Сёлета гомельскаму архітэктару Станіславу Шабунеўскаму 155 год. Аб гэтым юбілеі не ўзгадалі дзяржаўныя СМІ і ўстановы. Але ж не забыліся краязнаўцы і гісторыкі. Публікуем працяг матэрыялу аб будынку аўтарства архітэктара — пажарнай каланчы. Артыкул падрыхтаваны паводле матэрыялаў гомельскіх краязнаўцаў.
З прыходам бальшавікоў пажарнае дэпо захавала сваю функцыю. Але ў савецкіх горадабудаўнікоў былі іншыя планы. Яны не хацелі бачыць у ансамблі галоўнай плошчы ніякіх старарэжымных пабудоў. Паводле генплана 1935 года меркавалася знесці ўсе храмы (Петрапаўлаўскі сабор, касцёл Дзевы Марыі) і пажарнае дэпо с вежай. Паспелі ўзарваць толькі касцёл у 1940 годзе. Планы адклала нямецкая акупацыя.
У часе бамбавання жніўня 1941 года будынак пажарнага дэпо згарэў. Але пасля вызвалення Гомеля стратэгічны аб'ект быў адноўлены. На фоне каланчы гамяльчане вельмі любілі фатаграфавацца.
Але горадабудаўнікі зноўку былі нязгодныя. Каланчы не было ні на эскізе галоўнай “круглай” плошчы 1946 года, ні ў праекце Бурлакі 1956.
Усё адбылося раніцай 22 красавіка 1965 года. З каланчы было знята ўсё, што можна было зняць — бляха, бэлькі перакрыццяў, вокны.
Вось што распавядаў ветэран пажарнай службы Яўген Самцоў: «Мы, падлеткі, ішлі да Сажа на рыбалку. Заўважылі, што вайскоўцы часова абмежавалі рух каля каланчы. Хутка даведаліся, што будзе выбух. Сталі назіраць. Рванула, а каланча стаіць. І мы, і вайскоўцы назіраем. І вось праз некаторы час група падрыўнікоў рушыла да каланчы. Толькі яны дайшлі да сярэдзіны пр. Леніна, як каланча пачала хіліцца...»
Дваццаціметровая каланча абрынулася на праезджую частку перад палацам спорту грудай масіўных кавалкаў. За некалькі дзён цяжкая тэхніка скончыла руйнаваць двухпавярховы корпус і прыбіраць тэрыторыю. У газетах знос будынку патлумачылі лёгка: «Пажарная каланча ніяк не гарманіравала з прыгожымі будынкамі на цэнтральнай плошчы», а таксама напісалі, што да першага траўня на месцы каланчы з’явіцца сквер.
Да новага будаўніцтва дайшлі рукі толькі напачатку васьмідзясятых. Тады быў узведзены вялізарны «шкляны» аб'ём «Дома Сувязі», больш вядомы пад назвай Галоўпаштамп ці Белтэлекам. Будынак аўтарства архітэктара Цікава нават пэўны час насіў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Прамысловы шматпавярховік замест таго, каб упрыгожваць які-небудзь мікрараён, паўстаў у самым сэрцы старога гораду.
Так бы выглядала каланча, калі б яна захавалася да сённяшняга часу. Будынак стаяў бы пад вуглом да праспекта Леніна перад будынкам Галоўпаштампу. Усё таму, што ў пасляваенны час канфігурацыя плошчы была значна змененая, а забудова знесеная.