Першы гомельскі трамвай. Калі і чаму ён стаў легендай

| Гісторыя | 0

У Гомелі трамвай стаў сімвалам вялікіх чаканняў гараджанаў у плане паляпшэння гарадскога транспарту. Ад таго, што пра трамвайную сістэму гамяльчане марылі з дарэвалюцыйных часоў, з'явіўся іранічны выраз пра нязбыўны «першы гомельскі трамвай». 

Краязнаўцы з супольнасці «Пошукі старога Гомеля» сабралі ў розных архівах інфармацыю пра спробы пабудовы ў Гомелі трамвайнай сеткі і распавялі, чаму мара так і не здзейснілася.




Гісторыя грамадскага транспарту Гомеля пачалася ў пачатку 20 стагоддзя з конкі-лінейкі. Яе маршрут быў нескладаны: ад касцёла на Базарнай плошчы да цэнтра Новай Беліцы, усяго каля 5 кіламетраў.

Кошт праезду быў даволі высокі — ад 30 да 40 капеек, у залежнасці ад камфорту і хуткасці перамяшчэння (на кошт уплывала колькасць коней і наяўнасць гумавых шынаў). Дзённы заробак чорнарабочага ў той жа час складаў 70 капеек у дзень.

У адрозненні ад больш капітальных чыгуначна-конных сістэм Магілёва і Мінска, гомельская конка была бязрэйкавая. Судзячы па фотаздымках 1918 года, экіпажы конкі ў Гомелі ўмяшчалі 8-10 чалавек, мелі дах і месца для багажу.

Праіснавала гэтая сістэма да з'яўлення рэгулярнага аўтобуснага руху ў 1920-х гадах.



На нямецкім фота экіпаж конкі-лінейкі ў 1918 годзе на Базарнай плошчы

Першым падыходам да пабудовы ў Гомелі сапраўднай трамвайнай сістэмы можна лічыць 1900 год. Тады гомельскі краязнавец Вінаградаў пісаў:

«З 1901 гада галоўныя вуліцы мяркуецца нават асвятляць электрычнасцю і пакрыць сеткай ліній электрычнага трамвая; урадам ужо дазволена заключыць кантракт на гэтае прадпрыемства з кіеўскім капіталістам Б.»

А недзе ў імперскім Міністэрстве шляхоў зносін у 1901 годзе разглядалася пытанне «Аб устройстве электрычнага трамвая в горадзе Гомеле Магілёўскай губерніі». Што тады вырашылі ў міністэрстве і чаму кіеўскі інвестар не ўзяўся за рэалізацыю праекта, дакладна невядома.

Калі б трамвайная сістэма тады ўсё ж была рэалізаваная, то выглядала б яна, хутчэй за ўсё, як кіеўская: з двухоснымі трамвайчыкамі на электрычнай цязе вытворчасці Германіі, Францыі ці Расіі.



На фота прыклад трамвая таго часу з Кіева

Тэма пабудовы трамваю актывізавалася ў 1910-х гадах. На паседжанні ў Гарадской думе 10 мая 1911 года камісія вынесла вердыкт — Гомель не пацягне пабудову трамвайнай сістэмы самастойна, патрэбная канцэсія.

Такі фармат быў даволі распаўсюджаны ў той час. У Віцебску трамвай за еўрапейскі капітал пабудаваў француз Гільён з правам атрымліваць прыбытак ад транспартнай сістэмы на працягу 40 год.

Да канца 1913 года ў Пецярбурзе былі распрацаваныя праект электрастанцыі, транспартныя і электрычныя схемы. Напачатаку 1914 года былі распрацаваныя дзве транспартныя схемы: ад Гарадской думы і канцэсіянера. У варыянце думы на 13 трамваяў прыходзілася 5 маршрутаў. У варыянце ад канцэсіі — на 20 трамваяў прыходзілася 6 маршрутаў.




Тагачасных праектыроўшчыкаў не засмучала невялікая шырыня некаторых тагачасных вуліц: лініі меркавалася зрабіць на вузкіх Замкавай і Навікоўскай (сёння Карповіча). Але спыняла адсутнасць капітальных пуцеправодаў: праз чыгунку трамвай не праектаваўся. Затое на двух схемах былі лініі ў Новую Беліцу, а на схеме канцэсіянераў — лінія праз Кеўскі схіл да параходных прыстаняў.




У ліпені 1914 года пачалася Першая сусветная. Яна зруйнавала не толькі планы на пабудову трамвайнай сістэмы ў Гомелі, але і некалькі імперыяў. Наступным разам пытанне пабудовы трамваяў Гомелі ўздымуць толькі праз 20 год.



Так бы мог выглядаць гомельскі трамвай да рэвалюцыі на вуліцы Замкавай каля вакзалу

Да сярэдзіны 30-х Гомель імкліва рос, ствараліся прадпрыемствы гіганты з тысячамі працоўных месцаў. Пытанне вырашэння праблемаў з перавозкай грамадзянаў паўстала зноў.

У 1934 у маскоўскім «Комдортрансе» была распрацаваная сістэма пасажырска-грузавога трамвая для Гомеля. Асаблівасцю гэтай сістэмы стала сумяшчэнне функцый пасажырскіх і грузавых перавозак. З-за недахопу чыгуначнага пакрыцця горада для транспартавання прадукцыі прапаноўвалася выкарыстоўваць трамвайную сістэму. «Грузавыя» лініі праектаваліся ў порт, на прыстані, чыгуначнай станцыі, фабрыкі Камінтэрн па вуліцы Білецкага і ў прамзону Станкабудаўнічага заводу.

Лінія пасажырскіх шляхоў не моцна адрознівалася ад дарэвалюцыйных варыянтаў. Выключэнне састаўлялі трамвайныя шляхі ў Залінейны раён. Палескі пуцепровад на той момант будаваць не планавалася, таму трамваі мусілі разварочвацца з двух бакоў ад чыгункі.

Аўтобусу адводзілася дапаможная функцыя: яго лінія планавалася ад педінстытуту да Мохава пераезда (на схеме пазначана штрыхоўкай). Але штосьці зноўку пайшло не так...



Арыгінал схемы знаходзіцца ў Гомельскім абласным архіве. На выяве яе перамалёўка на іншай тапаграфічнай аснове

Апошняя даваенная спроба пабудаваць у Гомелі трамвай адбылася ў 1940 годзе. Маскоўскі Гіпрадор зрабіў новую трамвайную схему для Гомеля. Па сутнасці праектыроўшчыкі толькі крыху змянілі ранейшую. Са схемы знік грузавы трамвай, з'явіўся ў планах Палескі пуцепровад, трамвайнае дэпо пераехала да рынка.




Пабудаваць трамвай планавалі ў тры этапы. Злучыць вакзал з вуліцай Савецкай і Новай Беліцай планавалі з 1940 па 1941 гады. Ці паспелі пакласці хаця б адну шпалу перад вайной? Хутчэй за ўсё — не. Звестак пра «першы гомельскі трамвай» у перадваенных газетах не знойдзена.

Апошняя спроба арганізаваць трамвай у Гомелі адбылася пасля вайны. 
Гомель яшчэ знаходзіўся ў руінах, але праекціроўшчыкі ўжо ўзгаднялі першы пасляваенны генплан.

На паседжанні гарвыканкаму 24 жніўня 1946 года была прэзентаваная і транспартная схема.




У генплан ужо была ўключана лінія ў раёне заводу Гомсяльмаш, лініі па вуліцы Паштовай і Ветранай. 
Сістэма разлічвалася на эксплуатацыю 40 маторных і 20 прычапных вагонаў на 60 месцаў кожны. Меркавалася, што трамваем будзе карыстацца 75% гомельцаў. Дэпо планавалася на поўначы па вуліцы Савецкай.

Праектыроўшчыкі даводзілі, што трамвайная сістэма «відавочна неабходная», і што яна зможа дапамагчы найбольш хуткаму аднаўленню горада і будоўлі: праз трамвайныя шляхі можна перавозіць грузы і з дапамогай чыгуначных вагонаў.




Усё сапсаваў высокапастаўлены чыноўнік. Сакратар гарадскога камітэта камуістычнай партыі Антонаў заявіў: 

«Трамвай утварае шум у горадзе на самых галоўных вуліцах. Гаркам супраць будаўніцтва трамвая ў Гомелі і рэкамендуе аўтобус, а, магчыма, і тралейбус».

Пакiнуць каментар
captcha
Заводам кіраваў працоўны, а вышэйшыя партыйныя чыноўнікі рэціраваліся праз задні ход. Страйк на Гомсельмашы ў 1990 годзе

| Гісторыя

У 1990 годзе ў Гомелі прайшла адначасовая забастоўка некалькіх буйных прамысловых прадпрыемстваў. Флагшток расказвае пра тое, як такое стала магчыма ва ўмовах аўтарытарызму.