Жыхар Пакалюбічаў знайшоў жорнаў, які быў зроблены з надмагілля. Аб гэтым паведамляе краязнаўчы паблік Пошукі старога Гомеля.
Падчас рэканструкцыі прыватнага дому жыхар Пакалюбічаў пад адмосткай знайшоў цыліндрычны камень з адтулінай.
Як аказалася, гэта камень — жорнаў. Памерам ён каля 30 сантыметраў. Самае дзіўнае, што зроблены ён з яўрэйскага надмагілля — мацэвы.
Даследчык Алег Лісоўскі дапамог разабрацца, што азначаюць надпісы. Літары іўрыту кажуць, што камень быў надмагіллем: абрэвіятура з літар פנ азначае «тут пахаваны». Літары בת («дачка») кажуць, што пад камянём была пахаваная жанчына. Кавалкі іншых радкоў гавораць аб тым, што памерлую звалі Бэла, і была яна дачкой Ш...
З якіх могілак быў скрадзены гэты камень, на якім млыне выкарыстоўваўся, зараз сказаць цяжка. Само ж надмагілле перарабілі пад жорнаў хутчэй за ўсё ў першыя дзесяцігоддзі існавання СССР.