У Гомелі ўшанавалі “бацьку”. Але не таго

| Гісторыя

На доме № 92 па вуліцы Барыкіна ў Гомелі з’явілася маштабная выява партызанскага камандзіра-барадача ў вайсковай гімнасцёрцы. Работу над муралам выканалі мастакі студыі Fresh Design.

Barykin1

Ідэя пра ўвекавечанне аднаго з кіраўнікоў савецкай партызанкі на Гомельшчыне Емяльяна Барыкіна ў 75-ую гадавіну з моманту заканчэння ІІ Сусветнай вайны належыць журналісту Аляксандру Дабрыяну. Сярод гомельцаў, якія жылі ў паваенны час, Емяльян Барыкін карыстаўся вялікім аўтарытэтам, а ягоныя партызаны нават называлі свайго камандзіра Баця.   


На думку гомельскага гісторыка, кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена Малікава, стварэнне ў Гомелі мурала з выявай Е. Барыкіна — цудоўная задума:

— У нашым горадзе ўжо ёсць адзін мурал, прысвечаны выбітнаму земляку — Станіславу Шабунеўскаму. Вось з’явіўся і наступны. Гэта добрая традыцыя. Радуе тое, што замест абстрактных (хоць, безумоўна, годных) герояў накшталт касманаўтаў ці пісьменнікаў з чужых краінаў і г. д., мы актывізуем памяць пра нашых землякоў, пра людзей, якія зрабілі важны ўнёсак у развіццё нашага горада і нашай краіны.

Безумоўна, Е. Барыкін варты ўвасаблення ў нашым горадзе. Для мяне вельмі паказальным тут з’яўляюцца не столькі факты з яго афіцыйнай біяграфіі, колькі ўспаміны гомельцаў, што перасякаліся з Е. І. Барыкіным у першыя пасляваенныя гады, калі ён быў адным з кіраўнікоў горада. Не выпадкова, як узгадваюць старажылы, у час пахавання ў 1951 г., праводзіць яго ў апошні шлях выйшаў увесь горад. Размяшчэнне мурала на гэтай вуліцы таксама не выпадковае — вуліца імя Барыкіна таму і носіць яго імя, што на гэтай вуліцы ён жыў пасля вайны. Тут і да сёння захаваўся яго драўляны пасляваенны дом з прыгожай гомельскай разьбой. На жаль, няма гарантыі, што пры чарговым пашырэнні вуліцы гэты дом не будзе цалкам знішчаны. Такія нашы гомельскія рэаліі.

Barykin3

Яўген Малікаў таксама на просьбу “Флагштока” падзяліўся сваім меркаваннем адносна таго, якіх постацяў з гомельскай гісторыі таксама варта было б ушанаваць:

— Сярод асобаў, імёны якіх варты таксама ўшанавання ў візуальнай прасторы нашага горада безумоўна трэба ўзгадаць Еўдакіма Раманава — гісторыка, этнографа, аднога са стаўпоў беларускай навукі пачатку ХХ ст., Палуту Бадунову — адну з стваральніц беларускай нацыянальнай дзяржавы ў пачатку ХХ ст. (абодва нарадзіліся ў Навабеліцы), Льва Вінаградава — першага гомельскага гісторыка, кніга якога 1900 г. выдання не згубіла сваёй актуальнасці і па сёння, князя Альгерда, які адваяваў Гомель і суседнія тэрыторыі ў мангола-татараў у сярэдзіне XIV ст., князя Юрыя Радзівіла, які ў 1535 г. вярнуў Гомель у склад ВКЛ (пасля здрады князёў Мажайскіх, якія парушылі клятву князю ВКЛ), палкоўніка Рэчы Паспалітай Дзяніса Мурашку, які ў другой палове ХVII ст., пасля казацкіх разарэнняў Гомеля, змог утрымаць і вярнуць горад у склад Рэчы Паспалітай, і шмат іншых асобаў.

Цікава, што цяперашняя вуліца Барыкіна атрымала сваю назву толькі ў 1957 годзе, праз 6 гадоў пасля смерці папулярнага ў народзе партызанскага камандзіра. У часы кіравання генеральнага сакратара КПСС Мікіты Хрушчова, у мэтах развянчання культу асобы Сталіна, быў прыняты спецыяльны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, які забараняў даваць назвы вуліцам і населеным пунктам у гонар жывых людзей. 

Да ІІ Сусветнай вайны гэтая вуліца насіла імя камандарма часоў Грамадзянскай вайны, кавалерыста Сямёна Будзённага.

Вуліца Барыкіна вядомая таксама ў Гомелі яшчэ тым, што з’яўляецца самай працяглай у горадзе — яе даўжыня складае каля 8 км ад вуліцы Украінскай да Аб’язной дарогі.

Флагшток 

Гумарыстычныя ўлёткі, хіп-хоп фестываль і абсурдныя перформансы. Чым запомніліся Гомельскія моладзевыя рухі 90-х – пачатку 2000-х

| Гісторыя | 0

Чым займаліся Гомельскія моладзевыя рухі 1990-х, распавялі ютуб-каналу 1142X іх стваральнікі і кіраўнікі «Гарт» і «Лімон» Аляксандр Карніенка і Сяргей Адзінец.