У пабліку «Пошукі старога Гомеля» апублікаваныя фотаздымкі нечаканых знаходак, якія былі знойдзеныя ў драўлянай сядзібе Гомеля. Краязнаўцы распавялі пра былых гаспадароў дома і знойдзеныя ў будынку рэчы.
Знайшоў гістарычныя артэфакты малады гісторык з Мінска, імя якога не раскрываецца. Ён прыехаў да сваякоў сваёй дзяўчыны і здзівіўся пабачанаму. У цэнтры Гомеля ў драўлянай сядзібе выдатнай захаванасці было мноства прадметаў, датаваных канцом 19 — першай паловай 20 стагоддзя.
Раней будынак належыў ганароваму грамадзяніну Гомеля двараніну Рыгору Фёдаравічу Малішэўскаму і ягонай жонцы Кацярыне Спірыдонаўне. Дом быў пабудаваны на пачатку 20 стагоддзя.
Сярод знойдзеных рэчаў: посуд, сталовыя прыналежнасці, дакументы на дом за подпісам тагачаснага галоўнага архітэктара Станіслава Шабунеўскага, паштоўкі, фотаздымкі, мэбля і нават рачны якар.
Знойдзеныя рэчы паказваюць, што старыя драўляныя дамы Гомеля — гэта не толькі помнікі драўлянай архітэктуры, але своеасаблівыя музеі, па якіх можна вывучаць мінуўшчыну горада. За апошнія дзесяцігоддзі гарадскія ўлады гэтага так і не зразумелі. Чыноўнікі працягваюць зносіць драўляную спадчыну горада без унікнення ў праблематыку магчымых варыянтаў захавання гістарычных аб'ектаў.
Флагшток