«Ніхто не забыты — нішто не забыта!». Гісторык развенчвае самы вялікі міф пра ІІ Сусветную вайну ў Гомелі

| Гісторыя

Чым далей ад нас па часе Другая Сусветная вайна — тым болей яна абрастае міфамі. І вось ужо мінула 75 гадоў, з часу заканчэння самай крававай вайны на тэрыторыі краіны, якая панесла найбольшую колькасць чалавечых ахвяр, і гэтая вайна займела сваіх прыхільнікаў, якія «могуць паўтарыць». Другая Сусветная вайна пачала абрастаць пафаснымі міфамі нават у самым яе пачатку — дзеля ідэалагчных мэтаў з’явіліся міфы і пра 28 панфілаўцаў, і пра подзвіг Мікалая Гастэла і шмат іншых (што, канешне ж, не адмаўляе існаванне рэальнага гераізму ў час той вайны). З’яўляліся ідэалагічныя міфы і пасля яе заканчэння. Рэальныя падзеі вайны менш цікавілі савецкую ідэалогію, чым “правільнае” іх тлумачэнне і падача.  

Не абмінула стварэнне такіх міфаў і наш горад. І самы галоўны сярод іх — «Ніхто не забыты, нішто не забыта!». Але рэальнасць паказвае адваротнае — сапраўдная вайна амаль цалкам забыта, акрамя яе ідэалагічнага кан’юнктурнага пафасу. І забыццё ахвяр вайны пачалося адразу пасля яе сканчэння.  



Ускладанне кветак на Кургане Славы 8 мая 2020 года


Пасля вызвалення Гомеля ў лістападзе 1943 года ў горадзе пачала працаваць адмысловая Надзвычайная камісія па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у перыяд акупацыі горада. Такія камісіі ствараліся ў кожным вызваленым раёне СССР — па свежых слядах камісіі праводзілі абследаванне месцаў знішчэння людзей у час акупацыі, эксгуміравалі магілы, апытвалі сведак, жывых ахвяраў і затрыманых фашысцкіх злачынцаў. Кіравалі дзейнасцю гэтых Камісій супрацоўнікі НКУС. Матэрыялы гэтых расследаванняў выкарыстоўваліся таксама і падчас абвінавачванняў фашысцкага рэжыму ў Нюрнбергскім працэсе. 


Транспарціроўка савецкіх ваеннапалонных, верагодна, у раёне станцыі Новая Беліца

На працягу канца 1943 – 1945 гадоў Камісіяй па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Гомелі былі зафіксаваны сотні паказанняў, дакументаў і планаў, якія былі сабраныя ў адмысловыя справы, што захаваліся да нашага часу. Акты справаздач дзейнасці Камісіі па Гомелю складаюцца з трох тамоў, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Гомельскай вобласці (ф. 1345, воп. 1, спр. 1–3). У гэтых справах разгледжаны асноўныя злачынствы захопнікаў —дзейнасць канцэнтрацыйнага лагера Дулаг-121, знішчэнне яўрэйскіх гета, знішчэнне грамадзян у Ляшчынскім лесе, знішчэнне грамадзян на перасыльным пункце ў час эвакуацыі мірнага насельніцтва ў кастрычніку 1943 года і шматлікія іншыя. З гэтых актаў вынікае, што ў час акупацыі Гомеля ў горадзе было знішчана каля 30 000 мірных жыхароў і каля 100 000 ваеннапалонных чырвонаармейцаў, значная колькасць месц іх пахаванняў была выяўлена і зафіксавана, некаторыя ўскрыты для праверкі і прыблізнага падліку.



Масавае пахаванне савецкіх салдат-ахвяр нацысцкага канцлагера Дулаг-121 у Гомелі ў раёне пл. Паўстання


Аднак, нягледзячы на такія велізарныя лічбы знішчаных ахвяр, на сёння ў нашым горадзе не існуе магіл з такімі колькасцямі пахаваных людзей (нягледзячы на тое, што месцы гэтых магіл былі зафіксаваны ў дакументах Камісіі 1943–1945 гадах). Паводле апублікаваных дадзеных, на тэрыторыі сучаснага Гомеля афіцыйна існуюць наступныя магілы ахвяр фашызму:

  1. Магіла ахвяр фашызму — на вуліцы Савецкай ля Гарбатага моста, побач з чыгункай, пахаваны савецкія ваеннапалонныя і мірныя жыхары, замучаныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941–1943 гадах. У 1975 годзе на магіле ўсталяваны абеліск. Колькасць ахвяр у літаратуры не прыводзіцца.

  2. Брацкая магіла савецкіх воінаў і ахвяраў фашызму — на вул. Інтэнданцкай, ва ўрочышчы Новікаўскі Гай пахаваны 8 савецкіх зенітчыц і 45 мірных жыхароў, якія загінулі ў чэрвені 1941 года ў час налёту варожай авіяцыі на чыгуначны вузел. У 1964 годзе на магіле пастаўлены абеліск.

  3. Магіла ахвяр фашызму — на Ляшчынскіх могілках па вул. Барыкіна. Пахавана больш за 800 яўрэяў — жыхароў Гомеля, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў восень 1941 года. У 1973 ці 1975 годзе на магіле пастаўленая стэла.

  4. Брацкая магіла 200 падпольшчыкаў і рабочых паравозавагонарамонтнага завода, расстраляных 22.02.1943 — на вул. Міра. У 1964 годзе на магіле пастаўлены помнік — скульптура салдата.

  5. Магіла ахвяр фашызму — жыхароў яўрэйскага гета ў Навабеліцы, знішчаных восенню 1941 года (каля могілак «Паўднёвых», на выездзе з горада). Звесткі пра колькасць пахаваных ахвяр, на жаль, покуль нідзе выявіць не атрымалася, але ўскосна можна меркаваць, што лік складае 1–1,5 тысячаў чалавек — адразу пасля нямецкай акупацыі восенню 1941 года ў Гомелі былі створаны чатыры яўрэйскія гета (тры ў Манастырку і на вул. Быхаўскай, адно ў Навабеліцы), у якіх было змешчана 4 000 чалавек; у кастрычніку–лістападзе 1941 годзе жыхары ўсіх гета былі расстраляны.

  6. Магіла ахвяр фашызму — на Прудкоўскіх могілках. У лістападзе 1941 года атрад гітлераўскіх карнікаў акружыў вёску Прудок (цяпер у межах Гомеля). Усіх жыхароў гітлераўцы сагналі ў школу, 12 закладнікаў вывелі за вёску і расстралялі. У 1962 годзе на магіле ахвяр фашызму пастаўлены абеліск.

  7. Магіла каля 100–150 ахвяр з гомельскай турмы, перапахаваных пасля вызвалення горада (верагодна ўзімку канца 1944 года) на былых Новікаўскіх могілках (сучасны Студэнцкі сквер на вул. Савецкай).

  8. Парэшткі расстраляных 131 чалавек былі знойдзены ў 2018 годзе ў рове каля с. Краснае, на паўночнай мяжы сучаснага горада, і перапахаваны ў цэнтры вёскі.

Шмат пахаванняў ахвяр акупацыйнага тэрору праводзіліся на мясцовых могілках — Навабеліцкіх Засожскіх, Любенскіх, Новікаўскіх і іншых, але гэта былі асобныя выпадкі, а не масавыя брацкія магілы на дзясяткі і сотні чалавек.



Раскопкі забытай брацкай магілы ахвяраў Дулаг-121 у ваколіцах Краснага, восень 2018 года 


У цэлым трэба прызнаць, што ў афіцыйна існуючых сёння на тэрыторыі Гомеля магілах ахвяр фашызма пакоіцца прах максімум 5 000 – 6 000 чалавек. І, такім чынам, па стане на пачатак 21 стагоддзя з гістарычнай карты Гомеля бясследна зніклі пахаванні больш за 100 000 ахвяр Другой Сусветнай вайны — мірнага насельніцтва і ваеннапалонных, месцы пахавання якіх былі выяўлены спецыяльнай урадавай камісіяй у канцы 1943 – 1945 гадах і не існуюць зараз.



Праца па эксгумацыі парэштак на месцы масавага пахавання чырвонаармейцаў і мірных жыхароў у былым супрацьтанкавым рове ля Краснага ў 2018 годзе


Згодна праведзенаму расследаванню, Надзвычайная камісія прыйшла да высновы, што расстрэлы мірных жыхароў адбываліся ў розных месцах горада, аднак «основная масса погибших жителей города была расстреляна за городом на Речицком шоссе: на 3-м километре — возле усадьбы машино-тракторной мастерской (МТМ) и в лесничестве «Лещинец», на 6-м километре — около военного городка и на его территории, а также на опушке леса около деревни «Давыдовка». Последнее неопровержимо доказано многочисленными свидетельскими показаниями очевидцев злодейских фашистских расправ, раскопками мест расстрела советских людей и показаниями участников массовых убийств мирных граждан»

Згодна з высновамі Камісіі, за перыяд жніўня 1941 – лістапада 1943 гадах толькі ў Ляшчынскім лесе было знішчана каля 25 000 – 30 000 чалавек мірнага насельніцтва. Фактычна гэты раён — гомельскі аналаг Бабінага Яра ў Кіеве.


Рэчы, знойдзеныя пры эксгумацыі братэрскай магілы ў былым супрацьтанкавым рове ля Краснага ў 2018 годзе


Аднак мемарыяльных помнікаў, дзе адзначана такая колькасць пахаваных ахвяр, на тэрыторыі Савецкага раёна Гомеля (дзе і знаходзіцца ўзгаданая Рэчыцкая шаша) сёння не існуе, тэрыторыя ўздоўж самой шашы дастаткова шчыльна забудавана. Сыходзячы з сучаснай тапаграфіі Гомеля, дакладна лакалізаваць узгаданыя трагічныя месцы не ўяўляецца магчымым, бо з усяго пералічанага ў гарадскім абіходзе засталіся толькі назвы былых вёсак Ляшчынец і Давыдаўка.

Акрамя Ляшчынскага лесу, сярод месцаў знішчэння нацыстамі мірных жыхароў і ваеннапалонных Надзвычайная камісія зафіксавала месцазнаходжанне шматлікіх брацкіх магіл вакол вёскі Давыдаўка, у супрацьтанкавым рове каля вёскі Краснае, месцамі пахаванняў палонных чырвонаармейцаў адзначаны — глыбокі роў (былы стралковы цір) на тэрыторыі канцлагера Дулаг-121 (у раёне сучаснай вуліцы Кніжнай), супрацьтанкавы роў у раёне сучаснага тралейбуснага парка і Гарбатага маста ў канцы вуліцы Савецкай, кар’еры былога цаглянага заводу паміж портам і сучасным мікрараёнам «Мельнікаў луг» і іншыя месцы. Адзін раз у трохтомным зборніку дакументаў узгадваецца месца знішчэння мірных жыхароў «9 кіламетр Чарнігаўскай шашы» — відавочна гэта маецца на ўвазе месца расстрэлу навабеліцкага яўрэйскага гета ў лістападзе 1941 года каля сучасных могілак «Паўднёвых» па Чарнігаўскай шашы (як ужо адзначалася, асноўным месцам знішчэння мірных жыхароў Гомеля ў час вайны быў Ляшчынскі лес у раёне сучасных вуліц Барыкіна — Рэчыцкая шаша).

Цалкам справядліва было б чакаць, што памяць дзясяткаў тысяч нявінных ахвяр будзе з гонарам ушанавана ў краіне, якая перамагла ворага і вызвалілася ад фашысцкага акупацыйнага рэжыму — па гарачых слядах Надзвычайнай камісіяй было праведзена расследаванне, лёгка вызначаліся контуры пахавальных ям, а відавочцы, пры патрэбе, указвалі месцы масавых расстрэлаў. Аднак, як ужо вышэй адзначалася, рэальнасць сучаснага горада Гомеля такая, што з больш за сотні тысяч знішчаных на гэтай тэрыторыі людзей, сёння вядома месца пахавання толькі некалькіх тысяч ахвяр. Чаму ж так адбылося?

Ужо праз 10–15 гадоў пасля вызвалення Гомеля нішто не нагадвала пра жахлівыя падзеі на тэрыторыі былога Ляшчынскага лесу ўздоўж Рэчыцкай шашы, на месцы супрацьтанкавага рова і канцлагера Дулаг-121. Цяжкія пасляваенныя гады аднаўлення разбуранай гаспадаркі не дазволілі адразу ўвекавечыць гэтыя месцы — яны ніяк не былі выдзелены ці абазначаны, не ахоўваліся і зараслі пустазеллем. У гэты час горад актыўна аднаўляўся пасля ваенных разбурэнняў, пашыраўся. Масавая працоўная міграцыя з навакольных вёсак і іншых рэгіёнаў вымушала гарадскія ўлады асвойваць пад жылую забудову і прамысловыя прадпрыемствы раней незадзейнічаныя тэрыторыі. Прыезжыя архітэктары, гледзячы на тапаграфічныя планы і праектуючы новыя вуліцы і раёны, не ведалі трагічную перадгісторыю гэтых тэрыторый, а змяншэнне колькасці мясцовых сведкаў вайны праз натуральныя працэсы і міграцыю садзейнічала забыццю пра канкрэтныя месцы фашысцкіх злачынстваў. 

Нават першы пасляваенны гісторык Гомеля — Серафім Лебедзеў (у канцы 1943 – пачатку 1944 гадоў — выконваючы абавязкі, а ў 1953–1959 гадах — старшыня Выканаўчага камітэта Гомельскага гарадскога савета), апісваючы ў сваёй кнізе 1962 года выдання месца знішчэння мірных жыхароў горада, ужо не ўзгадвае назву «Ляшчынскі Назараўскі лес», а характарызуе гэтае месца як «пустку» — «Сразу же после захвата города … Большими партиями гитлеровцы уводили жителей города на пустырь возле Речицкого шоссе и там расстреливали». Лес ператварыўся ў пустку не толькі ў рэальнасці, але і ў свядомасці жыхароў.


Чалавечы чэрап на папялішчы ў раёне сучаснага Цэнтральнага рынку

У выніку месцы былых масавых пахаванняў забыліся і зніклі, на іх тэрыторыі пачалася размяшчацца забудова. Масавасць такіх няўлічаных пахаванняў таксама не спрыяла іх беражліваму захаванню — праца шматтонных экскаватараў часта не дазваляла быць уважлівым да невядомых пахаванняў. Гэтаму ж спрыяла і чалавечая абыякавасць і крывадушнасць, якая была традыцыйнай у афіцыёзе савецкага грамадства, і асабліва ў нашым горадзе, і заўжды прыкрывалася клопатам пра жывых людзей — «Да мало ли их по стране назакопано! Что ж теперь — не строить? А людям где жить?». Такім чынам, горад рос, няспешна знішчаючы магілы сваіх абаронцаў. Як гэта непасрэдна адбывалася распавядаў мне мой універсітэцкі выкладчык. У пачатку 1970-х гадоў, будучы падлеткам, ён быў сведкам наступнай сітуацыі.

За сучасным танкам на плошчы Паўстання капалі траншэю пад будучыя трубы. Гэтая плошча непасрэдна прымыкае да тэрыторыі былога канцлагера Дулаг-121. У час земляных работ, па сведчаннях відавочцы, тады яшчэ школьніка, экскаватар каўшом заграбаў разам з зямлёю шматлікія косткі пахаваных тут чырвонаармейцаў з канцлагера — грузіў на самазвалы, якія вывозілі гэтую мешаніну некуды на звалку ці падсыпку. «Я сам бачыў, як косткі гэтых чырвонаармейцаў самазваламі вывозілі з-за танка!» — эмацыйна казаў ён. І гэта ўсё адбывалася ўжо пасля афіцыйнага вяртання Леанідам Брэжневым дня Перамогі ў 1965 годзе, пасля штогадовых пафасных парадаў на дзень Перамогі праз амаль усю вуліцу Савецкую, побач з якой па рэальных касцях сапраўдных абаронцаў Радзімы будаўнікі ў несвяточны будзённы дзень спакойна пракладвалі трубы! 

Не выклікае сумневаў, што калі тыя косткі бачылі нават школьнікі, дык, безумоўна, іх не маглі не бачыць будаўнікі —дарослыя людзі, якія самі перажылі жахі вайны і спакойна працягвалі капаць косткі далей. І ў гэтай паказальнай сітуацыі ўся сутнасць савецкага рэжыму — ні жывыя, ні мёртвыя людзі ніколі не ўяўлялі для яго ніякай каштоўнасці. І нават калі чалавек аддаў самае дарагое — жыццё, для абароны гэтай краіны і гэтага рэжыму, рэальна ён нічога для камуністаў не значыў: «бабы яшчэ нараджаюць», а зараз трэба будаваць светлую будучыню — камунізм.


Уваходная брама канцлагера Дулаг-121, якая знаходзілася на месцы сённяшняга прыпынку «Фабрыка 8 сакавіка». На заднім плане — сучасны корпус фабрыкі «Праца» 


Звяртае ўвагу, што сярод зафіксаваных магіл ахвяр нацыстаў у дакументах Надзвычайнай камісіі абсалютна адсутнічаюць звесткі пра месцы пахаванняў чырвонаармейцаў, якія загінулі 19–21 жніўня 1941 года падчас абароны Гомеля і адступлення Чырвонай арміі. З гісторыі нашага горада апошніх дзесяцігоддзяў вядома, што з поўдня горада, на тэрыторыі Навабеліцкага леса неаднаразова знаходзілі парэшткі загінулых і забытых чырвонаармейцаў — салдат парэшткаў 21 арміі, якія прыкрывалі адыход сваіх таварышаў у бок Чарнігава (захоплены 9 верасня 1941 года). 

Акопы 1941 года і зараз без складанасцяў ўгадваюцца на тэрыторыі, прылеглай да Радыялагічнага цэнтра, у 100–200 метрах ад забудовы вуліцы Еўдакіма Раманава. Адна з свежых такіх знаходак адбылася літаральна на днях — 16 красавіка 2020 года пры валцы леса каля рэстарана «Чабарок» рабочыя знайшлі 225 фрагментаў парэштак чалавека, як мяркуюць праваахоўнікі — верагодна часоў Другой сусветнай вайны. Пра гэта паведамляла газета "Гомельская праўда". Там жа, у Навабеліцкім лесе, неаднаразова знаходзілі баепрыпасы часоў апошняй вайны. Нядаўні апублікаваны прыклад — знаходка вальшчыкамі лесу 17.03.2017 снарада.



Савецкія салдаты-вязні Дулаг-121 у Гомелі. У першыя месяцы зімы 1941–1942 года абсалютная большасць іх загіне ад голаду і хваробаў


Нягледзячы на відавочную наяўнасць непахаваных абаронцаў Гомеля, што загінулі ў жніўні 1941 года ў Навабеліцкім лесе (а таксама брацкіх магіл на растрэльных палігонах НКУС 1930-х гадоў у тым жа Навабеліцкім лесе), неаднаразовыя звароты да гарадскіх і абласных уладаў з просьбай адшукаць і ўвекавечыць гэтыя страшныя месцы не далі абсалютна ніякага плёну. Апошні зварот аўтара дадзенага тэкста адбыўся 12.02.2020 падчас асабістага прыёму ў намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама У. А. Прывалава. Па выніках звароту быў атрыманы пісьмовы адказ за подпісам намесніка старшыні Гомельскага гарвыканкама В. Г. Атаманчука, дзе са спасылкай на значныя фінансавыя затраты паведамляецца, што «… проводить исследовательские работы до принятия решения о разработке градостроительной документации нецелесообразно». 

Іншымі словамі, на салюты і транспаранты да дня Перамогі, залатыя прыбіральні, флагштокі, замену зімняй на летнюю плітку на вуліцы Савецкай — грошы ёсць, а на пошук і ўвекавечанне памяці непасрэдных абаронцаў горада, якія сваімі жыццямі праплацілі гэтую Перамогу і да сённяшняга дня там, у Навабеліцкім лесе, абараняюць наш горад — грошай няма!

Ужо шмат гадоў я асабіста ніяк не ўдзельнічаю ў святкаванні 9 мая. Не таму, што я не паважаю ветэранаў і іх ахвяру —абодва мае дзяды ваявалі і я вельмі цаню іх унёсак у Перамогу, а таму, што для мяне гэта дзень смутку і жалобы па мільёнах бязвінна і бяздумна загубленых людзях, прынесеных у ахвяру чалавеканенавісніцкім ідэалогіям, а не тое пафаснае ідэалагічнае відовішча, у якое яно ператварылася. 


Служачыя пошукавага батальёну і валанцёры ў час раскопак каля Краснага сяла


Але, відаць, самая галоўная прычына, па якой я не хаджу на ўрачыстыя мітынгі ў гэты дзень — мне прыйдзецца выслухоўваць пафасныя прамовы пастаўленымі трагічнымі галасамі пра той хлуслівы ідэалагічны міф, што «ніхто не забыты і нішто не забыта». І гэта будуць казаць людзі, якія ўжо некалькі год даюць мне адказы, што праводзіць пошукавыя работы ў Навабеліцкім лесе фінансава затратна і немэтазгодна, якія ў 2016 годзе спакойна знішчылі сцяну з патрыятычнымі надпісамі лета 1941 года на вуліцы Пляханава. Я не змагу прысутнічаць на такім тэатры крывадушнасці — мяне інакш выхоўвалі, для мяне памяць пра тую вайну і яе ахвяр не ў пустых пафасных словах і громкіх лозунгах, яна ў зберажэнні рэальных сведчанняў, сапраўдных магіл і костак. Бо забыць пра мёртвых — гэта значыцца забіць іх яшчэ раз. Ніколі болей!

Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства 
Фота: «Пошукі старога Гомеля»

Флагшток



Заводам кіраваў працоўны, а вышэйшыя партыйныя чыноўнікі рэціраваліся праз задні ход. Страйк на Гомсельмашы ў 1990 годзе

| Гісторыя

У 1990 годзе ў Гомелі прайшла адначасовая забастоўка некалькіх буйных прамысловых прадпрыемстваў. Флагшток расказвае пра тое, як такое стала магчыма ва ўмовах аўтарытарызму.