Дэмакратычная супольнасць Беларусі адзначае 29 кастрычніка сумную гадавіну — «Чорную ноч» або «Ноч расстраляных паэтаў», калі ў 1937 годзе падчас сталінскіх рэпрэсій у ноч з 29 на 30 кастрычніка карнікі НКВД забілі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты — выбітных дзеячоў культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадскіх дзеячоў тагачаснай БССР. Пазней суды СССР амніставалі большасць рэпрэсаваных у сувязі з іх невінаватасцю.
Сярод ахвяраў расстрэлаў, якія адбыліся, меркавана, у сутарэннях мінскай унутранай турмы НКВД — «Амерыканкі» (па іншых звестках — у Курапатах), былі 22 літаратары. Сярод іх — паэт, крытык, перакладчык Алесь Дудар (Аляксандр Дайлідовіч), які нарадзіўся ў вёсцы Навасёлкі, якая цяпер адносіцца да Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці.
Алесь Дудар (Аляксандр Дайлідовіч). Фота: svaboda.org
Імя Алеся Дудара адносна нядаўна вярнулася да шырокай публікі — у асноўным дзякуючы намаганням даследчыцы Ганны Севярынец, піша партал wir.by.
Алесь Аляксандравіч Дайлідовіч увайшоў у беларускую літаратуру пад псеўданімам Алесь Дудар, а ў гісторыю крытыкі — пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі, гаворыць даследчыца:
«Калі мы звернемся да фактаў, якія прынята ўносіць у энцыклапедыі, то можна згадаць, што Алесь Дудар – адзін з шасці арганізатараў легендарнага «Маладняка», адзін са стваральнікаў маладой беларускай літаратуры, першы беларускі крытык, які выдаў кнігу сваіх артыкулаў, першы беларускі перакладчык «Фаўста» Гётэ, «Атэла» Шэкспіра, «Яўгенія Анегіна» Пушкіна.
Але адкуль узяўся ў яго паэтычны талент, неверагодная культура верша? У яго адзін год адукацыі ў мінскай гімназіі, адзін – у тамбоўскай гімназіі, потым – вайна, эвакуацыя, польская акупацыя. Пасля ён вучыўся ў Якуба Коласа разам з Александровічам ды Глебкам, хадзіў да Коласа на курсы беларусазнаўства — і быў першым сярод яго вучняў. Талент Алеся Дудара высока ставіў Янка Купала».
Алесь Дудар прыйшоў у паэзію ў 17 год. Паўтара года ён быў акцёрам вандроўнага тэатра Уладзіслава Галубка. Гэта быў калектыў людзей, якія пешшу вандравалі па ўсёй Беларусі з яскравымі народнымі спектаклямі. Алесь Дудар прыходзіць у літаратуру менавіта праз гэты вандроўны тэатр. Амаль адразу яго запрашаюць кіраваць аддзелам паэзіі ў «Савецкую Беларусь», ён становіцца адным з родапачынальнікаў «Маладняка», засноўвае яго віцебскую філію, менскую філію, полацкую філію. Яго запрашалі на пасаду рэдактара ў «Маладняк», яго запрашалі адказным сакратаром у гэты часопіс. Ні на адной пасадзе Алесь Дудар не затрымліваецца. Адам Бабарэка пісаў пра яго, што гэта быў «такі тып бесклапотніка».
Адкуль узялася ў Алеся Дудара яго неверагодная лінгвістычная адоранасць? Ён перакладаў з французскай, з нямецкай, з англійскай, з польскай, з рускай моў. Доўгі час лічылася, што перакладаў ён з рускіх падрадкоўнікаў альбо наогул з рускіх перакладаў. Напрыклад, бярэ пераклад «Фаўста» Пастарнака і з яго перакладае на беларускую мову. Але на сённяшні дзень ужо ёсць дадзеныя экспертаў, што Дудар перакладаў з арыгіналаў. Ён сышоў з першага ж курса БДУ ў выніку скандалу, не меў універсітэцкай адукацыі. Яго неверагодная бібліятэка, на якую ішла траціна ганарару, налічвала больш за тысячу тамоў. Тое, што ён пакінуў: яго пераклад «Анегіна», яго вершы, яго проза — гэта якраз і ёсць ягоная вартасць.
У відэалекцыі даследчыца адкрывае малавядомыя дагэтуль бакі асобы і творчасці неўтаймаванага маладнякоўца — паэта, крытыка і перакладчыка.
Больш падрабязна Ганна Севярынец распавядае пра асобу Алеся Дудара і ягоную творчасць у відэалекцыі ніжэй.