў 1870-х гадах.




На першым паверсе дома знаходзіліся арэндныя плошчы для крамаў, дакладна можна казаць пра аптэку гаспадара дома, на другім паверсе — арэндныя кватэры.

Напачатку 20 стагоддзя адрас будынку прывязваўся да Мільённай плошчы. Такі тапонім утварыўся, калі будынак Гарадской думы у 1889 годзе візуальна адрэзаў кавалак Базарнай плошчы. На гэтым кавалку зямлі ў 1909 годзе быў арганізаваны Гогалеўскі сквер.



Гогалеўскі сквер 

Падобна, што дом згарэў у вайну і ў такім выглядзе прастаяў да 1950-х гадоў, калі архітэктар уключыў яго ў абʼём «адміністратыўнага будынку». Менавіта так у савецкім фотаальбоме называлася ўпраўленне МГБ-КГБ.

Будынак, з надбудаваным трэцім паверхам, стаў левым крылом упраўлення. Правей быў узведзены портык і сіметрычнае правае крыло. Цагляны дэкор старога прыбытковіка не збівалі — ён стаў асновай для ўпрыгожанняў у стылі «сталінскага» ампіру.


Сяргей Ляпін,
Пошукі старога Гомеля

Гумарыстычныя ўлёткі, хіп-хоп фестываль і абсурдныя перформансы. Чым запомніліся Гомельскія моладзевыя рухі 90-х – пачатку 2000-х

| Гісторыя | 0

Чым займаліся Гомельскія моладзевыя рухі 1990-х, распавялі ютуб-каналу 1142X іх стваральнікі і кіраўнікі «Гарт» і «Лімон» Аляксандр Карніенка і Сяргей Адзінец.