У мінулым матэрыяле мы апублікавалі першую частку ўспамінаў Ірэны Галынскай (з Лісоўскіх) пра тое, як гомельцы напрыканцы 1918 года ратаваліся ад бальшавікоў. Зараз жа размяшчаем другую частку ўспамінаў. Пераклад з польскай мовы зрабілі краязнаўцы з супольнасці «Пошукі старога Гомеля».
Ірэна Галынская (з Лісоўскіх) з мужам Юзафам Галынскім
Натопленасць, дым махоркі, цесна, пах капусты адразу нас размарылі. Мы леглі на лавы, недзе ў куце і адразу заснулі.
У 5 раніцы пабудка «па конях» – без мыцця, без ежы, сядланне коней. Мы падрыхтавалі нашыя сані…, зарадзілі кулямёты, самі селі і зноў паехалі ў завіруху, холад і невядомае. Дагналі нас сані, запрэжаныя парай белых коней, якія везлі двух архірэяў, іншыя з Алькем Солтанам і маім бацькам і трэція, на жаль, з Валей…, побач з якімі ехаў Каролек на сваёй прыгожай Марцінцы. Тэлеграфныя слупы гралі нам сумную і тужлівую мелодыю аб развітанні з домам, сям'ёй, утульнасцю і ранейшым жыццём. Настрой быў сумны, кожны ўсё разумеў і развітваўся з залатой маладосцю і ўсім, што ў ёй было светлага і добрага.
Праехалі Клімавічы, Церашковічы, Пясочную Рудню. Ехалі ажно да новай карчмы, дзе спыніліся на начлег. Хатка была вельмі цесная, маленькая, мы не маглі змясціцца, так што мы, мой брат Янэк, Стась Гардзялкоўскі, адправіліся на 2 км далей да хутара багатага селяніна. Ён прыняў нас вельмі гасцінна, падаў вячэру — капусняк на ялавічыне, яечню, манную кашу на малацэ, нават паставіў гарэлку. Паклаў нас спаць на пярынах мякка і зручна. Вялікая гліняная печ была разагрэтая да найвышэйшага ўзроўню. Мы адразу заснулі. Дом быў аддалены ад астатніх, акружаны частаколам з моцнай брамкай, было спушчана 4 сабакі. Вакол ціха.
Раптам каля поўначы тупат коней, стук у брамку: «Адчыняй». Гаспадар бледны са страху выйшаў да дарогі: «Ды іх тут цэлая раць». Янэк страпянуўся: «Хлопцы, бярыце вінтоўкі, да вокнаў, пярыны ў вокны, як скажу, страляць». Мы пагасілі святло, пахапалі ў рукі вінтоўкі. Але тут голас Жэнькі Нолькена: «Янэк, гэта мы, не страляй». Мы выдыхнулі з палёгкай, гаспадар адчыніў брамку, запалілі святло. Жанчыны пачалі зноў гатаваць ежу, запальваць у печы. Жэнька, Каролек … пачалі ўсё есці за сталом...
Нашы сэрцы біліся яшчэ доўга. Перад світаннем пакінулі мы гасцінны хутар паважанага Раменькі. Калі мы ўжо потым вярталіся з Чарнігава, праязджалі мы міма попелу і руін спаленага хутара. Уся сямʼя Раменькі з-за нас была заколатая штыкамі атрадам, які сачыў за намі. Бедны Раменька, памятаю стаіць перад маімі вачыма, высокі моцны брунет з невялікай барадой. Спалены разам з жонкай і дзецьмі за прадстаўлены нам начлег.
Пасля кулямётнага абстрэлу ў наступнай вёсцы, дзе расставілі нават нашага Максіма, даехалі мы да вёскі Клімавічы пад м. Рэпкі. Мы спыніліся ў доме заможнага гаспадара, у якога дачка Аксінія была манашкай у манастыры ў Чарнігаве. Жанчыны прыгатавалі нам бульбу і далі бохан хлеба. Рэштка аддзела размясцілася ў вёсцы. І тут надышлі вельмі недарэчныя хвіліны. Каролек знайшоў бочку самагонкі і прынёс нам вядро. Нашы стомленыя, знерваваныя і галодныя хлопцы адразу апʼянелі. Янэк пачаў хадзіць па адной дошцы ў адзін і другі бок (наперад-назад), хадзіў па ёй, падаў і зноў упарта пачынаў спачатку: «Я павінен навучыцца хадзіць па адной дошцы». Юзё і Каролек, гледзячы на яго, істэрычна смяяліся. Стась Гардзялкоўскі вельмі спакойна зняў штаны і з абыякавым тварам сказаў, што яму так зручней. Усе як здурнелі. Я здзіўлена глядзела на гэта, думаючы аб тым, што было б, калі зараз прыйшлі бальшавікі. Гэтак жа быў падаўлены і наш камандзір Рабцэвіч. Уразіла мяне і манашка, гледзячы на мяне абурана: «І гэта вучоныя паны? Ды гэта простыя пʼяныя мужыкі. Смяротны грэх». Нарэшце ўсе ўлягліся і заснулі. Ноч прайшла ўдала.
Назаўтра мы дасягнулі Рэпак, а там нас ужо чакалі навіны з Чарнігава аб тым, што Гомель захоплены немцамі, што ўкраінскія камандзіры заключылі з імі дамову, што мы можам вяртацца ці здацца новаму камандаванню ці маршаваць у Польшчу. Праз некалькі гадзін маршу мы былі пад Чарнігавам. За пару кіламетраў да горада нас сустрэў атрад гайдамакаў. У іх былі высокія шапкі з бараноў з чырвоным верхам. Кіраваў імі падхарунжы Ганчар, які расказаў, што ён з'яўляецца прызначаным камандзірам падраздзялення галоўнакамандуючага Пятлюры. Што гетманаўская ўлада пала, усе гетманаўскія вайсковыя атрады хлебаробаў, афіцэрскія сотні, рэшткі першага корпуса Доўбара з сённяшняга дня пераходзяць пад камандаванне падапечнага Пятлюры, былога вясковага настаўніка, а мы павінны вярнуцца і ўтрымаць Гомель, а ўсе былыя камандзіры павінны здаць зброю яму — Ганчару. З палякаў на службе ў гетмана былі: Ян Лісоўскі, Юзё Галынскі, Алек Солтан, Каролек Фашч, Стась Гардзялкоўскі, Анджэй Ястжэмбскі, тры браты Скушчы, Віцек Абласскі, Уладэк Абласскі, Янэк Канечны, Стасек Глух, Франак Ябланька, Мікалай Бядзюк, Вырыкоўскі, Вінцэнт Чапас. Янэк, мой брат, раззлаваўся, але Ганчар кінуў: «А ты залез на гуся і хочаш камандаваць, злазь зараз і аддавай каня, а то загадаю арыштаваць». Гайдамакі з дапамогай салдат і маўзера сцягнулі Янэка з каня, а на яго прыгожую вялізную кабылу ўлез і ўжо не злазіў з яе Ганчар. Наш атрад падзяліўся. Алек, мой бацька, архірэй, дамы Каролека і астатнія паехалі да Кіева, а астатнія разам з намі пакорліва адправіліся назад.
Чарнігаў у пачатку ХХ стагоддзя
У атрадзе ўпала дысцыпліна, пачаліся песні, п'янства, лоўля дзяўчат, піскі і крыкі, вось так мы вярталіся ў Гомель. Каля Клімавіч мы сустрэлі пахавальную працэсію з 5 чырвоных трунаў расстраляных некалькі дзён таму з-за нашага атрада. Ішлі з песняй «Вы жертвой пали в борьбе роковой». Мы ішлі ўражаныя і тут здарылася бяда. Стась Гардзялкоўскі наехаў на дарожны камень і нашы сані перавярнуліся, мяне выкінула на кулямёт, удараючы па ім, я пачала стагнаць і плакаць, што зламала нагу і не магу паварушыцца, пасля гэтага ўсе абыходзілі мяне бокам. Нарэшце рушылі, пагрузілі «Максіма» на сані і паехалі наўпрост да Сожа, выкарыстоўваючы тое, што побач нікога няма, выкінулі ў палонку наш кулямёт і 18 карабінаў, а потым мы хутка вярнуліся дадому.
Была трэцяя гадзіна ночы — Вігілія Божага Нараджэння 1918 года. Увесь наш польскі склад затрымаўся ў нас. Сотня рускіх афіцэраў з Чарнігава адправіліся на поўдзень да Добраахвотнай арміі генерала Дзянікіна, дзе ўсе загінулі. У нас былі зняволеныя палякі, ... (?), нас усіх разам недзе 50–60 салдат. Дома мы знайшлі разруху: ляжалі зарэзаныя свінні і куры, усюды было шмат мяса. Мы былі галодныя і стаміліся. Увечары мы адправіліся да Віліі [Вігіліі], апошняй на родных краях. Большасць родных ужо выехала з нямецкімі эшалонамі на захад. Мы ехалі пад эгідай немцаў 2 тыдні. 7.01.1919 нас прымацавалі да нямецкага эшалона. Без рэчаў, коней, якія засталіся на станцыі, мы паехалі ў бок Польшчы.
Мы развітваліся з Гомелем і любімай роднай Беларуссю назаўжды. Нам зноў званілі званы, але зараз толькі ў касцёле.