Гомельскі архітэктар Станіслаў Шабунеўскі з'яўляецца аўтарам унікальнага праекту касцёлу ў Бабруйску. Краязнаўцы з супольнасці Пошукі старога Гомеля падзяліліся гісторыяй, як аб гэтым атрымалася даведацца.
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Бабруйску ў сваім першапачатковым выглядзе зʼяўляецца незвычайнай культавай пабудовай для Беларусі з кропкі гледжання архітэктуры. Таксама сёння будынак ўяўляе з сябе сумны помнік савецкай барацьбы з рэлігіяй. Справа ў тым, што касцёл быў пабудаваны ў пачатку 20 стагоддзя, але ў 1968 годзе фасад храма часткова разбурылі і ўмуравалі ў пяціпавярховы адміністрацыйны будынак.
Тое, што аўтарам праекту зʼяўляецца гомельскі архітэктар Станіслаў Шабунеўскі, у Бабруйску ўспамінаў не захавалася. Аб гэтым зʼявілася здагадка ў 2018 годзе падчас стварэння дакументальнага фільма «Рэпрэсаваная архітэктура», прысвечанага дзейнасці Шабунеўскага. А дапамог зрабіць гэтае адкрыццё фотаальбом пачатку 20 стагоддзя вядомай гомельскай сямʼі Шчакудовых (сёння альбом знаходзіцца ў музеі гісторыі Гомеля).
Як вядома, Анісім Шчакудоў працаваў падрадчыкам пад кіраўніцтвам Станіслава Шабунеўскага, таму ў дарэвалюцыйным альбоме Шчакудовых ёсць шэраг вядомых фотакартак гомельскага архітэктара.
Краязнаўцы, музейныя працаўнікі неаднойчы задаваліся пытаннем, чаму ў гомельскім дарэвалюцыйным альбоме нечакана сустракаецца фота Бабруйску. Яно лёгка ідэнтыфікуецца дзякуючы прысутнасці на ім вядомага драўлянага асабняка купчыхі Кацнельсон. Было зробленае з вышыні, але месца здымкі ніхто раней не ўдакладняў.
Як аказалася, адзінай кропкай, з якой магла весціся здымка — гэта званіца касцёлу. Шчакудовы былі стараабрадцамі і наўрад ці маглі апынуцца ў бабруйскім касцёле як вернікі. Тады і зʼявілася думка, што Анісім Шчакудоў удзельнічаў у яго будаўніцтве. А мог ён гэта рабіць менавіта пад кіраўніцтвам Станіслава Шабунеўскага (дарэчы, архітэктар быў католікам).
Тое, што Шабунеўскі з’яўляецца аўтарам праекту касцёлу, атрымалася спраўдзіць у польскамоўным часопісе «Przegląd Techniczny» за 1902 год. У ім паведамляецца, што ў Бабруйску будзе пабудаваны новы касцёл, а праектаваць яго будзе архітэктар з Гомеля пан Шабунеўскі. Пазней аўтарства Шабунеўскага пацвердзілася і шэрагам іншых крыніц.
Чым жа ўнікальная архітэктура будынку? У выкананні Шабунеўскага неагатычная архітэктура касцёлу ў Бабруйску спасылаецца на прыклад беларуска-літоўскай готыкі — архітэктуру касцёлу святой Ганны ў Вільні.
Гомельскі архітэктар пераняў з віленскага касцёлу цэнтр кампазіцыі галоўнага фасаду з парнымі стрэльчатымі вокнамі і цэнтральны шпіль, размешчаны па «дыяганалі». У Бабруйску той шпіль пераўтвалыўся ў асобную высокую званіцу.
Касцёл святой Ганны ў Вільні і касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Бабруйску
Сёння ў будынку касцёлу праходзяць каталіцкія набажэнствы. Але абʼект патрабуе неадкладнай рэканструкцыі — сцены савецкай будыніны ў аварыйным стане. Безумоўна, разбор прыбудовы і аднаўленне фасаду касцёлу — гэта было б справядлівае і заканамернае рашэнне уладаў, якія шануюць гістарычную спадчыну. Пакуль жа касцёл чакае лепшых часоў.
Аўтары:
Пошукі старога Гомеля / Марыя Булавінская, Сяргей Ляпін