Сёлета гомельскаму архітэктару Станіславу Шабунеўскаму 155 год. Аб гэтым юбілеі не ўзгадалі дзяржаўныя СМІ і ўстановы. Але ж не забыліся краязнаўцы і гісторыкі. У гэтым матэрыяле сабралі ўсё аб будынку аўтарства архітэктара — пажарнай каланчы. Публікацыя падрыхтаваная паводле матэрыялаў гомельскіх краязнаўцаў.
Перадгісторыя каланчы
Першая пажарная каланча Гомеля магла з’явіцца як частка гасціннага двара аўтарства Джона Кларка. Вежа па сярэдзіне комплексу магла выдатна падысці для арганізацыі кругласуткавага паста назірання за невялічкім горадам. Але пацверджання гэтаму на сёння няма, планы і падрабязнае апісанне комплексу часоў Румянцава да сёння не знойдзеныя.
Дакладна можна казаць, пажарную каланчу пабудавалі ў складзе гандлёвага комплексу, які з’явіўся на месцы кларкаўскага будынку, які згарэў. Каланчу ўзвялі ў 1881 годзе, паўтарыўшы кампазіцыю старога будынку. Вежа мела гадзіннік, паабапал было па 25 гандлёвых лавачак пад галерэямі з двух бакоў з вельмі сціплым архітэктурным аздабленнем.
Так апісвалі пабудову перад тым, як аддаць яе банку ў залог:
«Каланча, часткаю каменная, а часткаю драўляная рубленая з бярвення і абшытая дошкамі з драўлянаю лесвіцаю з пакоем для дзяжурнага пажарнага стоража. У каланчы ўладжаныя гарадскі гадзіннік».
Пажарныя і іх абсталяванне знаходзіліся ў будынку побач. У самым пачатку Замкавай стаяў двухпавярховы «Пажарны дом». Так яго апісвалі ў 1886 годзе:
«Зверху пажарныя памяшканні самага сціплага аздаблення, казарма для пажарных. Знізу частка пад кучараў, частка пад канюшні і пажарны абоз. Будынак утрымліваецца кепска, патрабуе капітальнага рамонту».
Фота гэтага будынку да сёння невядомае. Стаяў пажарны дом за касцёлам, дзе дарога з Базарнай пераходзіла ў вуліцу Замкавую. Як раз там, дзе праз тры дзесяцігоддзі Шабунеўскі пабудуе свой знакаміты чырвоны будынак.
Каланча аўтарства Шабунеўскага
Праблему з месцам размяшчэння пажарнай каманды неабходна было вырашаць. Магілёўскае Губернскае Праўленне 26 красавіка 1913 года разглядзела чарцяжы Станіслава Шабунеўска і пастанавіла, што «план ў тэхнічных адносінах састаўлены задавальняюча». Месца будоўлі было пазначылі так: «на Базарнай плошчы на месцы старога пажарнага двара».
Новы будынак пажарнага дэпо быў амаль у два разы большы: ён займаў 2/3 старога ўчастку.
Першы паверх пажарнага дэпо быў цалкам адведзены пад размяшчэнне пажарных абозаў (вазы з бочкамі, калёсныя помпы).
Другі паверх займала казарма са сталовай і канцылярыяй. З дадатковых опцый - абсталяванне ўмывальнікамі і ваннай. Траціну плошчы займала камфартабельная кватэра старшыні пажарнай каманды (брандмайстэра), абсталяваная “ватэрклазетам”. Унутры пажарнага двара былі канюшні, разлічаныя на 22 конных стойла, кузня і адыходжыя месцы (вулічныя сарціры).
Вонкава будынак быў вельмі эфектны. Фасад з чырвонай цэглы кантраставаў з пабеленымі элементамі «гатычнага» дэкору. Але стыль гэтага будынку — мадэрн. Яго кампазіцыя пабудаваная на супрацьпастаўленні часткі будынку пад шырокім франтонам з круглай нішай з левага боку са стройнай вежай са шпілем з правага.
Макет каланчы Шабунеўскага, зроблены студэнтамі БелДУТа (фота з сацыяльных сетак)
Пабудова была скончана, відаць, ужо ў цяжкі час Першай сусветнай. Аб гэтым гаворыць тое, што адметная каланча ні разу не патрапіла на дарэвалюцыйныя паштоўку ці фотаздымкі. Было не да таго.
У наступным матэрыяле мы распавядзем, чаму савецкія архітэктары пастанавілі знішчыць будынак.