З Нью-Ёрка дайшла сумная навіна пра тое, што не стала прэзідэнта «Сусветнага згуртавання беларускіх габрэяў», выхадца з Гомельшчыны Якава Гутмана. Ён, хоць і жыў у апошнія дзесяцігоддзі ў ЗША, аднак не забываўся пра Беларусь, падтрымліваў дэмакратычныя арганізацыі на радзіме і абараняў габрэйскую спадчыну.
У 1990-я гады дапамагаў перавозіць дзяцей з Беларусі ў Фінляндыю і Ізраіль для лячэння пасля наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пастаянна ўздымаў пытанне пра неабходнасць захавання габрэйскіх некропаляў у беларускіх гарадах і мястэчках. У 2004 годзе выйшаў на адзіночны пікет ля адміністрацыі прэзідэнта, у выніку чаго быў затрыманы. У 2017 годзе Якаў Гутман спецыяльна прыязджаў у Гомель, каб асвятляць пытанне руйнавання старадаўніх могілак на вуліцы Сожскай. У той час гэта быў самы рэзанансны горадабудаўнічы скандал, які паўстаў праз тое, што ўлады перадалі пад забудову шматпавярховым домам тэрыторыю старых габрэйскіх могілак.
Фота з акаўнта Якава Гутмана ў "Фэйсбуку"
Гісторык і рэжысёрка Марыя Булавінская ўзгадвае пра свае ўражанні ад сустрэч з Якавам Гутманам:
У 2017 годзе нам з Сяргеем Ляпіным давялося даказваць у судзе, што шматпавярховік на вуліцы Сожскай у Гомелі плануецца пабудаваць на старых габрэйскіх могілках. І калі Якаў Гутман даведаўся пра гэтую сітуацыю, ён прыляцеў у Беларусь з Нью-Ёрку, каб абараніць габрэйскую спадчыну ў Гомелі. Пакуль ён быў у нашым горадзе, мы добра з ім пасябравалі.
Якаў Гутман — шчыры і годны чалавек. Ён вельмі шанаваў гісторыю сваёй сям’і. Яго продкі паходзілі з Мазыра і прынялі ўдзел ў жахлівай падзеі. 31 жніўня 1941 года, праз 10 дзён пасля пачатку нацысцкай акупацыі Мазыра, больш за 20 гараджанаў здзейснілі акт самаспалення, паўтарыўшы подзвіг абаронцаў габрэйскай крэпасці Масада ў 73 годзе нашай эры. Такім чынам яны аддалі перавагу свабодзе рымскаму рабству. Якаў Гутман, насуперак перашкодам мясцовых уладаў, усталяваў у Мазыры помнік Беларускай Масадзе.
Якаў яшчэ з савецкіх часоў бараніў габрэйскія могілкі ад знішчэння ў розных гарадах Беларусі. І часта яго дзейнасць была плённай. Ён любіў паўтараць, што пра ўзровень развіцця грамадства можна судзіць, пабачыўшы яго могілкі. На жаль, у Беларусі яны часта занядбаныя. Якаў быў вельмі занепакоены, што і сёння пад розныя будаўнічыя праекты знішчаюцца некропалі і змагаўся за іх да самага апошняга.
Каб абараніць габрэйскія могілкі ў Гомелі на вуліцы Сожскай, ён пражыў у Гомелі больш за месяц. Ён падаваў скаргі ў суд на мясцовых чыноўнікаў, але атрымліваў адмовы ў іх разглядзе. Тады Якаў прыняў актыўны ўдзел у нашых судах з забудоўшчыкам. Нягледзячы на напружаную сітуацыю, ён захоўваў аптымізм і гумар. Памятаю адзін цікавы выпадак на нашым судзе. Падчас паседжання суда на паперы абаронцы забудоўшчыка, які адмаўляў наяўнасць пахаванняў на месцы будоўлі, раптоўна палілася вада з кандыцыянеру, які вісеў на столі. Прыйшлося зрабіць перапынак, каб спыніць паток вады. Было трошкі смешна, бо чалавек, які бараніў забудоўшчыка, добра напалохаўся тады. Гэта быў не адзіны незвычайны выпадак падчас суду. Гутман жартаваў: гэта знакі, што мы ідзем па правільнаму шляху.
Мы будзем заўсёды памятаць Якава. Дзякуй яму за ўсё, што зрабіў для Беларусі. Ён шчыра любіў родны край і верыў у перамены.
Рэдакцыя “Флагштока” прыносіць спачуванні сям’і і сябрам Якава Гутмана.
Флагшток